Ад бірулек да мэблі. Якія сакрэты лозапляцення захоўвае майстар с Ліды

Культура и духовность 04 августа 24 520

Ад разнастайнасці і прыгажосці вырабаў майстара захапляе дух.

вывфывфывфв.png

Звычайна, калі чула пра людзей, якія займаюцца пляценнем з лазы, уяўляла суханькага дзядка і як ён сваімі напрацаванымі рукамі спрытна пляце кошыкі пад бульбу. Сёння давялося зламаць гэты стэрэатып, пазнаёміўшыся з Наталляй Прыходзька.

Ад разнастайнасці і прыгажосці вырабаў у яе майстэрні пераймала дух. Няўжо з парасткаў звычайнай лазы можна рабіць не толькі кошыкі і мэблю, але і падсвечнікі, карункавыя вазачкі пад цукеркі, скарбонкі, падносы і нават… бірулькі?! Гэта ж амаль ювелірная праца!

– Напэўна моцныя рукі павінны быць, каб працаваць з лазой?

– Сіла, канешне, патрэбна. Але і жаночыя рукі справяцца з гэтым. Справа ў тым, што лаза папярэдне апрацоўваецца: аскурваецца і выварваецца. А ў некаторых выпадках наогул выкарыстоўваецца стужка: нажом ці калунком пруток расшчапляецца на дзве або тры-чатыры шынкі. Тыя, у сваю чаргу, прапускаюцца праз спецыяльны станок, які робіць стужкі патрэбнай таўшчыні.

IMG-8053a3abd3b22f73ce57e74066415691-V.jpg

– Чаму менавіта лаза вас захапіла?

– Шчыра кажучы, я шмат гадоў займалася пляценнем з саломкі. А некалькі гадоў таму, каб не засіжвацца ў хаце на пенсіі, па аб’яве прыйшла ў адну прыватную фірму. Там набіралі людзей для вытворчасці элементаў дэкора інтэр’ераў.

– Вось і спатрэбілася ўменне працаваць з саломкай?

– Базавыя навыкі па лазе атрымала менавіта на вытворчасці. Канешне, трохі дапамагалі навыкі пляцення з саломкі. Потым лаза мяне па-сапраўднаму “прывязала” да сябе, захацелася развівацца ў гэтым кірунку. Стала шукаць, хто б дапамог. Так пазнаёмілася з Ланай Сласцёнай, кіраўніком народнага любіцельскага калектыву “Вербачка” пры Маладзечанскім доме культуры. Каб вы толькі ведалі, якія вытанчаныя, мініяцюрныя рэчы яны робяць! “Вербачка” знаёма аматарам ручных вырабаў не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. 

Я і яшчэ адна майстрыха, Любоў Ігнаткевіч, ездзім да Ланы Аляксандраўны на майстар-класы. Яна бясплатна праводзіць іх для нас і шчыра дзеліцца сакрэтамі майстэрства. Вось, разгледзьце бірульку, якую яна таксама навучыла нас рабіць, – Наталля працягнула мне звязку ключоў, разам з якімі на колцы вісеў кошычак, але памерам… з грэцкі арэх!

IMG_20240629_104847.jpg

– Неверагодна! І што, гэта са звычайнай лазы, што расце пры чыгунках, дарогах, вадаёмах?

– З яе! А яшчэ мы на сваіх дачах вырошчваем спецыяльную сартавую лазу, якая найбольш прыдатная для пляцення.

– Расце ў вас разам з бульбай? Ці замест яе?

– Садзім па перыметру, уздоўж плоту. Таму агароду лаза не замінае.

– Значыць, вось гэтыя рознакаляровыя снапкі з прутоў не крашаныя, а рознага сорту?

– Канешне! Але бываюць выпадкі, калі патрэбна, каб выраб быў непрыроднага колеру. Тады ў ход ідуць анілінавыя або натуральныя фарбы. Да прыкладу, лузга цыбулі ці дубовая кара. Насычаны карычневы колер дае пры дабаўленні ў ваду, у якой выварваецца лаза, харчовая сода. А бывае, што трэба выбеліць. Тады ўжываюцца лімонная кіслата або звычайныя адбельвацелі для бялізны.

– Што тычыцца нарыхтоўкі лазы, пэўна і тут ёсць свае сакрэты. 

– Так. Робім гэта пасля таго, як ападзе з яе лісце, звычайна ў канцы верасня. Можна і ўсю зіму, аж пакуль не пачнецца рух соку вясной і не з’явяцца першыя пупышкі. Хаця бывае, што збіраюць і пазней, бо на месцы раскрыўшыхся лісцікаў на прутку ўтвараюцца чорныя кропкі, што надае дэкаратыўнасць лазе.

IMG_20230807_103858.jpg

– А ці выкарыстоўваеце пруты з плакучай вярбы? Яны такія доўгія і гнуткія…

– Амаль не. Нягледзячы на іх прыгажосць на дрэве, пасля зрэзкі і апрацоўкі яны робяцца нетрывалыя, вырабы маюць непрыглядны выгляд. Адзінае, на што іх можна ўжываць – вянкі, якія потым дэкаруюцца.

– Слухайце, а вось тыя прылады, якімі вы працуеце, яны сучасныя?

– У мяне штучныя рамесныя вырабы. Гэта навадзелы, але ў поўнай адпаведнасці з тымі, якімі карысталіся ў даўніну. Вось, глядзіце. Гэта – шчамілка. З яе дапамогай аскурваецца лаза. А гэта – калунок. Дзякуючы яму пруток расшчапляецца на шынкі. 

– Як ставяцца блізкія да вашага захаплення?

– З павагай. Але пераймаць майстэрства не спяшаюцца. Праўда, калі трэба, дапамагаюць пры аскурванні ці выварванні.

Вучняў таксама пакуль няма. Але калі хто захоча навучыцца, з задавальненнем падзялюся ўсім, што ўмею. Пры гэтым, паўтаруся, я сама працягваю спасцігаць тонкасці гэтага майстэрства. Напэўна, перастаць вучыцца немагчыма. Як кажуць, няма мяжы дасканаласці.

43424.jpg

– Вы са сваёй сяброўкай па лазе прымаеце ўдзел ў выставах, ярмарках?

– Канешне! Пастаянна прадстаўляем свае вырабы на выставах “Жанчына-чараўніца”, якія наш Лідскі аддзел рамёстваў прымяркоўвае да Дня жанчын. Двойчы прымалі ўдзел у “Чароўным млыне” у Мінску. Выстаўляліся ў горадзе майстроў на фестывалі LIDBEER.

За цікавай гутаркай хутка ляцеў час. Патрэбна было ўжо пакідаць гасцінную гаспадыню, але вочы прагна ўглядаліся ў мініяцюрныя элементы, месцы злучэння і пераходу ад аднаго спосабу пляцення да другога… Раптам, у кутку, убачыла тое, што даўно хацела набыць свайму гадаванцу – хатку для коціка. Канешне, я яе набыла! І, трэба сказаць, яна была ім высока ацэнена і неўзабаве абжыта. 
Алена Каралевіч

Фото:аўтара

https://grodnonews.by/

Добавление комментария
CAPTCHA
*