Свята міру, мастацтва і таленту

Актуально 22 августа 16 2237
Як добрыя родзічы, сустрэліся ў заключны дзень Тыдня культуры ўдзельнікі V адкрытага раённага фестывалю нацыянальных культур “Песні Воранаўшчыны маёй”. Усе яны ярка адлюстроўвалі нацыянальны характар беларусаў і рускіх, літоўцаў і палякаў, цыганаў і армян, яўрэяў і ўкраінцаў… У нашым цёплым куточку Беларусі пад адным дахам Воранаўшчыны жывуць у згодзе прадстаўнікі ажно 24 нацыянальнасцей. І ў кожнай супольнасці ёсць свае адметныя рысы, свая культура. Напэўна, таму штогадовы фестываль — гэта вясёлкавы пераліў у летні сонечны дзень.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня райвыканкама Мікалай Розум адзначыў:
— Наш фестываль — гэта свята міру, мастацтва і таленту. За пяць год існавання ён набыў свае традыцыі, здолеў стаць значнай падзеяй у культурным жыцці раёна. Нам выпала рэдкая магчымасць на працягу некалькіх гадзін пазнаёміцца часцінкай народнага скарбу, які робіць багацейшымі ўсіх, хто з ім судакрануўся. Хочацца спадзявацца, што гэты фестываль будзе жыць доўга. Са святам!

Гэтую думку падтрымаў у сваім прывітанні і кандытат у дэпутаты Палаты прадствўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Маркевіч.

Сёлетняя праграма была не менш насычаная, чым мінулагодняяя. Парадавала і выклікала шквал апладысментаў шматлікіх прысутных выступленне ваеннага аркестра Смаргонскай пагранічнай групы пад кіраўніцтвам Сяргея Шухно. Тэмы патрыятызму, жаночай долі, кахання і заклік быць шчаслівымі гучалі з вуснаў салістаў калектыву. А вось на суседняй пляцоўцы ўсе гледачы стаялі моўчкі, баючыся перашкодзіць выступленню “артыстаў” з кіналагічнага цэнтра г. Смаргонь. Інструктары з дрэсіраванымі сабакамі сцісла “расказалі” пра іх паўсядзеннае жыццё. Трукі, артыстызм і адданасць гаспадару гэтых разумных жывёлаў здзіўляе, выклікае буру эмоцый і ў малога і ў старога.

Паралельна праходзілі канцэрт калектываў і выканаўцаў народнай творчасці “Над фестывалем узнялася песня” і традыцыйны конкурс “На лепшае нацыянальнае падвор’е”. Хто не пажадаў пасмакаваць армянскі шашлычок, беларускія дранікі, яўрэйскую мацу, літоўскі шакоціс і іншыя цікавыя стравы, падсілкоўваліся духоўна каля галоўнай сцэны, дзе струменіліся пералівы разнагалосся. Трэба зазначыць, што ніхто не пашкадаваў аб сваім выбары. Пасля падвядзення вынікаў конкурсу падвор’яў і ўзнагароджвання пераможцаў свята не скончылася. На змену мясцовым артыстам на сцэну выйшлі ваўкавыскія выканаўцы аматарскай народнай і эстраднай творчасці, якія прапанавалі “Заспяваем, сябры дарагія” і падаравалі “Вясёлкавую фіесту”. Самыя заўзятыя аматары песні яшчэ доўга насалоджваліся музычным майстэрствам. Толькі познім вечарам стомленыя, але задаволеныя адпачываючыя ціхім крокам рушылі да хаты. Для моладзі ж з першай зоркай адкрылася танцпляцоўка ў Радунскім цэнтры нацыянальных культур. А так хацелася цёплай жнівеньскай ноччу “патанчыць” пад адкрытым небам, падараваўшы развітальны пацалунак лету.

Галіна ШЛЕМПА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

[gallery link="file" columns="4"]

















Добавление комментария
CAPTCHA
*