«Жывая класіка»
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, дадзены старт рэспубліканскаму конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», удзел у якім возьмуць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсёй Беларусі.
Заснавальнікі конкурсу — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».
Дэвіз конкурсу — «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!». Асноўнымі мэтамі і задачамі з'яўляюцца: павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіццё і захаванне высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэнне чытацкага кругагляду, пошук і падтрымка таленавітай моладзі.
Конкурс праводзіцца на працягу года: першы этап — ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 1 па 31 сакавіка 2017г.; другі — раённы — з 1 па 30 красавіка 2017г.; трэці — абласны (Мінскі гарадскі) з 1 па 31 мая 2017г.
Па выніках абласнога (Мінскага гарадскога) этапу конкурсу лепшыя юныя чытальнікі краіны стануць удзельнікамі заключнага рэспубліканскага, які сёлета адбудзецца пад час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.