Прадпрымальнасць — шлях да поспеху

Подводя итоги 15 марта 11 2921
Менавіта прадпрымальнасць павінна стаць сёлета галоўным накірункам дзейнасці кожнага працаўніка, кожнага калектыву. У поўнай меры гэта тычыцца і сферы культуры, работнікі якой нядаўна падвялі вынікі сваёй мінулагодняй працы і акрэслілі задачы на сённяшні дзень.
Як адзначыў начальнік аддзела культуры раённага выканаўчага камітэта Сяргей Камянок, у 2010 годзе культурнае абслугоўванне насельніцтва Воранаўшчыны праводзілі 56 устаноў культуры, у тым ліку 24  клубы, 26 бібліятэк, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 4 музычныя школы з 5 філіяламі. Работа бібліятэк (а яны абслугоўваюць 23,5 тысячы чытачоў, кнігавыдача склала 405,9 тысячы экзэмпляраў), была накіравана на задавальненне і развіццё інфармацыйных, культурных, адукацыйных інтарэсаў людзей. Адпавядае запатрабаванням сённяшніх чытачоў і сучаснае аснашчэнне бібліятэк камп’ютарамі, у 15 з іх ёсць выхад у Інтэрнэт і электронная пошта. Але нягледзячы на ўсё больш шырокае выкарыстанне перадавых інфармацыйных тэхналогій, кніга па-ранейшаму карыстаецца попытам у людзей, і кніжны фонд пастаянна абнаўляецца. Запатрабаваны таксама і перыядычныя выданні — у бібліятэках раёна аформлена падпіска на 137 часопісаў і 45 газет. Шмат увагі надаецца і арганізацыі вольнага часу насельніцтва, пры бібліятэках працуе 26 аматарскіх аб’яднанняў для дзяцей, сямейнага, грамадска-прававога і эстэтычнага выхавання, краязнаўства, па рабоце з ветэранамі вайны і працы, інвалідамі. На працягу мінулага года не заставаліся  па-за ўвагай бібліятэк памятныя і юбілейныя святы дзяржаўнага значэння.
Сёння, як і раней, цэнтрам усіх грамадска-палітычных, культурна-масавых мерапрыемстваў, народных гулянняў і абрадаў, рэалізацыі творчых здольнасцей асобы, маладзёжных дыскатэк з’яўляюцца клубныя ўстановы. Іх дзейнасць за мінулы год характарызуецца тысячамі і сотнямі розных тэатралізаваных прадстаўленняў, выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, святаў, конкурсаў, фестываляў і канцэртаў, у тым ліку і канцэртаў з удзелам лепшых выканаўцаў беларускай эстрады. Але перш за ўсё клубныя работнікі надаюць вялікую ўвагу развіццю аматарскіх аб’яднанняў (177) і калектываў мастацкай самадзейнасці (154), у якіх  дарослыя і дзеці могуць удасканаліць свае вакальныя, танцавальныя, акцёрскія здольнасці. Высокае выканаўчае майстэрства  аматарскіх калектываў “Лявоны”, “Каляровыя сны”, “Зараніца” парадавала ў мінулым годзе не толькі жыхароў Воранаўшчыны, але і гасцей рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне, свята “Дажынкі-2010” у Лідзе, фестываляў “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” і “Артыстычныя сустрэчы Гродна-Беласток”. Дыпломамі, граматамі ацэнены на самых розных абласных, рэспубліканскіх фестывалях ды конкурсах і талент нашых індывідуальных выканаўцаў — салістаў, інструменталістаў, аматараў мастацкага чытання.  
Заслугоўвае самай вялікай павагі і дзейнасць музычных школ Воранаўшчыны, выхаванцы якіх таксама з гонарам прадстаўляюць музычную культуру нашага раёна на самых прыстэжных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Немагчыма ўявіць без настаўнікаў і вучняў  музычных устаноў увогуле ўсю багатую палітру культурнага жыцця нашага краю. Дзякуючы ім,  мы маем магчымасць слухаць гучанне розных музычных інструментаў, захапляцца прыгажосцю танцавальнага і выяўленчага мастацтва. А самае галоўнае — нашы дзеці пад уплывам прыгожага самі становяцца прыгажэйшымі і духоўна багацейшымі.
Але не толькі аб поспехах ішла размова на выніковай нарадзе работнікаў культуры. Шмат увагі было нададзена і недахопам. Вядома ж, будаўніцтва новых і капітальны рамонт існуючых устаноў культуры, набыццё музычных інструментаў, размяшчэнне раённага Дома рамёстваў і адкрыццё раённага музея, рамонтныя работы на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны ў вялікай ступені залежаць ад вышэй існуючых дзяржаўных арганізацый. Тут патрэбны значныя грашовыя ўкладанні. Але  якіх вялікіх матэрыяльных затрат  патрабуе праца па падрыхтоўцы мастацкіх калектываў да прысваення звання “ўзорны” і “народны”? Што мяшае належным чынам добраўпарадкаваць тэрыторыі ўстаноў культуры?  Чаму па-за ўвагай работнікаў культуры застаюцца  жыхары многіх вёсак і вёсачак?  Верыцца, што гэтыя і іншыя праблемы будуць  станоўча вырашаны, бо, як адзначылі падчас нарады намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мечыслаў Уляшка і начальнік эканамічнага аддзела ўпраўлення культуры абласнога выканачаўга камітэта Галіна Багдзевіч, у воранаўскіх работнікаў культуры ёсць арганізатарскія здольнасці, талент,  жаданне. І творчай прадпрымальнасці — а гэта патрабаванне часу і шлях да поспеху — ім таксама не пазычаць!
Вікенцій ЯКОВІЧ.
На здымку: бібліятэкары, клубныя работнікі і настаўнікі музычных школ, удастоеныя ўзнагарод райвыканкама, абласнога ўпраўлення
і раённага аддзела культуры.
Добавление комментария
CAPTCHA
*