Драйвова адпачываюць і фальклор малой радзімы вывучаюць
На васямнаццаць дзён Канвелішская школа пераўтварылася ў фальклорную пляцоўку. Трыццаць наведвальніцаў аздараўленчага лагера пад аўтэнтычнай назвай “Берагіня” цудоўна адпачываюць і вывучаюць народную спадчыну Беларусі і малой радзімы.
— Накірунак у нашым лагеры — этнакультурнае краязнаўства. Таму асноўная мэта — пазнаёміць нашых выхаванцаў з культурнай спадчынай родных мясцін — Воранаўскага раёна, — расказала дырэктар лагера Ірэна Іванаўна Мухляда. — Кожны дзень адпачынку нашых вучняў мы дасканала прадумалі і распланавалі. У праграме — рэканструкцыя народных абрадаў, квэст-гульні, развучванне народных песень і танцаў, фальклорныя экспедыцыі, падарожжы па знакавых і цікавых месцах малой радзімы. Напрыклад, зараз яны ведаюць, дзе знаходзяцца Тамашова поле, Русалчын мост, пра якія ў “Літаратурнай старонцы” расказвала наша раённая газета. Згадзіцеся, дзеці павінны ведаць традыцыі продкаў, шанаваць тую культурную спадчыну, якая нам дасталася ад бабуляў і дзядуляў. Акрамя таго, дзятва зможа і аздаравіцца, і набрацца сіл, энергіі, і раскрыць свой творчы патэнцыял.
— І назва лагера абрана невыпадкова, — дадала старэйшы выхавацель Ірына Вітольдаўна Дзекан. — “Берагіня” — гэта беларуская лялька-абярэг. Дык няхай жа яна аберагае нашых дзетак, каб яны жылі ў мірнай краіне, бачылі толькі сонца над галавой, весела і шчасліва бавілі час.
Што ў лагеры дзецям адпачываецца драйвова, журналіст “ВГ” пераканалася на месцы. Дзень прыезду выдаўся сонечным, цёплым. Хіба тут уседзіш у сценах школы?! У цянёчку школьнага двара на дыванах уладкаваліся хлопчыкі і дзяўчынкі і цікавалі, што іх чакае сёння?
Выхавацелі, як заўжды, падрыхтавалі шмат сюрпрызаў: народныя танцы ды песні вывучалі, лічылкі ды пацешкі ўспаміналі і нават папараць-кветку шукалі. І канешне ж, згулялі ў гульні, якім іх навучылі старэйшыя жыхары Канвелішак — Леакадзія Іванаўна Калыска, Вольга Казіміраўна Сінкевіч і Браніслаў Юльянавіч Чапля. А гэтую сустрэчу дапамаглі наладзіць мясцовы цэнтр культуры і вольнага часу, сельская бібліятэка.
— Вельмі добра, што школа, работнікі культуры клапоцяцца, каб нашы хлопчыкі і дзяўчаты ведалі, як жылі раней іх дзядулі і прадзядулі, якіх звычаяў і абрадаў прытрымліваліся, — разважае Леакадзія Іванаўна. — Калі мяне папрасілі паказаць гульні майго дзяцінства, адразу і не прыгадала. Успомнілася, як з аднагодкамі пасвілі свіней, палолі бульбу, сушылі сена… А пасля ўсхамянулася — як было весела, калі пятнаццаць дзяцей з вёсачкі з Шальчынінкскага раёна, адкуль я родам, разам збіраліся! Трэба было дапамагаць бацькам, таму гулялі щ абед ці вечарам, у святы. Але ўсё навокал звінела ад нашых галасоў. Няхай сённяшнія дзеці гуляюць, на здароўе, так, як мы калісьці! І хоць на некаторы час адкінуць у бок мабільныя тэлефоны і планшэты. Будуць дужэйшымі і здаравейшымі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Канвелішскага НПК.