Свята грамадзянскай паэзіі ў Радуні
Трэці год запар члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Гродзеншчыны наведваюць розныя куткі вобласці з культурна-асветніцкай акцыяй — турам грамадзянскай паэзіі “Пад мірным небам Беларусі”. І знаёмяць аматараў мастацкага слова са сваёй творчасцю. 17 мая сонечнай усмешкай шаноўных гасцей — старшыню Гродзенскага аддзялення пісьменніцкай арганізацыі Людмілу Кебіч, яе намесніка Дзмітрыя Радзівончыка, дзіцячую пісьменніцу Ганну Скаржынскую-Савіцкую, паэтаў Браніслава Ермашкевіча, Анатоля Апанасевіча і нашага таленавітага зямляка Уладзіміра Руля — сустракала Радунь.
Імпрэза адбылася ва ўтульнай і прасторнай Радунскай гарпасялковай бібліятэцы. Прыгожы і сучасны воблік скарбніца ведаў набыла ў сакавіку мінулага года, калі змяніла сваю прапіску. Ужо з раніцы тут не было дзе яблыку ўпасці. Далучыцца да паэтычнага слова прыйшлі людзі розных пакаленняў. І дзеці, і дарослыя лавілі кожнае слова пісьменнікаў. Госці расказвалі пра сябе, свой шлях у свет мастацкага слова, чыталі вершы і апавяданні. Яны дзяліліся са слухачамі сваім бачаннем грамадзянскай лірыкі. Дарэчы будзе сказаць, што ва ўсіх яна мае сваю адметнасць. Ды ў цэнтры ўвагі застаюцца Радзіма, яе гісторыя, матчына мова, чалавек — наш зямляк, продак і нашчадак, яго паўсядзённыя клопаты і хваляванні, праблемы і лепшыя памкненні. Кожны паэтычны радок быў шчырым, сыходзіў ад глыбіні сэрца. Напэўна, таму слухачы прыкіпелі душою да вершаванага слова, што гучала на беларускай і рускай мовах. І з удзячнасцю за цудоўнае свята падаравалі гасцям кветкі. Паэты таксама падрыхтавалі падарункі. Браніслаў Ермашкевіч падараваў бібліятэцы дзве кнігі, Ганна Скаржынская-Савіцкая — апавяданне “Ветэран са спаленай вёскі”, а Уладзімір Руль уручыў некалькі кніг лепшым юным слухачам.
Пасля мерапрыемства прысутныя доўга не адпускалі паэтаў. Многія пажадалі на памяць аб сустрэчы прыдбаць кнігу з аўтарскімі аўтографамі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.