“Вясновы букет” воранаўцаў

Знай наших! 22 мая 12 3439

Больш за 400 майстроў з розных куткоў Беларусі сабраліся ў суботу ў Лошыцах, што ў Мінску,  на  IV Рэспубліканскі фестываль-кірмаш традыцыйных рамёстваў “Вясновы букет”, прысвечаны 20-годдзю Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У  мерапрыемстве прынялі ўдзел майстры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва грамадскага аб’яднання  «Беларускі саюз  майстроў  народнай  творчасці», дамоў і  цэнтраў   рамёстваў, дзіцячых школ мастацтваў і іншых устаноў культуры, якія займаюцца  тым  ці  іншым відам  народнага  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва i рамяства. Гродзеншчыну на фестывалі прадстаўлялі ўсяго 4 раённыя Дамы рамёстваў, сярод іх — наш воранаўскі.

Падрыхтоўку да ўдзелу ў такім значным мерапрыемстве ўзяў на сябе раённы метадычны цэнтр народнай творчасці, а менавіта яго дарэктар Ірына Вітольдаўна Камінская. Галоўным у выставе воранаўцаў быў аўтэнтычны напрамак. Наш імправізаваны падворак каларытна аздобілі: тут былі і млын з рачулкай, і буслы, і печка, і нават калаўрот з маслабойкай... Але больш за ўсё гледачоў, удзельнікаў і журы зацікавіла ўжо знаёмая нашым чытачам ткачыха з Пагародна Станіслава Вікенцьеўна Міхно, якая не толькі прала на кроснах, але яшчэ і прыгожа спявала народныя песні. Хацелася б заўважыць, што ў гэты дзень жанчына адзначала свой 80-гадовы юбілей. Сапраўдным падарункам для яе сталі віншаванні намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Т.І. Стружэцкага з нагоды юбілею і з перамогай у фестывалі-кірмашы традыцыйных рамёстваў “Вясновы букет”.

Дыпломам першай ступені і грашовай прэміяй была ўзнагароджана і выстава Воранаўскага раённага Дома рамёстваў. Гэта сапраўды высокая адзнака ад журы, у склад якога ўваходзілі не толькі беларускія, але і расійскія народныя майстры. Хацелася б пажадаць нашым умельцам і надалей трымаць гэтую высокую планку і не спыняцца на дасягнутым.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота з архіва РМЦ і НТ.
Комментарии
ирина ласько
Как принять участие как ремесленник?
Добавление комментария
CAPTCHA
*