Малой радзімай ганаруся

Наши конкурсы 17 августа 18 2694
16

Радзіма... Як шмат значыць гэтае слова, месца, якое кожны чалавек  памятае ўсё сваё жыццё! У мяне таксама яно ёсць, і вельмі мне дарагое. Гэта невялікая вёсачка ў Воранаўскім раёне, дзе я жыву, дзе праходзіць маё дзяцінства. Яна мае дзіўную назву — Лялянцы.

А пачыналася ўсё так: велізарнае поле, бярозавыя пералескі, мяккае восеньскае сонца, якое шчодра залівае сваімі промнямі ўсё навокал, спевы птушак — вось што ўбачылі і пачулі першыя жыхары нашай вёсачкі. Адным з іх быў і мой прадзед Казімір Венцкевіч. З яго слоў,  вёска была заснавана ў пачатку ХІХ стагоддзя і названа ў гонар прыгожай паненкі Лелі — жонкі багатага пана, які пражываў недалёка ад месца з’яўлення нашага населенага пункта. Жанчына была не толькі прыгожай, але вельмі добрай.  

Я, як і мой прадзед, люблю гэты ўтульны куток маёй Бацькаўшчыны. Тут я нарадзіўся, зрабіў свае першыя крокі, пайшоў у школу. Кожны лісточак, травінка, расліна знаёмыя мне. З самага дзяцінства я дыхаю родным паветрам. Столькі пахаў, што ўсе іх проста не запомніць. Запамінаюцца толькі тыя, якія бліжэй да цябе, народжаныя разам з табой. Я з заміраннем сэрца гляджу на прыроду, якая акружае нашу вёску: на велічны лес, раздольныя палі і лугі, на вадаём, які знаходзіцца паблізу ад майго дома... Асабліва на яблыневы сад, які пасадзіў мой прадзед. Кожны год я з нецярпеннем чакаю, калі ён зацвіце! Вы не ўяўляеце, якім тады становіцца паветра! Асабліва хочацца ўдыхаць і ўдыхаць яго пасля веснавога дажджу!

Вядома, прыгажосць майго роднага краю незабыўная. Але ўсё ж галоўным здабыткам маёй малой радзімы з’яўляюцца працавітыя людзі. Добрая, гасцінная, слаўная вёсачка выхавала і выгадавала не адно пакаленне. Гэта настаўнікі, лекары, сельскагаспадарчыя працаўнікі. Напрыклад, ураджэнец нашай вёскі Іван Антонавіч Вінцкевіч займае адну з кіруючых пасад у Воранаўскім раённым выканаўчым камітэце.

Мне здаецца, што наша вёсачка застанецца ў сэрцы кожнага, хто так ці інакш звязаны з гэтай зямлёй, нарадзіўся тут ці проста быў праездам. Ён не забудзе пра яе казачную зімовую прыгажосць або пра тое, як пачынаюць цвісці вішня, чаромха, яблыня і бэз. Цікавасць да роднай зямлі не знікне ніколі. Напэўна, нездарма некалькі год назад была адкрыта аграсядзіба “Ё-маё”, дзе людзі могуць адпачыць і добра правесці час.

І няхай у маёй вёсцы няма помнікаў архітэктуры, няма прыгожых цагляных будынкаў. Яна мне дарагая тым, што стала маёй малой радзімай. Я люблю яе за тое, што яна не падобна ні на адзін іншы населены пункт. Буду любіць і шанаваць яе заўсёды, бо яна мяне выгадавала і выхавала. Міжволі задумваюся аб тым, што, хоць я маленькая часцінка ў гэтым велізарным людскім моры, ад мяне таксама будзе залежаць будучыня маёй вёскі і краіны. Пакуль я вучуся ў школе, мая задача — вучыцца на выдатна, каб атрымаць добрыя веды і, выбраўшы любімую справу, прынесці карысць сваёй зямлі, свайму народу, зрабіць так, каб мая малая радзіма змагла мной ганарыцца.

Арсеній ПАЎЛОВІЧ,

в. Лялянцы.

Фота з архіва аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*