Да Міжнароднага дня вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў. Моцна раняць сэрца ўспаміны…

Да Міжнароднага дня вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў. Моцна раняць сэрца ўспаміны…

Сёння Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў. Успамінамі пра праведзеныя паўтара гады ў канцлагеру Ківіылі ў Эстоніі падзялілася жыхарка Беняконей Марыя Марцінаўна Жых

DSC095351.jpg

Скруткі калючага дроту, штодзённы страх за жыццё, непасільная праца, попел спаленых жывымі людзей… Усё гэта ўспаміны Марыі Марцінаўны Жых, сёння жыхаркі аграгарадка Беняконі. У чатырнаццаць год яна стала вязнем канцлагера Ківіылі ў Эстоніі, але змагла выжыць і вярнуцца на малую радзіму — у вёску Данілавічы Дзятлаўскага раёна.

Пра дзяўчыну слушна гавораць: “Не нарадзіся прыгажуняй, але шчаслівай”. На жаль, маёй гераіні Бог не даў добрай долі, ды яна на яго не наракае: збярог жа да 95-ці год.

Першы раз Марыя спазнала бяду ў тры годзікі — страціла бацьку, які памёр ад ангіны. Тады не стала месца ў хаце нялюбай нявесцы, не раз бабуля падымала руку на ўнучку. Невялічкая сям’я Аўсянік (дзявочае прозвішча Марыі Марцінаўны) задумалася пра ўласную хаціну. Добрасардэчныя землякі не аставілі іх, дапамаглі пабудаваць дом.

Каб на стале быў бохан хлеба, Марыя нанялася пасвіць каровы. За сезон пашы за адну жывёлу давалі шэсць пудоў жыта. Маці таксама працавала на чужых людзей. Дзякуючы яе дасціпнасці і гаспадарлівасці сям’я пакрысе стала на ногі: завялі сваю гаспадарку і ўжо самі дапамагалі бяднейшым аднавяскоўцам. Здавалася, жыві і радуйся, але выбухнула вайна…

изображение_viber_2022-04-11_14-21-46-126.jpg

Жыццё за калючым дротам

Моладзь з суседніх вёсак падалася ў партызаны.Тых, хто не паспеў, солтыс — стараста вёскі — перапісаў, затым усіх вывезлі ў Наваельню ў часовы канцлагер. На хвілінку для Марыі заблішчала надзея вярнуцца дадому — маці выкупіла яе ў паліцая, але так здарылася, што той адпусціў на волю зусім іншую дзяўчыну. Маю субяседніцу чакаў складаны шлях у канцлагер Ківіылі ў Эстоніі на цягніку-цялятніку.

На месцы іх размеркавалі па бараках па 20 чалавек. Малодшых, як Марыя, накіравалі капаць супрацьтанкавыя рвы.

— Немец, як злыдзень, хадзіў з гумаю і нас падганяў, мучаў, — ад горкіх успамінаў на вачах Марыі Марцінаўны выступілі слёзы. — У нашы абавязкі таксама ўваходзіла мыць бялізну. Аднойчы такі ж палонны, як і мы, папрасіў памыць і яго адзенне. Фашыст гэта ўбачыў і раніцай выгнаў нас босымі на снег і трымаў так доўгі час…

Калі савецкая армія пачала разбіваць ворага, нацысты сталі замятаць сляды сваіх злачынстваў. Справа ў тым, што ў канцлагеры Ківіылі ўтрымоўваліся ваеннапалонныя, людзі розных нацыянальнасцей, у тым ліку і яўрэі. Фашысты адных вешалі, другіх палілі, а трэціх разам з жывёламі, нарабаваным дабром адпраўлялі на караблях у Германію. Свой “транспарт” разам з такімі ж небаракамі на прыстані чакала і Марыя Жых, аднак іх не паспелі вывезці.

— Каб караблі не дасталіся савецкай арміі, немцы тапілі іх і мініравалі. Душа баліць, столькі людзей загубілі… — уздыхае жанчына, якая паўтара гадоў была вязнем канцлагера.

изображение_viber_2022-04-11_14-21-26-990.jpg

Няпросты шлях дадому

У Эстоніі Марыя Марцінаўна атрымала пашпарт, узрадавалася, што вернецца дадому. Але былых палонных прывезлі ў тыл… у Камушкі ў Расію, уладкавалі па кватэрах і накіравалі працаваць на ткацкую фабрыку.

Яшчэ ішла вайна… Была нястача, плацілі толькі за дзень працы, каб маглі купіць якую-ніякую ежу. Жанчына ўспамінае, як з гаспадыняй дзве нядзелі варылі нішчымны суп з бручкі, а бульбяное высушанае шалупінне пахла, як пячэнне.

Калі Марыя захварэла і не змагла выходзіць на працу, ёй, канешне ж, ніхно не плаціў. Голад даваў аб сабе знаць. Таму яна з радасцю згадзілася з прапановай незнаёмай жанчыны, абяцаўшай даставіць яе дадому. Па дакментах мужа, інваліда вайны, тая вывозіла дзяўчат з Расіі і такім чынам зарабляла капейку. Канешне ж, рызыкавалі вельмі — уцекачоў лавілі прадстаўнікі НКУС, але жаданне выжыць было мацнейшым.

З мамай сустрэліся. Ды не адразу маёй гераіні стала спакойна пад яе крылом. Хтосьці з вяскоўцаў данёс пра дачку-ўцякачку. Яшчэ паўгода яна хавалася ад пераследчыкаў на могілках, у лесе, у снапах жыта…

Пасля вайны некаторы час даймалі банды. Рабавалі сваіх жа землякоў, гвалцілі дзяўчат. Прынеслі гора і ў сям’ю Марыі Жых. Забілі сваяка, а муж пасля адной сустрэчы з імі атрымаў праблему з сэрцам.

Паступова жыццё наладжвалася. У 1956 годзе маладая сям’я Жых уступіла ў калгас. Жанчына працавала звеннявой, гадавала дзетак.

Шчасце — у сям’і

Упэўнена Марыя Марцінаўна. Без дзесяці праўнукаў, нявесткі Галіны Іванаўны Жых, лічыць, не перажыла б страту сына, дачкі і ўнучкі.

— З Галінай мне, праўда, пашанцавала. Яна мяне выхадзіла пасля каранавірусу, падняла на ногі, — кажа жанчына і ўсміхаецца: — Я — багатая. У мяне столькі родных! Малюся да Бога за здароўе іх і ўсіх добрых людзей.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.