Мудрасць матулінага сэрца

14 октября 22 1969
Мудрасць матулінага сэрца

1.JPG

Бясконцымі клопатамі і малітвамі за дзяцей і ўнукаў жыве Яніна Антонаўна Вількевіч з Забалаці. У вобразе гэтай вясковай жанчыны-маці ўвасабленне ўспамінаў многіх пра сваю родную матулю. Для нас, беларусаў, маці атаясамліваецца з Бацькаўшчынай, з роднай мовай, утульнай хатай…Матчына слова — першая школа жыцця — самая трывалая і правільная.

— У бацькоў я была адна, выпешчаная ў матулінай і татавай любові, — прызнаецца Яніна Антонаўна. — Але заўсёды марыла пра брата, пра вялікую сям’ю. І калі сустрэла Фелікса, вырашыла: пажэнімся і народзім не менш трох дзяцей. Мне было ўсяго васямнаццаць год, калі мы зладзілі вяселле. А мамай стала ў дзевятнаццаць — з’явіўся першанец Валянцін.

Успомніце, матулі, пачуццё, калі ў тваіх руках камячок шчасця. Сэрца напаўняецца любоўю, пяшчотай, жаданнем абараніць сваё дзіця ад усяго дрэннага, даць яму самае лепшае. Рэхам адгукаюцца таямнічыя словы-ўспаміны субяседніцы.

— Так павялося здаўна, што нязменнымі паплечнікамі, памочнікамі маладых былі іх бацькі. Вось і ў нас так было. Спачатку жылі разам, у Наркунах, за парадамі да чужых не звярталіся — лепш за бацькоў усё роўна ніхто не падкажа. Ды і з малым лягчэй было. На работу ж з “дэкрэта” выходзілі праз год, у дзіцячы садок пры магчымасці стараліся малое адразу не аддаваць, — працягвае аповед яна.

32.jpg

Праз тры гады нарадзіўся Анджэй, а яшчэ праз тры — Юра. Маладыя бацькі радаваліся, назіраючы, як растуць іх цудоўныя тры волаты, стараліся напоўніць шчасцем кожны іх дзень. Дзеці падрасталі, а муж і жонка ўсё часцей гаварылі пра дачушку. І ў пошуках дзяўчынкі знайшлі яшчэ аднаго ўдалага хлопца — у 1991-м нарадзіўся Антон.

—     Кажуць, што ў выхаванні хлапчукоў патрэбны сталёвы мужчынскі характар. Згодна, але гэта роля дасталася мне, — усміхаецца жанчына. — Муж — вельмі мяккі чалавек, гэтым карысталіся дзеці, а зараз — і ўнукі. За прысмакамі ў магазін — з дзедам, бавіць час — з дзедам, калі яшчэ працаваў, то і на работу, у кабіне пакатацца, — з дзедам. У мяне ж дзіцячыя хітрыкі не праходзілі: зрабіў шкоду — павінен адказаць за свае дзеянні.

Канешне ж, пасля абдымкаў маленькіх ручак і пацалункаў матуліна “навальніца” змянялася яскравай вясёлкай на вуснах роднага чалавека. Цікавая з’ява, згадзіцеся, як простыя рэчы, немудрагелістае, але шчырае слова “люблю” могуць расквеціць жыццё каго заўгодна.

Рыгор Барадулін у сваім творы сцвярджаў, што Божыя загады пішуцца мамай у сэрцы кожнага з нас. Яніна Антонаўна патрабавала ад сыноў гаварыць праўду, не ашукваць, не крыўдзіць слабых, паважаць старэйшых, быць працавітымі і любую справу пачынаць з Богам.

— Нашы хлопцы розныя па характары: Валянцін — гарэза-гумарыст, Анджэй — гаспадарлівы, Юра — спагадлівы, ласкавы, Антон — акуратыст. Агульнае адно — людзьмі выраслі, за іх не сорамна. Кожны абраў для сябе прафесійны шлях, адшукаў свой лёс. Зараз іх сем’і — трывалая апора ў нашым жыцці і светлая яго частка. А мары пра дачушку здзейсніла старэйшая ўнучачка Караліна, дачка Анджэя і Святланы. Пакуль бацькі-студэнты вучыліся, яе выхаваннем займаліся мы з дзедам. Дарэчы, зараз у нас ужо сем унукаў — у кожнага з сыноў ёсць працяг.

IMG_5352.JPG

У доме старэйшых Вількевічаў па сямейнай традыцыі ўсе збіраюцца на вялікія каталіцкія святы. За багата накрытым сталом чуюцца гоман дзятвы, смех дарослых і…

— Ешце-ешце, гэта ж усё сваё, — цытуе аднаго з сыноў Яніна Антонаўна. — Хто гадаваў хлопцаў, той зразумее: у нас на стале галоўнае — запечаны кумпяк і свойская каўбаса, а астатняга можа і не быць.

Пра “астатняе” трэба ў асобным артыкуле расказваць. Яніна Антонаўна — знатная гаспадыня ў акрузе. Вяселлі, хрэсьбіны, дні нараджэння па-сяброўску дапамагала гатаваць не раз. Яшчэ два-тры дзясяткі год таму такія святы ладзілі толькі дома, мінуючы аб’екты грамадскага харчавання. Таму слова “сваё” ў гэтым кантэксце значна дабаўляе смаку і, безумоўна, каштоўнасці стравам. Увогуле сярод захапленняў маёй гераіні нямала цікавага. Напрыклад, вырошчванне чырвоных кавуноў — у мінулым годзе кожны быў не менш за сем кілаграмаў. Вельмі любіць руплівая Яніна Антонаўна кветкаводства: расаду пятуніі з мікраскапічнага зярнятка вырошчвае сама.

Гаворачы толькі пра сыноў Вількевічаў, карціна бацькоўскага абавязку будзе няпоўнай. Перад Богам Яніна і Фелікс далі абяцанак выхоўваць у хрысціянскіх традыцыях яшчэ іншых дзетак. Муж з жонкай сталі для 13 немаўлят хроснымі бацькамі і надзейнай падтрымкай у жыцці. У гэтай сям’і моцныя рэлігійныя традыцыі, якія, канешне, знайшлі адлюстраванне зараз у Вількевічаў маладых.

Удзячныя дзеці, нягледзячы на сучасны жыццёвы рытм, строга прытрымліваюцца барадулінскай аксіёмы: “Трэба дома бываць часцей”. Каб дапамагчы тое-сёе, пацікавіцца здароўем. І абавязкова, як у дзяцінстве, нырнуць пад бацькоўскае крыло — зноў адчуць непаўторнае цяпло і бязмежную любоў, якая можа вылечыць ад усіх хваробаў, захінуць ад усякіх нягод.

2.jpg

Галіна ШЛЕМПА.

Фота аўтара і з архіва сям’і Вількевіч.