Зігзагі лёсу Браніславы Кур’ян

Зігзагі лёсу Браніславы Кур’ян

1q.jpg

Вялікая Айчынная вайна — гэта не толькі гераічная гісторыя і слава, але і наша боль, памяць. Нашы землякі не толькі ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах, але і гвалтоўна былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. З акупаваных абласцей СССР толькі ў пачатку 1942 года на прымусовыя работы было адпраўлена 15 мільёнаў чалавек. Стратэгія немцаў яскрава паказана ў плане “Ост”, згодна з ім прымусова высяліць на Урал на працягу 30 год неабходна было 75% беларусаў. Прыкладна 10-15% — анямечыць, астатнюю частку — знішчыць або зрабіць таннай сілай для Германіі.

У той страшны час дармовым работнікам у сем’ях нямецкіх “баўэраў” была і наша зямлячка Браніслава Адольфаўна Сонька (у замужжы Кур’ян). Нарадзілася яна ў 1923 годзе ў вёсцы Рэмзы у сялянскай сям’і Адольфа Янавіча і Ганны Юзэфаўны. Акрамя Браніславы, у сям’і былі яшчэ тры дачкі: Станіслава, Марыя і Францішка.

Пад нямецкім гнётам

У жніўні 1943 года на катаржныя работы ў Германію немцы адабралі шэсць дзяўчат з Рэмзаў. Сярод іх была і Браніслава Сонька. Праз Ліду іх павезлі ў Беласток, а апошнім прыпынкам стаў Кёнігсберг.Дзевятнаццацігадовая Браніслава трапіла да жанчыны з трыма дзецьмі, яе муж быў на фронце. Па 13 гадзін у дзень Броня выконвала ўсе работы ў доме, на агародзе. Калі ў водпуск прыехаў гаспадар, то адразу прадаў дзяўчыну іншаму “баўэру” — страшна ненавідзеў усіх рускіх. Там Броні было яшчэ цяжэй: пастаянныя крыкі, лаянні ды пагроза бізуном, яшчэ большая гаспадарка. Працавалі па 15 гадзін, спалі на сене ў хляве. І толькі зімой гаспадар дазваляў ім перайсці ў цяплейшае памяшканне з печкай-буржуйкай.

Думалася, што пакутам не будзе канца. Мінуў год, пайшоў другі… Але нечакана гаспадар змяніў свае адносіны да рабочых. Усё растлумачылі гарматныя залпы на ўсходзе ў красавіку 1945 года — ішоў бой за Кёнігсберг, які пазней капітуляваў. 10 красавіка1945 года дзяўчыну вызвалілі савецкія салдаты.

Да родных ніў

Вярнуўшыся дадому ў родную вёску, Броня працавала на гаспадарцы. У 1950 годзе ўзяла шлюб з Браніславам Кур’янам з вёскі Куклі Смільгінскага сельсавета. Маладыя жылі шчасліва, радаваліся з’яўленню сына Станіслава. Браніслава Адольфаўна была добрай гаспадыняй і клапатлівай маці. Але шчасце было нядоўгім — на восьмым годзе замужжа Броня засталася ўдавою. У гэты ж год памерлі і мужавы бацькі. На плечы маладой жанчыны лягла перабудова старой хаты. Сёння ў прыгожым доме жывуць сын і нявестка.

IMG_20220405_084538.jpg

2.jpg

Б.А. Кур’ян добрасумленна праца-вала паляводам у калгасах “Перамога”, “Уперад” Якубаўскага і Місявіцкага сель-саветаў. Яна ўзнагароджана памятным нагрудным знакам “Вязень нацызму”, а 7 мая 2010 года атрымала юбілейны медаль “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Не стала Браніславы Кур’ян 12 чэрвеня 2010 года.

Праўнукі Перамогі

IMG_5990.jpg

У нашай школе выкладае біялогію ўнучка Б.А. Кур’ян Галіна Станіславаўна Петрушэвіч. “Нягледзячы на тыя жорсткія выпрабаванні, цяжкасці на жыццёвай дарозе, мая бабуля Браніслава засталася добразычлівым і светлым чалавекам, якую паважалі аднавяскоўцы”, — успамінае яна.

Вучыцца ў 10 класе і праўнук Браніславы Адольфаўны — Канстанцін Кур’ян. “Я ганаруся сваёй прабабуляй Браніславай. Ёй столькі прыйшлося перажыць, вытрымаць жудасныя здзекі. Мы сёння — шчаслівыя дзеці, таму што нарадзіліся і жывём пад мірным небам. Няхай на зямлі ніколі не будзе вайны!” — гаворыць Канстанцін.

Фаіна ВОЙШНІС,

кіраўнік

па ваенна-патрыятычным выхаванні

ДУА “Забалацкая сярэдняя школа

імя Я.Н. Карпянкова”.