2 мая споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння Кастуся Жука

2 мая споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння Кастуся Жука

КАСТУСЬ ЖУК (Канстанцін Якаўлевіч; 2 мая 1954, Нясвіжскі р-н ) – паэт, лаўрэат прэміі Федарацыі прафсаюзаў Беларусі(1999).

Канстанцін Якаўлевіч Жук нарадзіўся на Міншчыне: у вёсцы Затур’я Нясвіжскага раёна. Пасля заканчэння Сейлавіцкай сярэдняй школы (1971) і курсаў шафёраў пры нясвіжскім аўтамотаклубе ДТСААФ служыў у Савецкай Арміі. У 1974–1979 гг. працаваў наладчыкам і электразваршчыкам на Мінскім трактарным заводзе і адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ.

З канца 1970-х гг. займаўся літаратурнай працай: пісаў вершы, быў літсупрацоўнікам газеты «Чырвоная змена» (1979), карэспандэнтам шматтыражнай газеты мінскіх будаўнікоў «На стройках Минска» (1979–1981). У 1981 г. атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і быў прыняты на пасаду рэдактара Беларускага тэлебачання. У 1988–2004 гг. працаваў рэактарам, узначальваў аддзел у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Член СП СССР з 1988 г.

Першыя вершаваныя радкі Кастуся Жука з’явіліся у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» у 1968 г. У 1979 г. у серыі «Першая кніга паэта» выйшаў калектыўны зборнік «Нашчадкі», дзе была змешчана і падборка вершаў К. Жука. Яго паэтычныя творы раз-пораз друкаваліся ў альманаху «Дзень паэзіі».

Juk_K._Shpak_kupiў_magnіtafon_Yunactva_1996.jpg

Першая кніга паэта «Планета маёй душы» была надрукавана ў 1982 г. Пазней свет пабачылі кнігі «Зямная ноша» (1988), «Пладаносны агонь» (1991), «У найме сонца» (1992). У паэтычных творах К. Жука адной з вядучых з’яўляецца тэма Радзімы: шмат вершаў паэт прысвяціў трагічнай гісторыі Беларусі, самаахвярнасці і мужнасці яе народа. У 1997 г. выйшла наступная кніга паэзіі К. Жука «Галгофа». У зборнік увайшлі паэмы «Дванаццаць апосталаў», «Леснічоўка», «Галгофа», вершы. Глыбокае веданне жыцця з усімі яго праявамі дапамагло аўтару трапна і метафарычна адлюстраваць рэчаіснасць, раскрыць характары літаратурных герояў у іх змаганні з жорскасцю жыццёвых выпрабаванняў. У 1999 г. кніга вершаў «Галгофа» была адзначана Прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Juk_K._Begemot_bez_botaў_MastLіt_2004.jpg

Піша К. Жук і для дзяцей. Ён – аўтар кніг вершаў, казак, скорагаворак і загадак «Шпак купіў магнітафон» (1996), «Бегемот без ботаў» (2004). Вершы паэта «Францыску Скарыну», «Матчыны словы» сталі хрэстаматыйнымі.

Творы Кастуся Жука будуюцца на філасофскім асэнсаванні дабра і зла, чалавечых набыткаў і страт, востра ставяцца ў яго паэзіі маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Шэраг яго твораў пераведзены на іншыя мовы.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.