Нам ёсць, чым ганарыцца

Нам ёсць, чым ганарыцца

Рамуальд Уладзіслававіч Бень, настаўнік гісторыі Канвелішскага НПК:

— У апошнія хвіліны ўжо мінулага года Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў указ аб аб’яўленні 2022-га Годам гістарычнай памяці. А сёння мяркуецца, што артыкулы 15 і 54 Асноўнага Закона зменяцца: заканадаўча будуць аформлены і замацаваны палажэнні аб недапусцімасці скажэння гісторыі ў палітычных мэтах.

Лічу, неабходна сістэматызаваць гістарычныя даследаванні, унесці праўкі ў методыку патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі з апорай на факты гераічных падзей і ўчынкаў нашых продкаў.

Нам ёсць, чым ганарыцца. У Беларусі многа славутых мясцін. У вяках жывуць подзвігі нашых слынных землякоў. А звернемся да нашай мясцовасці — Канвелішкаў. І у нас захаваліся помнікі мінулага, якія вядомы ў краіне і нават за яе межамі. Велічна ўзвышаецца гайцюнішскі дом-крэпасць, пабудаваны ў пачатку XVIIст. як сядзіба славутага роду Нонхардаў. Непадалёку ў полі размешчана кірха, дзе знайшлі свой вечны спачын прадстаўнікі Нонхардаў і іншых магнацкіх фамілій. У Канвелішках на месцы старога касцёла ў 1915-1916гг. пабудаваны новы ў стылі неаготыкі — касцёл Сэрца Ісуса. У мястэчку ў заезжым доме калісьці бавілі час Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Томаш Зан і іншыя.

Патрэбна мэтанакіравана знаёміць маладое пакаленне беларусаў са спадчынай як скарбам будучыні, нязгаснай пуцяводнай зоркай у жыцці кожнага з нас, імкнуцца прапагандаваць сваё. Упэўнены, што толькі так можна стаць патрыётам і выхаваць патрыёта. Мяркую, што абвяшчэнне Года гістарычнай пямяці будзе спрыяць гэтай пачэснай місіі.

Запісала Галіна ШЛЕМПА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.