Народны майстар з Пагародна ўсе жыццё ткала ўнікальныя вырабы і сярод іх няма ніводнага падобнага
“Перабіранкі” і “выбіранкі”
За сваё доўгае жыццё Станіслава Мiхно выткала больш за сотню ўзорных дываноў, посцілак, ходнікаў, ручнікоў розных колераў – і ніводнага падобнага. На адных – геаметрычныя выявы птушак шчасця і жывёл, на іншых – раслінна-кветкавыя кампазіцыі ды васьміканцовыя разеткі-зоркі. Такі арнамент характэрны для мясцовай тэхнікі падвойнага ткацтва. Дарэчы, дываны, дзе вытканыя радкі чарадуюцца з вясёлкавымі колерамі, майстрыха называла “перабіранкі”, а дываны з кампазіцыямі – “выбіранкі”. Колер і арнамент мелі сваё сакральнае значэнне.– Яна нарадзілася ў вёсцы Канюхі на Воранаўшчыне, у шматдзетнай сям’і, была старэйшай сярод пецярых дзяцей, – расказвае вучаніца і спадкаемца народнага майстра, кіраўнік гуртка Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Анжэла Ладыш. – Бацькі працавалі наймітамі ў заможных гаспадароў. З малых гадоў дзяўчынка дапамагала маці ў хатніх справах, летам працавала ў полі, а зімой разам з матуляй і бабуляй займалася рамяством, у тым ліку ткацтвам. З пятнаццаці гадоў пачала ткаць самастойна, нават хадзіла ткаць па іншых вёсках, зарабляючы грошы для сям’і. Зімовымі вечарамі вяскоўцы збіраліся на вячоркі, дзе спявалі любімыя песні, ткалі, пралі, вышывалі. У такой атмасферы атрымліваліся асабліва прыгожыя рэчы.
З 1951 года Станіслава Вікенцьеўна працавала ў калгасе даяркай, пазней – паляводам. У шлюбе нарадзіліся дзве дачкі, але зусім рана – у дваццаць дзевяць гадоў – засталася ўдавой з дзеткамі на руках. Тады навыкі ткацкага рамяства асабліва спатрэбіліся, ім і зарабляла на жыццё.
Жыць – не тужыць
Мы пазнаёміліся са знакамітай майстрыхай на адным з фэстаў. Здзівіла, што нягледзячы на сталы ўзрост, Станіслава Вікенцьеўна выпраменьвала моцную энергію і была бадзёрай. Мо таму, што жыла цікавым насычаным жыццём: ткала на кроснах, спявала, зберагала і перадавала новаму пакаленню аўтэнтычнае мастацтва! Яна расказала мне, як любіць родныя мясціны і людзей, што жывуць побач, верыць у Бога, чэрпае натхненне ў народных спевах і нават у самых цяжкіх абставінах не губляе аптымізму. Дарэчы, на ровары бабулька ездзіла амаль да апошніх дзён жыцця.Працамі ткачых захапляліся ўдзельнікі і госці рэгіянальнага фэсту традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне, фестываль нацыянальных культур у Гродне, “Славянскага базару” ў Віцебску і многіх іншых культурных форумаў. Яна ўдзельнічала ў раённых, абласных і рэспубліканскіх фэстах ды семінарах па адраджэнні і захаванні мясцовых традыцый і звычаяў, праводзіла майстар-класы.
За плённую працу па захаванні рэдкіх традыцыйных рамёстваў ёй прысвоены статус народнага майстра Беларусі. У лютым 2016-м у Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася ўрачыстасць: тагачасны старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум уручыў Станіславе Міхно пасведчанне аб пажыццёвым прысваенні гэтага статуса. Яе шчыра віншавалі аднавяскоўцы, сяброўкі-пявухі з фальклорнага калектыву і, вядома, вучні, якім яна перадавала сакрэты свайго майстэрства.
У 2017 годзе ткачыха ўзнагароджана прэміяй імя А. І. Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”. Напрыканцы 2018 года комплекс традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых посцілак і дываноў, што да сённяшняга часу захаваўся ў аграгарадку Пагародна, папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А ў 2019-м за неацэнны ўклад у захаванне спадчыны Станіславе Міхно было прысвоена званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.
Тэхнікі майстра – брэнд Воранаўшчыны
– Сама галоўнае, што пад кіраўніцтвам таленавітай зямлячкі з ліпеня 2012 года на базе нашага Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці пачала працаваць творчая майстэрня “Школа ткацтва”, – распавядае пераймальніца нематэрыяльнай культурнай спадчыны па ткацтву Воранаўшчыны Анжэла Ладыш. – Старажытнаму рамяству я вучылася пакрысе. Спачатку проста дапамагала Станіславе Вікенцьеўне, але хутка захапілася і засвоіла тэхніку ткацтва, пачала ткаць самастойна. Разам з маёй настаўніцай мы прыдумвалі ўзоры і адраджалі старажытныя тэхналогіі. Прычым на яе аўтэнтычных старажытных кроснах.Перададзеныя Станіславай Міхно тэхнікі сталі брэндам пагародзенскага старажытнага рамяства, і усёй Воранаўшчыны. Сёння ў пакой-музей Пагародзенскага цэнтра культуры едуць турысты. Экскурсіі для гасцей праводзяць таленавітыя супрацоўнікі цэнтра, якія робяць усё, каб справа славутай ткачыхі жыла. Майстар-класы па ткацтву цяпер праводзіць Анжэла Ладыш, яна ж вядзе дзіцячы творчы гурток і школу ткацтва для дзяцей і моладзі.
– Наша настаўніца пакінула прыкметны след у нашых душах, памяці і мастацтве, – падкрэслівае рэжысёр Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Салмановіч, якая праводзіць экскурсіі. – Мы яе любілі і паважалі, заўжды радаваліся сустрэчам, віншавалі на святы. І вельмі ўдзячны за тое, што яна адрадзіла мясцовую традыцыю ткацтва і падзялілася сваімі набыткамі з намі.
Станіславы Вікенцьеўны не стала два гады таму, неўзабаве пасля свайго 90-годдзя. Але яе справа працягваецца ў цудоўных работах і вучнях. Яе птушкі шчасця, разляцеўшыся па свеце, напамінаюць людзям пра прыгажосць беларускай зямлі і моц каранёў.
– Народны майстар Станіслава Вікенцьеўна – сапраўдны дыямент Воранаўскай зямлі, – падкрэслівае дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская.– Мы вельмі ганарымся, што лёс звязаў нас з гэтым цудоўным чалавекам. Яе ўнікальныя і незвычайныя, напоўненыя цяплом і прыгажосцю душы ручнікі, дываны, посцілкі засталіся ў культурнай спадчыне Воранаўскага раёна і памяці аднавяскоўцаў назаўжды. Перанятае рамяство і вырабы будуць зберагацца, распаўсюджвацца і папулярызавацца пераемнікамі і работнікамі культуры. Каб не парвалася повязь пакаленняў, а будучыня будавалася на самых лепшых нацыянальных традыцыях продкаў.
Ала БІБІКАВА
Фото:Алега БЕЛЬСКАГА і CБ