У Воранава прайшла ўрачыстасць, прысвечаная 100-годдзю ўтварэння БССР (Фота, Відэа)
У фае Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці шматлікіх гасцей імпрэзы сустракаў духавы аркестр установы, некаторыя затрымліваліся каля тэматычнай кніжнай выставы.
У глядзельнай зале сабраліся пакаленні людзей, якіх аб’ядноўвае цэлая эпоха БССР: прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, пенсіянеры, моладзь.
Ад імя Воранаўскага райвыканкама і райсавета дэпутатаў да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Гражына Крахмальчык. Яна ўзгадала няпростыя геапалітычныя ўмовы, у якіх закладваўся трывалы падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Асобныя словы ўдзячнасці і павагі адрасавала ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікам воранаўскага краю, якія аднаўлялі Радзіму, наш раён з попелу, будуюць эканоміку і дабрабыт у нашыя дні.
Падчас мерапрыемства госці разам з вядучымі “гарталі” старонкі гісторыі БССР, на якіх занатаваны складаны і драматычны шлях развіцця нашай краіны. Трагедыя тэрытарыяльнага падзелу ў 1921 годзе, уз’яднанне беларускага народа ў 1939-м, напад нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў на СССР, векапомны пераможны 1945 год, пасляваеннае аднаўленне рэспублікі і ўдзел у стварэнні ААН.
ХХІ стагоддзе Беларусь сустрэла ўпэўненнай і незалежнай дзяржавай, якая заявіла аб сабе на міжнароднай арэне. І сёння наша краіна ўпэўненна крочыць у будучыню сваім шляхам годнасці і развіцця.
Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству надалі музычныя нумары, якія выканалі нашы таленавітыя землякі.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара і Алега БЕЛЬСКАГА.