Працуюць на карысць вяскоўцаў

Актуально 05 марта 13 1547

Абрысы: цэнтр сельскага Савета — Паляцкішкі, плошча — 54,2 км2, колькасць жыхароў — 809 ( з іх 424 пражываюць у Паляцкішках), да 16 год налічваецца 145 чалавек, працаздольнага ўзросту — 491, пенсійнага — 173, населеных пунктаў — 12 (з іх 9 вёсак і 3 хутары), на тэрыторыі сельсавета працуюць: ФАП, пошта, сельскі Дом культуры, бібліятэка, школа, яслі-сад, комплексна-прыёмны пункт, дзве лазні, чатыры гандлёвыя аб’екты (адзін з іх прыватны) і пагранічны пост “Драбішуны”, які ахоўвае Дзяржаўную мяжу на працягу больш за 30 кіламетраў.

— Самае важнае — вырашаць праблемы насельніцтва не адкладваючы, — лічыць старшыня Паляцкішскага сельскага Савета Г.І. Журомская. — Тады і людзі будуць нам давяраць.

Да такой высновы Гражына Іванаўна прыйшла яшчэ падчас працы на пасадзе намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце ў СВК “Мара-Агра”. Тады ёй не раз даводзілася вырашаць набалелыя пытанні, якія ўзнікалі ў калгаснікаў. Калі ў 2007 годзе яна была абрана старшынёй Паляцкішскага сельсавета, канешне ж, папярэдні вопыт работы з людзьмі прыйшоўся дарэчы. Праўда, на плечы жанчыны ляглі і новыя абавязкі: добраўпарадкаванне тэрыторыі, арганізацыя збору лішкаў малака з насельніцкіх падворкаў, сацыяльная работа з усімі катэгорыямі жыхароў сельсавета і іншыя. Гражына Іванаўна хутка ўвайшла ў курс новых спраў: родныя мясціны, знаёмыя з дзяцінста людзі сталі для яе, бясспрэчна, дапамогай у служэнні інтарэсам сяльчан.

— Стала практыкай такая форма працы з насельніцтвам, як падворны абход, — расказвае старшыня. — Гэта дазваляе бліжэй пазнаёміцца з умовамі пражывання вяскоўцаў, глыбей вывучыць іх надзённыя праблемы (у асноўным бытавога характару — прыкм. аўт.), так як многія населеныя пункты размешчаны па хутарскому прынцыпу. Прычым людзі ведаюць мой нумар тэлефона і пры неабходнасці могуць звязацца са мной у любы час.


Да слова будзе сказаць, што на тэрыторыі сельсавета на належным узроўні арганізаваны збор і дастаўка малака з падворкаў насельніцтва. Індывідуальны прадпрымальнік Ул.А. Бічэль перад тым, як пераняць ад малаказборшчыкаў права закупу малака, разам з Г.І. Журомскай наведаў сваіх будучых малаказдатчыкаў і пацікавіўся пажаданнямі кожнага. Збор быў адрэгуляваны належным чынам: машына спыняецца амаль што ля кожнага двара, не ўзнікае пытанняў і па тлустасці прадукту. Напэўна, таму пагалоўе кароў значна не зменшылася. За мінулы год было сабрана 643 т 700 кг малака (на адну карову прыйшлося 3 т 284 кг).

Не выклікае ў насельніцтва нараканне і на добраўпарадкаванне як Паляцкішкаў, так і вёсак сельсавета. Пры будаўніцтве аграгарадка былі заасфальтаваны ўсе вуліцы. Старшыня клапоціцца, каб дарожнае пакрыццё і ў іншых населеных пунктах падтрымлівалася ў належным стане. У гэтым вялікую дапамогу ёй аказвае кіраўніцтва КСУП э/б “Пагародна”, асабліва зімой, калі замятае пад’езды да вёсак і хутароў. За парадкам сочаць і самі людзі: добраўпарадкавалі могілкі, рэгулярна наводзяць чысціню на вуліцах сваіх населеных пунктаў. Не псуюць знешні выгляд вёсак нават пустуючыя дамы. У мінулым годзе былі знесены чатыры самыя старыя хаты. Цяпер на тэрыторыі сельсавета пустуючых дамоў налічваецца дваццаць восем. Дарэчы, усе гэтыя домаўладанні маюць сваіх гаспадароў, якія ці ў дачны перыяд, ці на працягу года наведваюцца сюды і клапоццяцца аб захаванні жылля ў належным стане.

Канешне ж, свае карэктывы ў жыццё сяльчан уносіць наяўнасць прыгранічнай зоны. Аднак гэта яны лічаць хутчэй плюсам, чым мінусам — заўсёды знаходзяцца пад надзейнай аховай людзей у пагонах. Пагранічнікі, у сваю чаргу, цікавяцца бытам вяскоўцаў і робяць сумесныя выезды з работнікамі сельсавета і створанымі пры ім камісіямі ў населеныя пункты.

— Эфектыўная праца агляднай і санітарнай камісій, камісіі па справах непаўналетніх, грамадскага пункта аховы парадку, дабраахвотнай дружыны, што дзейнічаюць пры сельскім выканаўчым камітэце, — лічыць Гражына Іванаўна, — дазваляе своечасова зрэагаваць на крызісныя сітуацыі ў сем’ях, аказаць неабходную дапамогу малаабароненым катэгорыям грамадзян, высветліць стан электраправодкі, печак і інш. А цеснае супрацоўніцтва з зацікаўленымі раённымі службамі дапамагае ў выкананні кантралюючай функцыі па рэалізацыі Дэкрэта №18, прафілактыцы правапарушэнняў.


Тэрыторыя сельсавета падзелена на адзінаццаць акругоў, у якіх вырашаюць надзённыя справы жыхароў дэпутаты. Многія з іх уваходзяць і ў лік членаў сельскага выканаўчага камітэта. І дэпутаты, і члены выканаўчага камітэта, па сведчанні Гражыны Іванаўны, людзі невыпадковыя, надзейныя памочнікі. Важным звяном у дзейнасці сельскага Савета з’яўляюцца органы мясцовага грамадскага самакіравання — старасты падказваюць сваёй старшыні, што найбольш турбуе сяльчан.

Дый, упэўнена Г.І. Журомская, працуецца добра і натхнёна, калі ўсе намаганні падтрымлівае надзейны і згуртаваны калектыў. Неабходную дапамогу і падтрымку старшыні Паляцкішскага сельскага Савета заўжды акажуць тры паплечніцы: яе правая рука — кіруючы справамі Данута Зыгмундаўна Лебядзевіч, спецыяліст І катэгорыі Феліцыя Вацлаваўна Цыдзік і бухгалтар — Ірына Эдвардаўна Тышкевіч.

Марына КАНДРАТОВІЧ

На здымках: супрацоўнікі сельскага Савета; Г. Журомская, начальнік пагранічнага паста “Драбішуны” Я. Іваноў і сацыяльны педагог Паляцкішскай школы І. Габіс накіроўваюцца на падворны абход; Ул. Бічэль праводзіць збор малака ў насельніцтва.
Добавление комментария
CAPTCHA
*