“Гісторыя ў вежах спачывае”: ГЕРМАНІШСКАЯ святыня

История 16 июля 23 1051
“Гісторыя ў вежах спачывае”: ГЕРМАНІШСКАЯ святыня

2.JPG

Вёска Германішкі — намоленае месца з багатай гісторый. Высока над ёй узвышаецца велічны касцёл як маяк веры, абярэг сяльчан ад жыццёвай непагадзі, заслона ад непрыяцеляў і зніч надзеі на шчаслівую будучыню нашчадкаў. Ён — маўклівы сведка сівой даўніны, да якой хочацца дакрануцца няўрымслівым шукальнікам-краязнаўцам ды і нам, цікаўным журналістам. Спяшаемся заглянуць сюды — у святыню практычна са 140-гадовай гісторыяй.

1C9A8430.JPG

Захапленне… Ад яго заміраеш ужо з першага погляду на святыню. Збудаваная з бутавага каменю, абнесеная такой жа агароджай, увянчаная трох’яруснай васьміграннай вежай-званіцай, яна сапраўды велічная. Асаблівую прыгажосць набывае вечарамі, калі размешчаная па перыметру падсветка асвятляе фасад касцёла. Здаецца, ён лунае над зямлёй. Уражаная, раблю першы крок праз касцёльную браму, хочацца з усіх бакоў разгледзець гэты помнік архітэктуры неаготыкі.

5.JPG

Абыходжу храм няспешна, уважліва разглядаю кожную дэталь. У алтарнай сцяне кінулася ў вочы ўмураваная надмагільная пліта. На ёй выбіта імя Стэфаніі Вансовіч, памерлай у 1879 годзе. Тут значыцца, што жанчына пражыла ўсяго 30 год і просяць за яе малітву “Вітай, Марыя”. Гэтая пліта з’явілася тут невыпадкова. Бо менавіта спадчына Стэфаніі Вансовіч склала аснову сродкаў на будаўніцтва касцёла.

1C9A8417.JPG

1C9A8406.JPG

Ля касцёльнай агароджы ёсць некалькі цікавых надмагілляў. Сярод іх вылучаецца каплічка з чырвонай цэглы Юліі Рэўкоўскай з роду Хлюдзінскіх, адышоўшай з жыцця ў 1835 годзе. На жаль, пра яе нічога невядома.

1C9A8408.JPG

Пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы

Самы час пераступіць парог касцёла. Па адной з легендаў, ля ўвахода ў яго быў пахаваны адзін з ксяндзоў.

3.JPG

Інтэр’ер храма зальны, перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю, падлога з керамічных плітак. З фрэсак на вернікаў “глядзяць” святыя.

У касцёле — тры алтары. На галоўным змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы, паколькі храм носіць яе тытул. Адразу кідаюцца ў вочы дзве калоны. Тое, што яны ілюзорна намаляваны стала зразумела, калі падышла бліжэй. У самым алтары ёсць адтуліна. Існуе два меркаванні яе прызначэння: магчыма, яна зроблена для вентыляцыі, а можа, тут было захаванне.

1C9A8388.JPG

6.JPG

Цікава, што змяніўся воблік бакавога алтара злева. Там некаторы час змяшчаўся абраз Божай Міласэрнасці. Сённяшні настаяцель касцёла Дзяніс Крываносаў у гістарычных крыніцах адшукаў, што значна раней тут быў абраз са святой Ганнай. І вярнуў алтару былы выгляд.

Каштоўнасцю храма з’яўляецца арган. Сюды ён прыбыў са старога, пабудаванага ў ХVІІ стагоддзі касцёла. На жаль, музычны інструмент патрабуе значнага рамонту.

4.JPG

Як гэта было…

Згодна з мясцовым падан-нем, касцёл быў заснаваны ў Германішках ў 1387 годзе. Насамрэч у гэтым годзе ў гістарычных крыніцах упершыню ўзгадвалася вёска сярод паселішчаў, якія кароль Ягайла аддаў касцёлу святых Станіслава і Уладзіслава ў Вільні. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, заснавана каталіцкая святыня каля 1452 года дзякуючы біскупскай фундацыі. Першы касцёл, як і другі, быў драўляным. Чарговы будынак храма ўзвялі ў 1686-м на сродкі віленскага біскупа Бжастоўскага, які не змог быць абыякавым, убачыўшы дрэнны стан папярэдняй святыні. Касцёл знаходзіўся ў заходняй частцы вёскі. Па меркаванні мясцовых жыхароў, быў на месцы сучаснага магазіна. Пасля пажару 1880 года касцёльны пляц вырашылі перанесці дзесьці метраў на дзвесце.

1C9A8391.JPG

Будаўніцтва новага мураванага касцёла пачалося ў 1886 годзе. Магчыма, па праекце губернскага архітэктара Полазава. Дарэчы, спачатку не была прадугледжана званіца. Яна надбудавана значна пазней — у 1920-х гадах. У 1909-м храм быў асвечаны пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы.

Нельга пакінуць па-за ўвагай той факт, што падчас Вялікай Айчыннай вайны настаяцель храма Гедымін Пялецкі дапамагаў яўрэям. На плябаніі схаваў дваіх чалавек. Не баючыся за сваё жыццё, вазіў ежу ў яўрэйскае гета ў Вільнюсе.

У 1965 годзе касцёл зачынілі, аднавіўся прыход толькі праз дваццаць два гады, у 1987-м. З 1999 года Богу і людзям тут служаць святары-паллатыны.

1C9A8392.JPG

Пад біскупскім крылом

Як ужо вядома, доўгія гады вёска належала віленскаму біскупству. Маёнтак Германішкі якраз быў ва ўладанні віленскага біскупа — рэлігійнага, грамадскага і палітычнага дзеяча, мецэната Ігната Якуба Масальскага. Яго палац быў з ганкам, крыты гонтам, за ім — агарод. На двары размяшчаліся лядоўня, дзе захоўваліся прыпасы, бровар, саладоўня, пякарня, вазоўня, хлявы. Наколькі часта сюды наведваўся біскуп невядома, але яго асоба заслугоўвае асаблівай увагі.

1C9A8396.JPG

Ігнат Якуб Масальскі з княскага роду, з дзяцінства рыхтаваўся да духоўнага сану. У 1762 годзе ён стаў віленскім біскупам. Быў прагрэсіўным на свой час дзеячам. Выступаў за адмену прыгоннага права, нават сваіх сялян перавёў з паншчыны на чынш, выдзяляў ім зямлю. Клапаціўся аб стварэнні адукацыйнай камісіі, першым старшынёю якой і стаў. Прыкладаў усе намаганні, каб у вёсках былі пачатковыя школы, лічыў, што пашырэнне навукі прывядзе да дабрабыту народа і ўсёй дзяржавы. Да слова, у 1777 годзе ў германішскай прыхадской школе налічвалася трынаццаць дзяцей. Біскуп Масальскі выдаў загад ксяндзам, каб у прыхадскіх вёсках дзеці шляхты навучаліся разам з сялянскімі.

На жаль, лёс яго склаўся трагічна. Без суда быў павешаны ў перыяд падзелу Рэчы Паспалітай ў Варшаве ў 1794 годзе.

Пасля раздзелу Рэчы Паспалітай Германішкі перасталі быць біскупскай уласнасцю, перайшлі да барона Лефорта.

“Сакрэты” германішскай зямлі

Пакуль знаёмілася з архітэктурай храма, іх мне прыадкрыла верніца Ганна Голец, ураджэнка Германішкаў. — Мясцовыя людзі сцвярджаюць, у вёсцы ёсць падземны ход. Злучае ён касцёл… — расказала жанчына. — А вось з чым, думкі розняцца. Магчыма, з плябаніяй, у будынку якой яшчэ некалькі год назад размяшчалася базавая школа, ці могілкамі, ці нават лесам.

Кажуць, што жыхары вёскі, як і забалаччане, у свой час схавалі званы. Дзе яны закапаны, невядома. Будзем спадзявацца, што яны адшукаюцца і вернікаў на касцёльным пляцы будзе вітаць мілагучнае шматгалоссе германішскіх званоў.

1.JPG

1C9A8418.JPG

DJI_0013.JPG

DJI_0021.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА і Сяргея ГРЫЧЫКА.