23 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння паэта, празаіка, публіцыста і крытыка Артура Вольскага

Культура и духовность 23 сентября 24 576
23 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння паэта, празаіка, публіцыста і крытыка Артура Вольскага

Артур Вольскі нарадзіўся ў мястэчку Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобласці) у сям’і пісьменніка Віталя Вольскага. Вучыўся ў 25‑й Мінскай узорнай чыгуначнай беларускай школе імя А. Чарвякова. Выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў гэтай школе працаваў І. Фёдараў (пісьменнік Янка Маўр). Дзякуючы яго намаганням вучні добра ведалі родную мову, ганарыліся сваёй культурнай спадчынай. Артур Вольскі з дзяцінства захапляўся літаратурай і маляваннем. Яго першыя літаратурныя творы – апавяданне «Воўчае гняздо» і верш «Калі б быў бы я паэтам» былі апублікаваны ў часопісе «Іскры Ільіча» ў канцы 1930-х гг.

У 1938–1941 гг. А. Вольскі вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы. У 1941 г. сям’я Вольскіх трапіла ў г. Уральск, дзе юнак стаў працаваць мастаком у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Коласа. У 1942 г. А. Вольскі стаў чырванафлотцам і на працягу 10 гадоў знаходзіўся на Далёкім Усходзе: быў мінёрам, боцманам, ваенным журналістам. За ўдзел у баях супраць Японіі быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Пасля дэмабілізацыі А. Вольскі вярнуўся ў Мінск і заняўся журналісцкай дзейнасцю. Працаваў у газеце «Чырвоная змена», часопісах «Бярозка» і «Вясёлка». У 1962 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1963–1966 і 1992–2000 гг. загадваў літаратурна‑педагагічнай часткай Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1966–1978 гг. быў яго дырэктарам. У 1978–1979 гг. кіраваў Домам літаратара, з 1980 г. з’яўляўся літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1955 г. быў яго членам). У 1981–1984 гг. працаваў старшым рэдактарам выдавецтва «Юнацтва», шмат часу аддаваў грамадскай дзейнасці.

У кнігах паэзіі А. Вольскага «Водбліскі далёкіх маякоў» (1958), «Далёкія і блізкія прычалы» (1962), «Дабрата» (1966), «Выратавальны круг» (1974), «Строма» (1982) значнае месца адведзена апісанню службы савецкіх маракоў.

01185.jpg    5015735127_3-1.jpg

Юным чытачам адрасаваны кнігі «Маленькім сябрам» (1955), «Дзедаў госць» (1958), «Чырвоная зорка» (1961), «Чарнічка» (1964), «Рагатка» (1971), «Што такое мікра тое» (1971), «Лясныя мастакі» (1973), «Жывыя літары» (1973), «А куды падаўся дождж» (1974), «Ізумрудавы горад, дзе ты?..» (1977), «Еду ў госці да слана» (1978), «Сонца блізка ўжо зусім» (1984), «Дабяруся да нябёс» (1984), «Ад А да Я – прафесія мая» (1987), «Хлеб – усяму галава» (1989), «Казкі з праўдай напалам» (1996), «Адэльчыны ручнікі» (2002). Кнігі А. Вольскага вучаць дзяцей працавітасці, паслухмянасці, узаемадапамозе, сяброўству, дабрыні, шчырасці, павазе да старэйшых і інш.

Плённа працаваў А. Вольскі і ў жанры драматургіі. У суаўтарстве з П. Макалём напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959) і «Марынка‑крапіўніца» (1962). Разам з Э. Доўнарам – кінасцэнарый «Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка» (тэлеверсія – «Пастух Янка», 1976). Артур Вольскі з’яўляецца аўтарам п'ес‑казак «Сцяпан – вялікі пан» (1979, пакладзена на музыку Ю. Семянякам і пастаўлена на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі як першая аперэта для дзяцей), «Тры Іваны – тры браты» (1985), «Граф Глінскі‑Папялінскі» (1986), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы» (1986), «Водар папараці» (1989). Па творах А. Вольскага быў зняты шэраг мультфільмаў, найбольш вядомыя з іх – «Про кота Васю и охотничью котовасию» і «Мая мама чараўніца».

Займаўся пісьменнік і перакладамі на беларускую мову твораў рускіх і замежных аўтараў. Сярод іх – «Прыгоды Бураціна» паводле А. Талстога, «Чайка» А. Чэхава, «Голы кароль» Я. Шварца, «Маленькі лорд Фаўнтлярой» паводле Ф. Бернет і інш.

Артур Вольскі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ст., «Знак Пашаны», медалямі, граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Янкі Маўра. Пaмёp пicьмeннiк y 2002 гoдзe ў Miнcкy.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела маркетынгу, сацыкультурнай дзейнасці і метадычнай дзейнасці ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*