Не нашы традыцыі. Без веры. Без надзеі. Без любові

Не нашы традыцыі. Без веры. Без надзеі. Без любові

У ноч перад Днём усіх святых, 1 лістапада, стала забавай у асноўным у моладзевым асяроддзі пераапрануцца ў касцюмы нячыстай сілы, акружаць сябе містычнымі атрыбутамі (павуціннем, гарбузамі, кажанамі), прымаць удзел у вечарынках, дзе пануе жудасная атмасфера. На жаль, гэты модны трэнд прывёў да страшнай трагедыі ў горадзе Сеул, сталіцы Южнай Карэі. Падчас святкавання Хэлоўіна ўзнікла даўка і больш за 150 чалавек загінула, 80 былі паранены, звыш 356 прапалі без звестак. Сярод загінуўшых — чатыры дзяўчыны з Расіі. Проста ахвяраванне нейкае!

Дык што ж гэта за свята такое! Ні дзяржаўнае, ні рэлігійнае! Ці варта нам, славянам, адзначаць Хэлоўін, які не мае нічога агульнага з нашымі традыцыямі? Вытокі гэтага свята — з кельцкай культуры. Кельты, якія жылі ў Ірландыі, Францыі і Англіі, раздзялялі год на два сезоны — летні і зімовы. 31 кастрычніка ў іх быў завяршаючым днём года. Людзі завяршалі збор ураджаю і пераходзілі на зімовы сезон. Навагодняе святкаванне здзяйснялася менавіта ў гэтую ноч. Кельты верылі, што ноччу свет жывых і свет памерлых прыадчыняюць свае дзверы, а духі пранікаюць на зямлю. Каб зберагчы сябе і сваю сям’ю ад злых духаў, кельты не запальвалі агні ў дамах, апраналіся ў звярыныя скуры і адпужвалі нечаканых гасцей.

З прыходам у Еўропу хрысціянства язычніцкія святы пацяснілі. У VІІІ ст. Папа Рымскі Грыгорый ІІІ перанёс на 1 лістапада Дзень усіх святых, а 31 кастрычніка стала напярэдадні гэтага свята. Па-англійску гэта гучала All Hallows Eve, пасля скарацілася да лаканічнага Halloween.

Прыкладна ў ХVІ ст. склалася традыцыя выпрашваць салодкае ноччу 31 кастрычніка. Дзеці і дарослыя апраналі маскі і хадзілі ад адных дзвярэй да другіх… Дарэчы, вам гэта нічога не нагадвае?  Як наконт Калядавання на Раство? Можа, варта дачакацца свайго свята, а не дзейнічаць бяздумна пад уплывам моды з-за мяжы?..

Да таго ж, 1 і 2 лістапада большасць беларусаў наведае могілкі, каб запаліць знічкі, памаліцца за супакой душаў продкаў, папрасіць іх аб заступніцтве. Гэта наш хрысціянскі звычай, якога нам неабходна прытрымлівацца, каб разлічваць на нябачную дапамогу сваіх дзядоў і прадзедаў.

19607557_0_0_1920_1280_1920x0_80_0_0_78e8a14e13ee970c75aab4783c0bced1.jpg

Меркаванне

— Як казаў ксёндз Міхаіл Ліпскі, Хэлоўін з’яўляецца працягам язычніцкага свята з элементамі сатанізму. Ён не мае нічога агульнага з хрысціянствам, толькі хіба тое, што парадыруе ўрачыстасць усіх святых. Тых, хто пасля смерці цешыцца хвалою нябёсаў, хто заслужыў гэта сваім гераічным наследаваннем Хрыста, — разважае сястра Наталля Дремо з Воранаўскага санктуарыя. — Тое, што на першы погляд здаецца бяскрыўднай забавай, жартам, “кайфам” — пачварны маскарад на Хэлоўін, першая цыгарэта, першы кілішак, першая доза — насамрэч становіцца першым крокам да страты жыццёва важных атрыенціраў, да блукання ў цемры, што доўжыцца бессэнсоўна пражытымі гадамі і заканчваецца заўчаснай смерцю.

Спадзяюся, што сучасныя юнакі і дзяўчаты, якія ведаюць, хто яны і жадаюць пражыць на зямлі прыгожае жыццё, не дадуць уцягнуць сябе ў баль сатаны, які з новым імпэтам будзе зноў шалець у гэтыя дні навокал, імкнучыся засмактаць у свой д’ябальскі, смяротна небяспечны вір новыя ахвяры.

Прашу нашу моладзь замест таго, каб страшыць кагосьці свечкаю ў гарбузе, прыбраць магілы сваіх продкаў, запаліць на іх знічкі. У ціхай малітве падзякаваць Богу за дар жыцця, веру, надзею, любоў, а таксама папрасіць для сябе і сваіх блізкіх сапраўднага шчасця.

Гэта нашы традыцыі, нашы хрысціянскія каштоўнасці, яны складаліся стагоддзямі. Менавіта іх павінна засвоіць наша моладзь, а не паддавацца еўрапейскім і амерыканскім камерцыйным трэндам, якія падмяняюць хрысціянскія традыцыі і знішчаюць духоўнасць. Ад усіх нас патрабуецца актыўная грамадзянская пазіцыя на гэты конт, неабыякавасць і клопат пра маральны стан нашага грамадства.

Падрыхтавала Марына КАНДРАТОВІЧ.