Раённы этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці работнікаў аграпрамысловага комплексу “Новыя імёны Беларусі-2017”адбыўся 3 лютага ў Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу

Наши конкурсы 08 февраля 17 2554
1C9A2547

Конкурс стартаваў два гады таму ў мэтах далучэння чалавека працы да культурнага, здаровага адпачынку, выхавання пачуцця патрыятызму і папулярызацыі аматарскай мастацкай творчасці, актывізацыі культурна-масавай  работы ў працоўных калектывах і павышэння матывацыі членства ў прафсаюзах. За гэты час конкурс яскрава даказаў, што людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё сельскай гаспадарцы, не толькі  ўмеюць добрасумленна працаваць, але і на высокім мастацкім узроўні выступаць на сцэне. 

І хай сабе ў творчым спаборніцтве сёлета прынялі ўдзел толькі 8 выканаўцаў, але кожны з іх заслугоўвае самых шчырых слоў падзякі і пахвалы. Мілагучна і пранікнёна, напрыклад, прагучалі беларускамоўныя песні ў выкананні навучэнкі і майстра вытворчага навучання Алы Кудраўцавай і Алесі Ромаш з Воранаўскага каледжа сельскагападарчай вытворчасці. Зачароўваў слых прыемны тэмбр голасу Рэгіны Балдоўскай —  загадчыцы зерняскладам КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”, спадабалася гледачам і выступленне  слесара малочнага абсталявання КСУП э/б “Пагародна” Антона Бацэвіча. Артыстычныя здольнасці ў мастацкім чытанні ярка прадэманстравала рабочая зернясклада КСУП “Місявічы” Анастасія Гарбачова.

А калі загучалі першыя акорды песні “Пой, моя гитара” і на сцэну выйшла аператар машыннага даення КСУП “Доцішкі” Людміла Вароніна, то гледачы адразу пачалі дружна апладыраваць, і такі прыўзняты настрой панаваў ў глядзельнай зале на працягу ўсяго выступлення.

— Песня — гэта маё жыццё, — расказала пасля канцэрта  Людміла. — Спяваю са школьных гадоў. У свой час паступала ў музычнае вучылішча, не паступіла. Потым запрашалі вучыцца нават без экзаменаў — не пайшла і цяпер вельмі шкадую. Працую даяркай ужо амаль 21 год, справа нялёгкая, але заўсёды знаходжу час на рэпетыцыі, прымаю ўдзел у розных канцэртах.

Такая ж улюбёнасць ў песенную творчасць ўласціва і Марыі Урыновіч, работніцы малочна-таварнага комплексу “Жырмуны”. Абаяльная, надзеленая ад прыроды выдатнымі сцэнічнымі дадзенымі, яна сваім талентам заслужыла сімпатыі не толькі гледачоў, але і членаў журы. Да таго ж, Марыя цудоўная  маці трох сыноў. Старшаму Ігару 23 гады, сярэдняму Ільі, ён таксама таленавіты спявак, — 21, а малодшаму Андрэю — 11. Раздзяляе творчае захапленне Марыі, часта ездзіць з ёй на канцэрты, дапамагае выбіраць сцэнічныя строі  і муж Андрэй, якія працуе трактарыстам.

Паланіў сэрцы, асабліва жаночай палавіны залы, сваім выступленнем яшчэ адзін канкурсант — інжынер-электрык з СВК “Тракельскі” Алег Кароль. Нягледзячы на адсутнасць музычнай адукацыі, як сказаў у размове сам выканаўца, песня “Белыя туманы” прагучала годна, на добрым прафесійным узроўні. І гэта не дзіўна. Алег пачаў спяваць з дзяцінства, што і паспрыяла тонкаму адчуванню ім музыкі і тэксту песні, а шматлікія канцэртныя выступленні ўдасканалілі вакал, прывілі сцэнічную культуру.

— Сёння мы адкрылі сапраўды новыя творчыя імёны. Кожны з канкурсантаў дастойны ўзнагарод, — мовіў пры падвядзенні вынікаў член журы, настаўнік па класу баяна Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Мацюк. — Усе вы будзеце запатрабаваны і ўпрыгожыце канцэрты любога ўзроўню . Вы — малайцы!

Шмат цёплых слоў падзякі за актыўны ўдзел у культурным і прафсаюзным жыцці сваіх працоўных калектываў выказаў удзельнікам творчай імпрэзы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Адамоніс (старшыня журы). Уручаныя ўсім выступоўцам грашовыя прэміі, дыпломы за ўдзел у конкурсе шасці выканаўцам, Марыі Урыновіч і Алегу Каралю — дыпломы I ступені  — гэта яркі доказ прызнання таленту і прафесіяналізму артыстаў-аматараў. Дарэчы, Марыя і Алег ўдастоены гонару прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2017”. Жадаем ім творчага настрою і перамог!

Вікенцій ЯКОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

1C9A2472 1C9A2476 1C9A2480 1C9A2483 1C9A2489 1C9A2492 1C9A2494 1C9A2499 1C9A2505 1C9A2518 1C9A2521 1C9A2539 1C9A2547
Комментарии
Елена
слесара малочнага абсталявання КСУП э/б “Пагародна” Антона Бацэвіча
Добавление комментария
CAPTCHA
*