6 мая споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса
ПАЎЛЮК ТРУС (1904 — 1929) — беларускі паэт, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Радзімай паэта з’яўляецца вёска Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Паходзіў ён з малазямельнай сялянскай сям’і. Ужо ў вясковай школцы выявіўся талент Паўлюка як мастака. Ён таксама спяваў у хоры і складаў свае песні. Потым была Уздзенская сямігодка, дзе будучы паэт пазнаёміўся і пасябраваў з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам. Выпускалі з сябрамі сценгазету, абмяркоўвалі напісанае.
У 1923—1927 гг. вучыўся ў Мінскім белпедтэхнікуме. У гэты час там выкладалі Якуб Колас і Язэп Лёсік, хорам кіраваў Уладзімір Тэраўскі, а літгуртком — Міхась Зарэцкі. Вучыліся ў тэхнікуме, амаль адначасова з Трусам, Лукаш Калюга, Валеры Маракоў, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Наталля Вішнеўская, Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны, Сымон Хурсік. Але нават у такім сузор’і талентаў малады паэт не толькі не згубіўся, а стаў зоркай першай велічыні. Хлопец прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, спяваў у хоры, наладжваў пастаноўкі п’ес, выконваючы ў іх ролі і малюючы дэкарацыі. І настойліва, штодня працаваў над вершамі, якія ахвотна чытаў уголас. Актыўна друкаваўся ў часопісах «Малады араты» і «Маладняк», у газетах «Беларуская вёска» і «Чырвоная змена».
У 1925 г. П. Трус стаў членам «Маладняка». Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, слухаў лекцыі Адама Бабарэкі, прымаў удзел у дыскусіях. Пасля расколу «Маладняка» ў 1927 г. увайшоў у ініцыятыўную групу, прымаў удзел у скліканні з’езда арганізацыі. Часта наведваў фабрыкі і заводы, выступаў перад моладдзю.
Арганізатарскія здольнасці П. Труса шырока раскрыліся ў час яго працы ў газеце «Палеская праўда» ў Гомелі (1927—1928). У 1928 г. паэт паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ.
Пасля здачы экзаменацыйнай сесіі за першы курс летам 1929 г. паехаў у вандроўку па Магілёўшчыне, дзе захварэў на брушны тыф. Выратаваць юнака ўрачам не ўдалося. Паэта не стала 30 жніўня 1929 г. Паўлюку Трусу было наканавана кароткае жыццё, на літаратурную дзейнасць адпушчана толькі сем гадоў. Аднак ён паспеў пакінуць адметны след у беларускай літаратуры.
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу
ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.