Хто паедзе ў «Рамонак»? Як падрыхтаваны да адпачынку дзіцячы летнік на Гродзеншчыне, дзе сёлета адбудзецца міжнародная змена

27 мая 24 265
Хто паедзе ў «Рамонак»? Як падрыхтаваны да адпачынку дзіцячы летнік на Гродзеншчыне, дзе сёлета адбудзецца міжнародная змена

Упершыню тут плануюць прыняць на аздараўленне дзяцей з расійскага горада-пабраціма Несцерава Калінінградскай вобласці. Гэта адзін з першых сумесных праектаў двух рэгіёнаў, якія нядаўна заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Мяркуецца, што міжнародная змена пройдзе ў ліпені альбо ў жніўні.

Загарадны летнік «Рамонак» размясціўся ў сасновым бары каля вёскі Парубішкі. Гэта адзіны ў Воранаўскім раёне стацыянарны дзіцячы лагер для летняга адпачынку. Летась тут плануюць аздаравіць 260 школьнікаў. Таксама на базе летніка будзе працаваць змена для адораных дзяцей Воранаўскага раёна, а ў другой палове лета тут чакаюць падлеткаў з расійскага горада Несцераў.

Старшыня Воранаўскага райсавета Алена Ганевіч ганарыцца тым, што ўдалося захаваць аздараўленчы комплекс для дзяцей. Яна ўспамінае той час, калі прафсаюзы АПК перадалі яго на баланс аддзела адукацыі. «Тады прыйшлося добра папрацаваць, каб прывесці яго ў належны стан, бо інфраструктура была не ў самым лепшым выглядзе. Літаральны кожны з 27 домікаў патрабаваў рамонту. Мы пачалі з замены вокнаў, прывялі ў парадак санітарныя вузлы, душавыя, цэнтр культурных мерапрыемстваў і многае іншае. Такім чынам, летнік быў нарэшце прыведзены ў парадак», — рэзюмавала субяседніца.

У раёне імкнуцца зрабіць адзіны стацыянарны аздараўленчы лагер для дзяцей зручным і камфортным для адпачынку, таму работы па аднаўленні і касметычным рамонце вядуцца кожны год. Ужо з сакавіка сюды прыязджаюць шэфы з розных арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў раёна. Але асабліва ажыўлена на тэрыторыі лагера перад пачаткам летняга сезона. Усе ведаюць сваю справу, таму работы вядуцца аператыўна, усё робіцца добрасумленна і якасна. Дарэчы, шэфы прыязджаюць нават са сваімі будаўнічымі матэрыяламі.

За кожнай сельгаспадаркай замацавана некалькі домікаў, аднаўляецца афарбоўка дахаў і фасадаў. Таксама дапамагаюць і з рамонтам унутры памяшкання, напрыклад, замянілі падлогу ў некалькіх доміках і ў будынку цэнтра культуры. Аднаўляецца і мэбля, зявіліся шафы-купэ, прадугледжана столевае ацяпленне. Мадэрнізаваны медыцынскі і харчовы блокі. Упарадкаваны асобны домік для сушкі адзення і абутку.

Мясцовыя дарожнікі аднавілі асфальтавае пакрыццё. Таксама сіламі сельгаспрадпрыемства скошана трава і перакапана пажарная палоска, устаноўлены новыя банеры. Па ўсім перыметры тэрыторыі і каля стаянак леснікамі праведзена санітарная ачыстка ляснога масіву. А напярэдадні прыёмкі летніка прайшоў агульны суботнік. Прыведзены ў парадак кветнікі і клумбы.

Летась тут набылі два надзіманыя басейны. Ёсць праектар для вячэрніх кінасеансаў, што дазволіць зрабіць вольны час разнастайным. Сёлета набылі трэнажоры

Як расказала загадчык сектара аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Людміла Салмановіч, усе змены будуць мець профільны кірунак. Адбудзецца аздараўленне дзяцей, якія паказалі добрыя вынікі ў вучобе. На заключную змену плануецца прыезд дзяцей з Гродна.

Што датычыцца міжнароднай змены, гэта пытанне абмяркоўваецца. Кіраўнік муніцыпальнай акругі горада Несцерава Калінінградскай вобласці Аляксей Родзін нядаўна пабываў у летніку і мяркуе заняцца арганізацыйнымі пытаннямі па прыездзе сюды расійскіх дзяцей.

Трэба сказаць, што вопыт міжнародных змен тут ёсць. У свой час у Воранаўскі раён прыязджалі на аздараўленне дзеці з Польшчы. А вось прадстаўнікі расійскага рэгіёна прыедуць упершыню.

Мы прымалі па дагаворы дзяцей з Польшчы, ім тут усё спадабалася, для іх былі арганізаваны экскурсіі ў Гродна, Мінск, яны пабывалі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Батанічным садзе, наведалі старажытныя замкі і іншыя славутасці Гродзеншчыны. Паказалі ім цікавыя мясціны і нашага Воранаўскага раёна. Цяпер рыхтуем праграму паездак для расійскіх гасцей, яна таксама будзе вельмі насычаная, спадзяёмся, што яны не будуць расчараваны, — запэўніла Людміла Салмановіч.

«Рамонак» — адзін з 22 стацыянарных летнікаў, якія сёлета будуць працаваць у Гродзенскай вобласціУсяго на Гродзеншчыне адчыняць свае дзверы звыш 700 лагераў, пераважная большасць якіх з дзённым наведваннем. Гэта ў асноўным школьныя летнікі ва ўстановах адукацыі. Мяркуецца аздаравіць падчас летніх канікул 47 тысяч дзяцей вобласці.

Адпачынак будзе самы разнастайны. Гэта і профільныя лагеры «Навука», «Валанцёр», «Прафстарт», «Свет навукі», «Юны кадэт» і іншыя. Звыш 80 летнікаў маюць ваенна-патрыятычную накіраванасць і размесцяцца на базе воінскіх часцей і пагранічных застаў. Плануецца адкрыццё змен мастацкага, турыстычна-краязнаўчага, экалагічнага, культурнага, ваенна-патрыятычнага, гуманітарнага кірункаў.

Першым на Гродзеншчыне прыме дзяцей стацыянарны лагер «Свіцязь» Навагрудскага раёна. Заезд тут адбудзецца ўжо першага чэрвеня. У «Рамонак» дзятва прыедзе 11 чэрвеня. Сёлета тут будуць працаваць чатыры змены па 15 дзён

А вось міжнародная змена стане крыху карацейшая.

Маргарыта УШКЕВІЧ.

https://zviazda.by/be