Каб адчуць дух мінулага стагоддзя. Тыражом 1100 экзэмпляраў выйшаў у свет альбом «Ліда. Падарожжа ў часе»

Принёманский регион 21 августа 20 1185
Каб адчуць дух мінулага стагоддзя. Тыражом 1100 экзэмпляраў выйшаў у свет альбом «Ліда. Падарожжа ў часе»

2020-ы праходзіць пад знакам 80-годдзя Лідскага раёна. Сёлета наш горад годна нясе і статус культурнай сталіцы Беларусі. Да гэтых сапраўды знамянальных падзей у свет выйшаў альбом “Ліда. Падарожжа ў часе” лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. 

Кніга стала часткай серыі “У пошуках страчанага", якая аб’ядноўвае тры дзясяткі найцікавейшых выданняў, прысвечаных самым розным куткам Беларусі. Пад новым ракурсам ужо раскрыта гісторыя некалькіх гарадоў Гродзеншчыны: Гродна, Слоніма, Навагрудка, Смаргоні. Цяпер у гэтай серыі ёсць кніга і пра Ліду. 

Як сцвярджаюць супрацоўнікі мясцовага гісторыка-мастацкага музея, кніга “Ліда. Падарожжа ў часе” – выдатнае дакументальнае сведчанне, якое ілюструе гісторыю Лідчыны вачыма нашых продкаў. На яе старонках можна ўбачыць арыгінальны культурна-гістарычны зрэз развіцця рэгіёну на мяжы 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў. Сам аўтар – Уладзімір Ліхадзедаў спадзяецца, што яго праца адкрые для мясцовых жыхароў новыя гістарычныя факты, паспрыяе глыбокаму вывучэнню сваёй малой радзімы.

Альбом “Ліда. Падарожжа ў часе” выйшаў тыражом 1100 экзэмпляраў на беларускай, рускай і англійскай мовах пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама і Лідскага райвыканкама. У кнізе змешчаны некалькі сотняў насамрэч унікальных арыгінальных фотаздымкаў і паштовак, многія з якіх апублікаваныя ўпершыню, расказвае "Лідская газета".

 Ліда заснавана вялікім князем Гедымінам і была адным з пяці найбуйнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага, гісторыя якога пачынаецца з 1323 года і, у першую чаргу, звязана з Лідскім замкам, – адзначыў у сваёй прадмове да кнігі кіраўнік рэгіёна Сяргей Ложачнік. – З году ў год Ліда маладзее і прыцягвае ўсё больш гасцей з усяго свету. З кожным днём наш горад становіцца больш прыгожым і ўтульным, камфортным і зручным для жыцця. Добраўпарадкоўваюцца мікрараёны, будуюцца жылыя дамы і дзіцячыя сады, вядзецца рамонт дарог, з’яўляюцца новыя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Усё гэта ўвасабляецца ў жыццё пры актыўнай падтрымцы гараджан. Бо галоўнае багацце, адмысловы гонар Ліды – яе жыхары. Усё, чым знакаміты рэгіён, – заслуга многіх пакаленняў лідчан. І няма ніякіх сумневаў, што кожны юбілей горада мы будзем сустракаць новымі поспехамі і дасягненнямі. Бо ўсіх нас аб’ядноўвае адно – любоў да сваёй Радзімы.

– Час ідзе і вымалёўвае новыя далягляды і перспектывы для Лідчыны, – упэўнены старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. – Рэгіён мае ўсё для таго, каб упэўнена глядзець у будучыню, строіць грандыёзныя планы, беражліва захоўваць і памнажаць створанае продкамі.

Але час скарацечны і няўмольны. Ён змяняе людзей, рэчы, гарады. І мінулае застаецца толькі ў памяці папярэдніх пакаленняў і на старых фотаздымках. Бо фота перамагае час. Адчуць атмасферу сучасных вуліц Ліды проста: дастаткова не спяшаючыся прагуляцца па сваіх любімых мясцінах. А вось каб адчуць дух мінулага стагоддзя, атрымаць асалоду ад даўніны, пагартайце альбом “Ліда. Падарожжа ў часе”. Яго можна знайсці ў бібліятэчным фондзе гісторыка-мастацкага музея, раённай бібліятэкі.

lidanews.by
Добавление комментария
CAPTCHA
*