Хто працуе, той i мае

Знай наших! 15 ноября 13 2338
Працаваць на зямлі заўсёды было цяжка. Спадзяванні на ўраджай можна рабіць вялікія, але вынік атрымаць зусім іншы. Тут гарантыю не дадуць ні астролагі, ні сіноптыкі, ні трывалыя агранамічныя веды. Адно зразумела: добрая ніва заўсёды будзе ў працавітага гаспадара — такога, як Віктар Святловіч. Гэты чалавек любіць сваю родную зямлю, працуе на ёй аддана і шчыра. Таму і прыносіць яна не толькі прыбытак яму, але і задавальненне. Пачынаючы кожную справу, ён першапачаткова ўзважыць, прыкіне, які наватарскі падыход да яе можна прымяніць, і толькі тады рэалізоўвае задуманае.


Віктар — жыхар Жырмун. Пасля заканчэння школы паступіў у Гродзенскі аграрны інстытут, потым была служба ў войску. Вярнуўшыся, ажаніўся, з прыгожай дзяўчынай Ганнай стварылі сваю сям’ю. Некаторы час працаваў вадзіцелем у райцэнтры, затым вярнуўся ў Жырмуны. Гэта былі смутныя “перабудовачныя” часы, і зразумела, што пражыць на заробак вадзіцеля маладой сям’і было цяжка. Тады Віктар вырашыў, як і многія другія ў той час, заняцца камерцыяй. Стаў вазіць яблыкі з Польшчы, справа паціху ішла... Аднойчы яго бацька Антон Мацвеевіч прапанаваў прывезці насенне цыбулі. Толькі атрымалася так, што замест таго, каб яго прадаць, Віктар вырашыў пасадзіць. Цыбуля дала небывалы ўраджай, частку якога рэалізавалі. Зразумела: сям’я не магла столькі з’есці. Аказалася, што цыбуля — агародніна запатрабаваная і попыт на яе вялікі. Таму ў наступную вясну пасадкі яе былі значна пашыраны і занялі ўвесь агарод, ледзь не дабраўшыся да клумбаў. Руплівы гаспадар усё падлічыў і на сямейным савеце прапанаваў звярнуцца да ўладаў з просьбай узяць кавалак зямлі ў арэнду. У гэтым яго падтрымалі і жонка, і бацькі. Вось так і пачалася сельскагаспадарчая дзейнасць В. Святловіча.

Дзякуючы разуменню былога старшыні райвыканкама В.І. Сцяпуры, маладому арэндатару выдзелілі зямлю побач з хатай. Тэхнікі для апрацоўкі першага гектара зямлі ў Віктара не было. Ён пазычыў у дзядзькі каня і пачаў апрацоўваць. Да справы далучыліся і жонка Ганна, і маці Вера Мікалаеўна, якая як аграном дапамагала парадамі. З кожным годам плошчы зямлі пашыраліся. Тры гады таму Святловіч вырашыў стаць фермерам. Яму было выдзелена 3 гектары зямлі, на якіх ён паспяхова вырошчвае ўжо не толькі цыбулю, але бульбу, моркву, бурачкі і капусту.  Фермер стаў глыбей вывучаць тэхналогію вырошчвання капусты. І гэта культура так яму спадабалася, што зараз займае лідыруючыя пазіцыі ў сялянска-фермерскай гаспадарцы “Святловіч-Агра”.

Жырмунскі земляроб купіў трактар, неабходныя прылады для апрацоўкі зямлі, сяўбы і ўборкі ўраджая. Па дэкрэту Прэзідэнта танней за рыначную цану набыў яшчэ адзін трактар і грузавы аўтамабіль. Для большай прадуктыўнасці гаспадаркі не хапае толькі некалькі гектараў зямлі, для таго каб можна было б рабіць севазварот, а то прыходзіцца садзіць культуру па культуры.

— Я не з той катэгорыі людзей, якія скардзяцца, што ім не дапамагаюць, — гаворыць Віктар. — Усё імкнуся рабіць сваімі сіламі і разлічваю толькі на сябе. Удзячны за падтрымку сваім калегам-фермерам: Саковічу з Залескіх і Вітукевічу з Бастун. Мы не канкурэнты, а наадварот, дапамагаем адзін адному ў рэалізацыі прадукцыі. Калі ў мяне няма якога-небудзь агрэгата, а ў іх ёсць, то яны ніколі не адмовяць — дадуць пакарыстацца дый парадзяць, калі што не так раблю. Працаваць на сваёй гаспадарцы, канешне ж, нялёгка, ды і праўду ў народзе гавораць: “З зямлі не збагацееш, але і галодным не будзеш”. А я атрымліваю не толькі матэрыяльную карысць, але і, галоўнае, асалоду ад працы.

На зямлі павінен працаваць сапраўдны гаспадар, які ўмее знайсці і прымяніць эфектыўныя спосабы работы, быць і эканамістам, і аграномам, і насенняводам, і забеспячэнцам, і таваразнаўцам… Фермерскую гаспадарку “Святловіч-Агра” можна смела назваць прыкладам для іншых па падыходу да працы на зямлі.

Наталля Івуць.

На зымку: фермер В. Святловіч.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*