Візіт літоўскіх парламентарыяў

Актуально 22 октября 10 1346
1 кастрычніка Воранаўшчына вітала гасцей — дэлегацыю Камітэта па справах адукацыі, навукі і культуры Сейма Літоўскай Рэспублікі.  У праграму яе двухдзённага візіту на Гродзеншчыну ўваходзіла  наведванне ўстаноў адукацыі з літоўскай мовай навучання з мэтай  азнаямлення з іх дзейнасцю і матэрыяльна-тэхнічнай базай, сустрэчы з членамі літоўскіх абшчын Воранаўскага, Лідскага, Астравецкага раёнаў.
Пачаткам вызначанага маршруту стала сустрэча групы літоўскіх парламентарыяў, якую ўзначальваў старшыня Камітэта Валенцінас Стундзіс, з прадстаўнікамі выканаўчай улады Воранаўскага  раёна. Паколькі  гасцей цікавіла развіццё сацыяльнай сферы нашага рэгіёну, у складзе прымаючага боку былі Мечыслаў Уляшка —  намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама, Данута Бобіна — кіраўнік спраў райвыканкама і начальнікі аддзелаў: адукацыі — Аляксандр Кашлей, культуры — Сяргей Камянок, па справах моладзі — Ірына Шчэглік, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Таццяна Цераховіч.  Кожны з іх у межах сваёй кампетэнцыі  паведаміў гасцям аб інфраструктуры нашага рэгіёну, узроўні яго сацыяльна-эканамічнага развіцця, аб’ёмах жыллёвага будаўніцтва, формах работы прадстаўнікоў улады са зваротамі грамадзян. Ішла размова аб установах, якія складаюць сістэму адукацыі нашага раёна, іх дзейнасці, спецыфіцы, аб функцыяніраванні ўстаноў культуры і творчых поспехах мастацкіх калектываў, аб напрамках маладзёжнай палітыкі і дзейнасці маладзёжных арганізацый (БРСМ і БРПА) на тэрыторыі раёна. 
Некаторыя  пытанні сацыяльнай сферы, якія закраналіся падчас сустрэчы, зацікавілі літоўскіх гасцей, але рэгламент і насычаная праграма візіту абмяжоўвалі час іх абмеркавання. У сувязі з гэтым імі было выказана  пажаданне ажыццяўляць і далей такія сустрэчныя візіты з мэтай абмену вопытам. Тым больш, што гэтаму паспрыяюць тыя станоўчыя зрухі ў беларуска-літоўскіх адносінах, якія адбыліся на вышэйшым узроўні, — падпісанне прэзідэнтамі Беларусі і Літвы пагаднення аб парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый.
Абмен сувенірамі ў знак павагі і ўдзячнасці — і літоўскія парламентарыі ў суправаджэнні Мечыслава Уляшкі, Альфонсаса Швёльніса, дырэктара Пяляскай прыватнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з навучаннем на літоўскай мове, і Івана Мацюлевіча, старшыні Пяляскага грамадскага аб’яднання літоўцаў “Гімціне”,  прадоўжылі сваё падарожжа па нашаму раёну, накіраваўшыся ў культурна-адукацыйны цэнтр беларускіх літоўцаў Воранаўшчыны — Пелясу.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
На здымку: падчас сустрэчы.
Добавление комментария
CAPTCHA
*