Парад небывалай моцы. На абласным фестывалі працаўнікоў вёскі ў Карэлічах прадстаўлены лепшыя ўзоры сельгастэхнікі флагманаў АПК

Магутныя трактары, зерне- і кормаўборачныя комплексы, сучасныя распыляльнікі, пагрузчыкі, навейшыя агрэгаты… Шырокая лінейка эфектыўнай тэхнікі прыцягвала ўвагу сваёй моцай і шматфункцыянальнасцю.
Прыемна, што у радзе такіх брэндаў, як БелАЗ, МАЗ, МТЗ, “Гомсельмаш”, “Амкадор”, “Лідапраммаш” і др., аказаўся наш “Баярын” ААТ “Воранаўская сельгастэхніка”. Прычэп ППС-15, які вяскоўцы выкарыстоўваюць для транспарціроўкі і механізаванай выгрузкі сіласнай і сенажнай масы, карыстаўся попытам у спецыялістаў.
Пакуль дарослыя абмяркоўвалі тэхнічныя навінкі, дзятва бавіла час у кабінах камбайнаў, трактароў, аўтамабіляў брэндаў BELGEE і Geele і марыла ў хуткім часе самім кіраваць стальнымі гігантамі і камфортнымі машынамі.







