Львяня Лявон пагуляе з дзецьмі і запросіць на падворкі на Дзень беларускага пісьменства
Унікальны сімвал сёлетняга нацыянальнага свята «Дзень беларускага пісьменства» ажыве для гасцей і стане адным з галоўных герояў святочных здымкаў.
Талісман свята будзе ў літаральным сэнсе слова падарожнічаць па святочных пляцоўках. Калі быць дакладней, гуляць па горадзе 1 верасня будуць тры роставыя лялькі героя-сімвала Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Яны будуць гуляцца з дзецьмі, запрашаць гасцей на падворкі і, безумоўна, дададуць яркіх фарбаў Дню пісьменства.
Аднак акрамя сваёй забаўляльнай функцыі, Лявон стане свайго роду праекцыяй мінулага. Кожны раз пазіруючы для новага фота, ён будзе нагадваць гасцям пра сваю сувязь з гербам горада над Шчарай. З выявай льва, які трымае стралу, апошні быў зацверджаны яшчэ ў 1591 годзе. А, з'яўляючыся фрагментам герба “Ліс” роду Сапегаў, паказвае менавіта на тое, што горад належаў Льву Сапеге.
Леў – сімвал будучага свята – трымае не стралу, а пяро і тым самым нібы ўвасабляе ўсю сутнасць маштабнай падзеі, якая сёлета атрымала прапіску ў Слоніме. Яго выявамі, дарэчы, 1 верасня будзе мільгаць і шматлікая прадукцыя – сувенірная і не толькі.
https://grodnonews.by/