Лёс, звязаны з роднай школай

Год малой родины 27 февраля 19 1737
123456

6 лютага ў Паляцкішскай сярэдняй школе адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды 80-гадовага юбілею ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара школы Тэадоры Францаўны Васілеўскай.

У 1957 годзе Тэадора разам з аднакласнікамі развітвалася са школай, была ў ліку яе першых выпускнікоў. Магчыма, таму і прысвяціла сябе поўнасцю школе.

Педагагічную дзейнасць распачала ў 1962 годзе пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута, доўгі час выкладала біялогію. Модульная тэхналогія, ажыццяўленне міжпрадметных сувязей — гэта быў інструментарый яе ўрокаў, якія будаваліся на прынцыпе асобасна-арыентаванага навучання. Пад кіраўніцтвам настаўніцы вучні вялі актыўную работу на вучэбна-доследным участку. У 1978 годзе былі ўдзельнікамі ВДНГ СССР. Шмат увагі Тэадора Францаўна надавала добраўпарадкаванню тэрыторыі. Школьны двор з клумбамі незвычайнай прыгажосці прыцягваў увагу ўсіх, хто праходзіў ля школы.

Больш за сорак гадоў Т.Ф. Васілеўская аддала роднай школе, а дзевятнаццаць з іх яе ўзначальвала. Адданасць прафесіі, ініцыятыўнасць, арганізатарскія ўменні гэтай жанчыны садзейнічалі таму, што ўстанова адукацыі была ў ліку лепшых у раёне. Педагогі ж ведаюць Тэадору Францаўну як выдатнага настаўніка, добрага кіраўніка і шчыра ёй удзячны за чалавечнасць, добразычлівасць, уменне прыйсці на дапамогу, надаць веру ў свае сілы. А маладыя настаўнікі прыслухоўваліся да яе мудрых парадаў. Не раз дырэктар школы нагадвала ім: “Для таго, каб задумы ажыццявіліся, мары спраўдзіліся, надзеі не згаслі, кожны чалавек павінен прыкладаць уласныя намаганні”.

Праца займала большую частку жыцця Т.Ф. Васілеўскай і з’яўлялася асноўным яе захапленнем. За шматгадовую плённую працу яна неаднаразова атрымоўвала падзякі раённага аддзела адукацыі. У 1971 годзе ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.

У дзень нараджэння ў адрас Т.Ф. Васілеўскай гучалі найлепшыя пажаданні ад тых, хто працаваў разам з ёю, — Галіны Іванаўны Лісоўскай, Соф’і Францаўны Бужынскай, Галіны Эдвардаўны Станкевіч, Веры Сяргееўны Матусевіч. Святочныя віншаванні таксама выказалі дырэктар школы Валянціна Іванаўна Кіроль, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Павел Віктаравіч Тарчынскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Генрыхаўна Зубель. Добрыя словы і задушэўныя песні юбіляру падараваў калектыў Паляцкішскай школы.

Тэадора Францаўна, сонечных дзён Вам, радасці, здароўя!

Іван ГАБІС,

старшыня прафкама Паляцкішскай сярэдняй школы.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*