Няхай дабрабыту вам, людзі, прыбудзе!

Актуально 25 октября 10 1586
Па ўсёй нашай краіне ў мінулую суботу прайшлі восеньскія кірмашы па продажу сельскагаспадарчай прадукцыі. З самага ранку было мнагалюдна на плошчах гарадскіх пасёлкаў Воранава і Радуні.
— Вялікі дзякуй нашым працаўнікам палёў і фермаў за багаты кірмаш, — з задавальненнем зазначыў старшыня Радунскага пасялковага выканаўчага камітэта Станіслаў Жук. — Ёсць што купіць і на што паглядзець.
Што праўда, то праўда. Тут было збожжа і мяса, жывая рыба і сыры, парасяткі ды цяляткі...
— Мы прыехалі на гэтае свята ў найлепшым настроі, — радасна зазначыў старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Больцішкі” Іван Крахмальчык. — З палёў амаль усё ўбралі, толькі цукровых буракоў крыху засталося. На фермах парадак, радуюць прыбаўленне жывёлы ў вазе і надоі, да зімы добра падрыхтаваліся. І ўсё гэта дзякуючы нашым вяскоўцам, якія і ў свята шчыра працуюць на сваіх рабочых месцах. Усім здароўя, шчасця, дабрыні, такіх жа сонечных дзён, як сёння. Напэўна, сам Бог аддзячыў нам за нашу працу і адарыў нас такім прыгожым надвор’ем. Хай жа заўсёды будзе сонца і ў кожнага чалавека ў душы!
А настрой у людзей сапраўды быў святочным, як, напрыклад, у жыхаркі Радуні Марыі Станіславаўны:
— Вельмі багаты кірмаш, трыцікале вось танна купіла. Гаспадарка ў нас з мужам вялікая: ёсць  карова і свінні, будзе чым карміць жывёлу. На пенсіі мы, трымаць гаспадарку цяжкавата, але сядзець без работы не прывыклі. Ды і дочцы, якая жыве ў Гродне, дапамагаць трэба. Як ні кажы, а ў горадзе ўсё ж цяжэй пражыць.
Падзякаваўшы за шчырасць і пажадаўшы жанчыне здароўя, разам з камісіяй накіраваўся аглядаць маляўніча аформленыя “падворкі” сельгасвытворчых кааператываў. Цяжка было вызначыць лепшы падворак, бо кожны меў, так бы мовіць, свой “твар” і ўсе прэтэндавалі на перамогу. Але конкурс ёсць конкурс. Па яго выніках першае месца было прысуджана гаспадарцы  “Доцішкі”, другое — “Місявічы” і “Больцішкі”, а трэцяе — “Забалацкі-агра” і “Гіркі”. А вось на кірмашы ў Воранаве пераможцамі сярод сельгасарганізацый  сталі  “Эліт-Агра Больцінікі” — першае месца, э/б “Кастрычнік” — другое і “Мара-Агра” — трэцяе.
Кажуць, што  хлеб надзённы — сіла людская, а без песні — хоць ты трэсні. Дык вось песень на кірмашах прагучала  вельмі шмат, эстрадных і народных, лірычных і жартоўных. З розных куточкаў Воранаўшчыны артысты-аматары падарылі добры настрой усім, хто пабываў на суботніх кірмашах у Радуні і Воранаве.
Вікенцій Падгайскі.
На здымках: кірмашовы калейдаскоп.

Добавление комментария
CAPTCHA
*