Жыць, працаваць i вучыцца павiнна быць цiкава

Знай наших! 11 сентября 15 1794


Ёсць людзі, якія ўсю сваю душу ўкладаюць у падрастаючае пакаленне. З радасцю адчыняюць дзверы школы, дзе іх з нецярпеннем чакаюць дзеці. Усе свае веды і мудрасць пройдзенай жыццёвай дарогі яны імкнуцца перадаць вучням. Пра такіх кажуць: настаўнік ад бога. Да кагорты сапраўдных сейбітаў вечнага, добрага і мудрага з упэўненасцю можна аднесці настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Пагародзенскай сярэдняй школы Валянціну Валер’еўну Гень.

— Пра настаўніцтва я не марыла, проста вельмі любіла літаратуру. І менавіта — беларускую. Усе кнігі ў сельскай бібліятэцы прачытала залпам. Гэта і абумовіла мой выбар філалагічнай спецыяльнасці. Тое, што буду настаўніцай, усвядоміла толькі на 4-ым курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, калі праходзіла педагагічную практыку. Але палохацца было позна: тры курсы за плячыма і, як адчула пасля, праца па душы. Мяне, маладога спецыяліста, сустракала Бастунская школа. Доўгі час ездзіла туды на працу з Пагародна. А калі ў роднай вёсцы з’явілася месца ў школе, не раздумваючы, перавялася. І сёння я не магу ўявіць сябе ў якой-небудзь іншай прафесіі, — разважае з вышыні пройдзенага дваццаціпяцігадовага шляху адданай і шчырай педагагічнай працы Валянціна Валер’еўна.

А вучні? Напэўна, з нецярпеннем чакаюць заняткаў і цікуюць, што на гэты раз падрыхтавала для іх любімая настаўніца Валянціна Валер’еўна. Яна ж асоба неардынарная, а па прафесійным жыцці ідзе з дэвізам: “Павінна быць цікава: жыць, працаваць і вучыцца”. А яшчэ, лічыць В. Гень, акрамя цікавых урокаў, для развіцця творчага самастойнага мыслення вучняў неабходна праблемнае навучанне. І яе хлопцы і дзяўчаты ўключаюцца ў пошук выхаду з той ці іншай пастаўленай перад імі праблемы, вучацца адстойваць сваю думку і даказваць магчымасць яе існавання. А іх поспехі настаўніца сціпла раздзяляе, хоць ува многім іх перамогі — яе заслуга. Ганарыцца сваімі здольнымі навучэнцамі. Дзякуючы плённай працы тры навучальныя гады запар яе вучаніца Кацярына Дайлідка займала прызавыя месцы на абласным этапе алімпіяды па прадмеце, а сёлета ўзышла на рэспубліканскі алімп. Мудрыя, дарэчныя парады Валянціны Валер’еўны і цесная сумесная праца пры падрыхтоўцы да навукова-даследчых канферэнцый дапамагаюць дзецям быць у ліку лепшых як у раёне, так і ў вобласці.

— Сучасны вучань, — упэўнена педагог, — матываваны, хутка схоплівае любы матэрыял, няблага разважае, крэатыўны. У параўнанні з вучнямі мінулага стагоддзя, не мае комплексаў. І гэта нядрэнна, бо не баіцца запытацца, пераўдакладніць, пагаварыць, выказацца. А гэта па-трабуе і ад самаго выкладчыка высіл-каў, самаўдасканалення, каб адпавядаць вобразу сучаснага настаўніка.

Таму Валянціна Гень стараецца наведваць усемагчымыя семінары, курсы, укараняе новыя, больш прыдатныя для сучаснага вучнёўскага пакалення, методыкі. Можа, у гэтым і ёсць сакрэт яе педагагічнага поспеху, можа, таму некаторыя вучні пайшлі па яе прафесійным шляху.

Жыццёвыя сілы настаўніца чэрпае з сямейнага дабрабыту і пад-трымкі блізкіх людзей — мужа Валянціна і сыноў Яраслава і Міраслава. Яны з разуменнем адносяцца да таго, што работа педагога вымагае шмат вольнага часу. І шчыра радаваліся разам з Валянцінай Валер’еўнай яе заслужанай узнагародзе — занясенню імя на раённую Дошку Гонару.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*