Фiзiка + лiтаратура = ?..

Актуально 19 апреля 13 1694

Фізіка — досыць цікавая навука, яна паказвае жыццё ў цэлым, і з яе дапамогай можна зразумець і растлумачыць вельмі многае. Нават простая язда ў аўтамабілі — гэта ўжо вялікая колькасць розных фізічных формул, якія былі адкрыты задоўга да існавання аўтамабіля. Куды б вы не пайшлі і што б вы не рабілі, заўсёды будзеце адчуваць які-небудзь фізічны ўплыў. Нават у момант чытання. Ці задумваліся вы, калі чытаеце літаратурныя творы, што ў многіх з іх апісваюцца фізічныя з’явы. Веру, што вам гэта не прыйшло нават да галавы — шукаць фізіку ў вершах. А вось вучаніцы Забалацкага НПК не толькі гэтым займаюцца на працягу ўсяго вучэбнага года, але нават на падставе сваіх даследванняў рашылі напісаць навуковую працу, якую так і назвалі “Фізіка ў творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў”. Пагадзіцеся, тэма незвычайная. Таму мяне зацікавіла: каму прыйшла гытая ідэя?

Настаўніца фізікі Галіна Бенедыктаўна Фірыновіч некалькі год запар старалася прывіць любоў да свайго прадмета вучням, якія аказаліся больш здольнымі да гуманітарных навук. І любілі чытаць паэзію і прозу, а не рашаць скаданыя задачы па фізіцы. Інтарэс дзяцей да прадмета ўсё больш зніжаўся, а з ім і сярэдні бал. Вось тады і прыйшла ідэя аб’яднаць любімую літаратуру і нелюбімую фізіку, тым самым паспрабаваць павысіць узровень зацікаўленасці да прадмета праз творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Галіна Бенедыктаўна бачыла неабыякавасць да навукі і вялікае захапленне літаратурай васьмікласніц Наташы Мармыш, Юлі Руцкай і Веранікі Страчынскай, таму і прапанавала ім заняцца гэтай цікавай працай. Першым заданнем было знайсці фізічныя з’явы ў праграмных творах. Тут дзяўчатам прыйшла на дапамогу настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Антонаўна Пакуліс. Яны разам выпісвалі з’явы, а пасля на ўроку фізікі іх разбіралі, пры гэтым да іх далучаўся ўвесь клас. Прывяду толькі некалькі прыкладаў тых з’яў, якія знайшлі дзяўчынкі. У вершы “Трэба дома бываць часцей” яны адшукалі наступныя радкі “...клямка пальцы пячэ балюча...”, аказалася — гэта апісанне цеплавой з’явы. А апавяданні Ул. Караткевіча, наогул, наскрозь працятыя фізічнымі з’явамі, такімі як навальніцы, дажджы і г.д.

Вучні ўсё больш і больш праяўлялі ўвагу да гэтай, як ім раней здавалася “зануднай”, навукі. Пасля да гэтых трох дзяўчынак далучылася яшчэ і Надзя Суркант з паралельнага класа. Крок за крокам быў сабраны матэрыял, які ў хуткім часе стаў навуковай працай. На гэтым тыдні яна была прадстаўлена на раённай навукова-практычнай канферэнцыі, дзе мела поспех.

Галіна Бенедыктаўна кожную чвэрць праводзіць аналіз паспяховасці вучняў. Настаўніца адзначае, што станоўчая дынаміка росту зацікаўленасці фізікай з’явілася. Вырас і сярэдні бал. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, бо наперадзе яшчэ шмат недаследаваных твораў...

Наталля ІВУЦЬ.

На здымку: падчас абмеркавання працы.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*