“Слухаем, чытаем, разумеем: гэта важна”. Такія думкі гучалі ад жыхароў вёсак Балотнікі і Сакалы падчас гутаркі са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аленай Ганевіч

“Слухаем, чытаем, разумеем: гэта важна”. Такія думкі гучалі ад жыхароў вёсак Балотнікі і Сакалы падчас гутаркі са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аленай Ганевіч

1C9A3102.JPG

Кіраўнік дэпутатскага корпуса раёна сустрэлася з вяскоўцамі з нагоды важнай інфармацыйнай кампаніі, якая зараз праходзіць у Беларусі.

На сустрэчу з ёю і старшынёй Бастунскага сельвыканкама Святланай Нямера аднавяскоўцы спяшаліся ў хаты сваіх стараст. “Мы жывём у вёсцы, нам не абыякава яе будучыня. Як не прыйсці, не пагаварыць, не падзяліцца сваімі думкамі?” — шчыра казалі землякі.

У асноўным жыхары Сакалоў і Балотнікоў — сталыя людзі. Менавіта таму Алена Ганевіч пачала размову з імі з гарантый, якія дае ім дзяржава і якія плануецца замацаваць у адноўленым праекце Канстытуцыі. Людзі на лёс не скардзіліся: як кажуць, капейку маюць, у 75- і 80-гадовым узросце дзяржава робіць даплаты непрацоўным пенсіянерам. Вось і купіць можна, што патрэбна, і дзецям дапамагчы.

Зацікаўлена яны слухалі і пра новаўвядзенні выбарчай кампаніі. Згадзіліся, што народ павінен вырашаць пытанні развіцця краіны. Таму патрымліваюць тое, што Усебеларускі народны сход будзе мець такія паўнамоцтвы. А вось з тым, што Прэзідэнтам адзін і той жа чалавек можа быць не больш за два тэрміны, катэгарычна не згодны жыхары Сакалоў.

1C9A3103.JPG

— А калі ён будзе добрым чалавкам, будзе клапаціцца пра дабрабыт свайго народа і краіны, чаго шукаць кагосьці лепшага?! — упэўнены яны.

Хвалюе старэйшае пакаленне лёс моладзі, яе жыццёвыя накірункі. Выхоўваць маладых людзей трэба ў любові да сваёй краіны, каб шанавалі традыцыі продкаў, не адрываліся ад сваіх каранёў, лічаць вяскоўцы.

У Балотніках і Сакалах Алена Янаўна — не ўпершыню. Добра ведае вяскоўцаў, іх паўсядзённыя клопаты, а яны ў сваю чаргу давяраюць ёй свае перажыванні і праблемы. Вось і гэтая сустрэча не стала выключэннем.

1C9A3105.JPG

Наракалі жыхары Балотнікаў на непрыемнасці, якія прынёс цыклон “Эльза”. Тым, хто жыве ў хатах, што знаходзяцца на балансе эксперыментальнай базы “Кастрычнік”, госця парэкамендавала звярнуцца за дапамогай у рамонце стрэх у гаспадарку. Уласнікам дамоў — не марудзячы, накіравацца ў прадстаўніцтва Белдзяржстраху.

Пацікавіліся вяскоўцы, чаму на некаторых маршрутах Воранаўскага аўтапарка павінны брать квіток не да Балотнікаў, а Бастун. Алена Ганевіч узяла вырашэнне гэтага пытання пад уласны кантроль.

Прагучалі прэтэнзіі на працу аўталаўкі Воранаўскага філіяла аблспажыўтаварыства — прывозяць нясвежы хлеб.

— Пры цяперашніх тэмператарных умовах хлеб, безумоўна, настывае, — пракаменціраваў дырэктар філіяла Валяр’ян Андруконіс. Аднак скаргу вяскоўцаў узяў на аловак і паабяцаў журналістам, што узмоцніць кантроль пры выяздзе аўталаўкі на лінію.

У абодвух населеных пунктах дарога патрабуе рамонту. Вырашэнне гэтага пытання магчыма толькі ў вясновы перыяд, калі можна здзейсніць адпаведныя рамотныя работы.

1C9A3114.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

#Конституция #референдум