Гарэзлiвыя струны з Воранава

Знай наших! 29 марта 13 2895

Пятнаццаць год таму назад выкладчыцы Воранаўскай ДШМ (тады дзіцячай музычнай школы) Ірыне Жыткевіч прыйшла ідэя стварыць ансамбль з выкладчыкаў, якія іграюць на народных інструментах. У гэтай задумцы яе падтрымалі калегі, і ў хуткім часе ідэя ажыццявілася. Спачатку ў ансамбль уваходзілі пераважна струнныя інструменты, а потым да іх далучыўся баян.

Таленавітыя музыканты хутка падабралі рэпертуар — у асноўным “мажорнага” характару. Пасля некалькіх рэпетыцый ужо пачало нешта атрымоўвацца, Ірына Аляксандраўна стала не толькі ідэйным натхняльнікам, але і мастацкім кіраўніком. Прыйшла і назва  — “Гарэзлівыя струны”. Апантаныя ідэяй калектыўнага музіцыравання, яны пачалі працаваць над выканаўчым майстэрствам і ствараць свой сцэнічны вобраз. Праз некаторы час “гарэзлівыя струны” зазвінелі на ўвесь раён. І вось тут пачалося: ансамбль  уключыўся ў актыўную канцэртную дзейнасць як на раённых пляцоўках, так і на абласных. Стаў удзельнікам фестывалю “Вечера в Мирском замке”, пераможцам і лаўрэатам конкурсаў розных узроўняў. А мінулая субота выдалася для калектыву напружанай: з раніцы ў іх музычным суправаджэнні ў Карэлічах выступаў раённы хор ветэранаў працы, а ўжо пасля абеду “Гарэзлівыя струны” пакаралі гледачоў на адкрытым рэспубліканскім конкурсе “Путь к звездам”. Іх выступленне было высока ацэнена журы — у выніку першае месца. Гэтыя поспехі былі б немагчымымі без падтрымкі кіраўніцтва школы, а таксама загадчыка аддзела культуры райвыканкама А. Ястрэмскай, якія знайшлі сродкі на новыя інструменты. Зараз патрэбна набыць сцэнічныя касцюмы, бо знешні выгляд музыкантаў таксама адыгрывае вялікую ролю.

Пакрысе гэты калектыў пакарае музычны алімп, у многім дзякуючы таму, што ў яго склад уваходзяць таленавітыя, з яркай індывідуальнасцю людзі, якія любяць музыку, народныя інструменты: І. Жыткевіч, М. Сцефановіч, Н. Наркевіч, М. Саковіч, А. Дзям’янава, А. Чэкан, В. Тарчынскі, В. Буклярэвіч і А. Мацюк. Аб’яднаныя адзінай мэтай — тварыць і дарыць сваю творчасць слухачам, можна з упэўненнасцю сказаць, яны дасягнуць вялікіх вышынь. А планы калектыву немалыя: і падрыхтоўка да прысваення ім звання “народны”,  і гастролі па рэспубліцы, і нават за яе межамі. Застаецца пажадаць ансамблю “Гарэзлівыя струны” творчага плёну!

Наталля ІВУЦЬ.

На здымку: удзельнікі ансамбля.

Фота з архіва Воранаўскай ДШМ.
Комментарии
вороновчанка
Молодцы, хорошие музыканты! И детей хорошо учат! Дерзайте и вас ждет успех!
Добавление комментария
CAPTCHA
*