Два Анатоля і Алеся збіраюць сяброў

Актуально 13 августа 10 2600
Па ўсёй нашай краіне паспяхова прадаўжаецца творчая акцыя “Беларусь — гэта мы”, падчас якой у вялікіх і малых гарадах арганізоўваюцца выставы мастакоў, дэманструюцца лепшыя стужкі айчыннага кінамастацтва, адбываюцца сустрэчы гледачоў з зоркамі беларускай эстрады. У рамках гэтай акцыі ў Воранаве ўжо выступіла вядомая  беларуская спявачка Гюнеш, а 31 жніўня  нас, воранаўцаў, чакае сустрэча з сямейнай творчай дынастыяй,  роданачальнікам якой з’яўляецца народны артыст Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік сусветна вядомага ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка. Сваю любоў да песні і сцэны  ён перадаў і дачцы Алесі, вельмі папулярнай сёння спявачцы, якая летась выступала ў нашым  райцэнтры. Верыцца, што творчую справу свайго дзеда і  маці паспяхова прадоўжыць і юны Анатоль, заяўлены ў афішы канцэрта як дзі-джэй.
Вось такое  сямейнае артыстычнае трыо  мы будзем  вітаць у хуткім часе. Пагадзіцеся, што для нашага невялікага горада — гэта сапраўды зорны падарунак. Многія  з нас ужо прадчуваюць вялікае задавальненне ад такой сустрэчы. Упэўнены, што зала раённага Дома культуры будзе перапоўнена, бо магчымасць пабачыць і пачуць самога мэтра беларускай эстрады Анатоля Ярмоленка  не так ужо, на мой погляд, і дорага ацэнена — білет  на канцэрт каштуе  ўсяго 25 тысяч рублёў. Хаця будзем рэалістамі — і такая сума не ўсім па кішэні. Таму набыць білеты на канцэрт сваім членам калектыва могуць дапамагчы арганізацыі раёна. Як, напрыклад, гэта пастаянна робіць сельгасвытворчы  кааператыў “Світанак-Агра”. Дзякуючы намесніку кіраўніка па ідэалагічнай рабоце, старшыні прафсаюзнай арганізацыі Тэрэсе Баляславаўне Корсак  працаўнікі гэтай гаспадаркі  пабывалі ўжо на многіх канцэртах у Воранаве. На такія паездкі  заўсёды выдзяляецца бясплатна аўтобус,  а білеты набываюцца як за асабісты кошт, так і за кошт прафсаюзнай арганізацыі. Плануюць у “Світанку-Агра” культпаход і на канцэрт сямейнай дынастыі Ярмоленка.
А завяршаючы гэты анонс-запрашэнне, хочацца звярнуцца менавіта да кіраўнікоў сельгасарганізацый раёна: знайдзіце магчымасць і арганізуйце для сваіх вяскоўцаў паездку на канцэрт! Гэтым самым вы аддзякуеце сваім лепшым работнікам за іх штодзённую нялёгкую працу, зробіце цудоўны духоўны падарунак.
Вікенцій Падгайскі.
Добавление комментария
CAPTCHA
*