Звонкія галасы і шчырыя сэрцы «Падзітвяначкі»

Год малой родины 11 июля 20 2199
IMG_2299

Трэці дзясятак адлічвае на каляндары дваццаць першае стагоддзе. А ў беларускай глыбінцы да гэтай пары можна адшукаць незвычайныя скарбы — і матэрыяльныя, і нематэрыяльныя. Нашы бабулі і дзядулі беражліва захоўваюць саматканыя дзясяткі год таму назад ручнікі, посцілкі, дываны… А ў памяці зберагаюць безліч легендаў, прыказак, песень. І з задавальненнем дзеляцца сваімі ведамі і жыццёвай мудрасцю з гасцямі. Напэўна, таму кожная сустрэча з вяскоўцамі пакідае ў душы незабыўны след. Зрэшты, мноства пазітыўных эмоцый прынесла і паездка ў песенны край — Подзітву Больцішскага сельсавета. Там жывуць практычна ўсе ўдзельніцы даволі вядомай фальклорнай групы “Падзітвяначка”, што дзейнічае пры Больцішскім цэнтры культуры і вольнага часу.

Захапленне на ўсё жыццё


Любоў да народнай песні з малаком маці перадалася Уладзіславе Аляксандраўне Амбражук, Марыяне Янаўне Юргевіч, Уладзіславе Янаўне Комінч і Вандзе Юльянаўне Міндзюль — нязменным удзельніцам жаночага калектыву. Звонка, прыгожа, з запалам спявалі іх бацькі. Моцныя галасы дасталіся і дзяўчатам. І сёння на два галасы жанчыны выконваюць песні на чатырох мовах — беларускай, рускай, літоўскай і польскай. Падбіраюць мелодыі і да вершаў, напісаных сваячніцай і сяброўкай Уладзіславай Аляксандраўнай Амбражук. У рэперутары артыстак больш за восемдзесят (!) твораў. Іх жанчыны ведаюць на памяць.

Пазней за ўсіх да калектыву далучылася Ванда Міндзюль з Друскенікаў. Ды хутка прызвычаілася. Многія песні з рэпертуара групы ведала — такія ж бытавалі і ў яе вёсцы. Складаней было з літоўскімі напевамі. Але на тое яны і сяброўкі — разам спраўна развучылі словы. А літоўскую гаворку жанчына разумела няблага.

— Хто з вас кіруе “Падзітвяначкай”? — спыталася падчас знаёмства з Марыянай Янаўнай Юргевіч, Уладзіславай Янаўнай Комінч і Вандай Юльянаўнай Міндзюль.

— Лідар — я, — хуценька адазвалася Уладзіслава Янаўна. — Калі рэпеціруем, магу спыніць усіх, як пачую, што хтосьці не так зацягнуў мелодыю. У мяне ёсць адчуванне і разуменне, як у арганіста, ці правільна спяваюць. Песню ж нельга крычать. Трэба дзесьці вышэй узяць, дзесьці ніжэй, дзесьці павольней праспяваць, каб хораша гучала. Жанчыны мяне слухаюць, “натрэніравала” іх.

Спявачка можа пахваліцца і яшчэ адным фактам са свайго жыцця — сумеснымі гастролямі з сёстрамі Каневіч з Повалакі. Да распаду Савецкага Саюза яны выступалі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Да канцэртаў “падзітвяначкі” рыхтуюцца адказна. Загадзя збіраюцца ў кагосьці дома ці ў мясцовым цэнтры культуры і спяваюць некалькі дзён запар. Іх выступленні прымаюцца гледачамі на “ўра”. Пяць год назад “Падзітвяначка” стала лаўрэатам І ступені ў абласным фестывалі рэгіянальнага фальклора “Панямоння жыватворныя крыніцы”, заняла 3-е месца як лепшы фальклорны калектыў на рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. З творчасцю гурта гледачы тэлеканала “Беларусь-3” маглі пазнаёміцца падчас тэлеперадачы “Наперад у мінулае”.

З песняй хораша і працуецца, і адпачываецца


Вырваць песню з сэрца жанчын немагчыма. Тым больш, што яна суправаджае іх праз усё жыццё. Дапамагала і прасць, і ткаць, і жыта жаць, і ў калгасе працаваць…

Міжволі субяседніцы “заглянулі” ў мінулае. Прыгадаліся вячоркі, калі віравала маладосць і сілы, здавалася, былі невычэрпнымі. Сёстры Марыяна Юргевіч і  Уладзіслава Комінч наперабой дапаўнялі ўспаміны адна адной.

— На вячоркі збіраліся зімою, каб напрасці лёну ці воўны. З іх пасля ткалі дываны, — уступіла ў гаворку Уладзіслава Янаўна. — Хадзілі з хаты ў хату. Калі далёка было дабірацца або снегам дарожку завейвала, калаўроткі дапамагалі пераносіць хлопцы.

Прасці дзяўчаты збіраліся каля дзесяці гадзін раніцы. У абед гаспадыня гатавала ўсім ежу. На першае — капусту. На другое — каўбасу, скварку ці верашчаку. Падсілкаваліся — і зноў да працы. А ужо пад вечар дзяўчаткі прыхарошваліся — на вячоркі завітаюць хлопцы.

— Каб былі харошыя, пудраваліся. Была ў нас рассыпная пудра. Пасля сядалі прасці  і чакалі ўжо хлопцаў. Прыйдуць — аж хата гудзіць, — усміхнулася Уладзіслава Комінч.

— Яны з намі жартавалі, — уключылася ў размору Марыяна Янаўна. — Шнуркі з калаўроткаў скідвалі. А мы гвалт падымалі. Калі хлопцы бачылі, што ў кагосьці замест лёну ідзе пакуля, маглі і падпаліць. А ўжо тушылі дружна. Папрацуем — танцы трэба. Тата быў скрыпачом, і моладзь часта яго прасіла пайграць. Як закружымся ў полечцы! Васало. Маглі і ў два ночы легчы спаць. Добра, зіма, рабіць шмат не трэба. Ды і мама шкадавала — рана пасля вячоркаў не падымала.

IMG_2275 (framed with ArtEdges)

Уладзіслава Комінч (трэцяя злева) з сёстрамі Каневіч.


Здаецца жанчынам, што тады ўсё лёгка давалася. Уся работа спорылася, хоць працаваць было цяжкавата. Уладзіслава Комінч у сямнаццаць год уладкавался на цагельны завод, што быў у Шайбаках Лідскага раёна. Два сезоны цяжкія ваганеткі з цэглаю перавозіла. Уручную на ферме, што была ля Подзітвы, дзесяць год кароў даіла. Некаторы час там працавала і Ванда Міндзюль. У паляводстве была занята Марыяна Юргевіч. А дома кожную чакала свая гаспадарка.

Без працы гэтыя бойкія і гаваркія жанчыны не могуць і цяпер. У кожнай ёсць агарод. Уладзіслава Янаўна нават сама градкі ўскапала, а Ванда Юльянаўна даглядае яшчэ і свой сад. Праўда, скардзяцца субяседніцы на тое, што больш хвароб стала: “Вось калі іх лечым зёлкамі, то без таблетак абыходзімся”…

— Калі была крапчэйшая, любіла прымаць гасцей і хадзіць да родных і сябровак, — дзеліцца Уладзіслава Комінч. — Стараюся трымацца. Дзякуй Богу, хаджу. Устану раніцай, у кухні падыду да акна, пагляджу на прыроду і парадуюся. Выйду з хаты — птушкі граюць, зязюлі кукуюць. І мне васало. Зімою была ў Лідзе ў сына. Зусім не тое: толькі асфальт, машыны ездзяць, вокны аж у вачах мільгацяць. Хочацца дадому, у вёску, дзе ўсё знаёма з дзяцінства, дзе лёгка дыхаецца і спяваецца…

Мілыя жанчыны-“падзітвяначкі”, няхай вам яшчэ шмат год хораша спяваецца! Радуйце нас сваімі прыгожымі галасамі і перадавайце нашчадкам вялізны скарб — народную песню.

DSCN4667

Выступае “Падзітвяначка”, 2016г.


Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*