Гістарычны шпацыр па вуліцы 17 Верасня
Сёлета ў Беларусі ўпершыню 17 верасня адзначаецца свята Дзень народнага адзінства. Гэтая дата была абрана невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе савецкія войскі перайшлі мяжу Польшчы, каб з’яднаць Заходнюю і Усходнюю Беларусь. У гонар гэтай падзеі названы вуліцы ў многіх гарадах і вёсках нашай краіны. На Воранаўшчыне ёсць тры вуліцы і завулак, дзе на аншлагах значыцца 17 Верасня, — у вёсках Бастуны, Нача і ў аграгарадку Вараноўка. З гісторыяй нацкай вуліцы журналістаў “ВГ” пазнаёміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы, знаўца мінулага малой радзімы Ганна Чаславаўна Язукевіч.
Пяць “твараў” вуліцы
Віртуальнае гістарычнае падарожжа наш экскурсавод пачынае ад брацкай магілы. Непадалёку ад захавання знаходзіцца калодзеж. Сёння ён не функцыянуе, а калісьці збіраў жыхароў Начы. Многія на “мястэчка” ішлі і па ваду, і за свежымі вясковымі навінамі.
Крок за крокам робім па доўгай, вузкай, з рэшткамі асфальту вуліцы. Яна самая старая ў Начы, людзі сталага ўзросту прыгадваюць, што раней была брукаванай. Падарожнага яна прывядзе акурат да радавой пахавальні былых гаспадароў мясцовасці — Шукевічаў.
Некаторыя хаткі “туляцца” адна ля адной. Калі вось так зроблены забудовы: дом з домам, страха са страхой — значыць ім больш за сто год. Будаваліся так хаты для эканоміі зямлі, тлумачыць Ганна Язукевіч. Нямала дамоў “вырасла” ў 1960-70-я гады.
— Воўчая, Марцінканская, Дворная, Кляны… Гэтыя назвы сённяшняй вуліцы 17 Верасня сталі адной са старонак гісторыі вёскі, — распавяла Ганна Чаславаўна. — У 1841 годзе маёнтак у Начы купіў Воўк-Карачэўскі, дзед па мацярынскай лініі выбітнага археолага Вандаліна Шукевіча. Пэўна, па першай частцы яго прозвішча мясцовыя жыхары сталі называць гэтую вуліцу. Зусім проста з назваю Дворная — тут размяшчаўся панскі двор. Дарэчы, каб трапіць у Марцінконіс, населены пункт у Літве (адтуль на цягніку наччане ездзілі ў Вільню), трэба бало прайсці гэтую вуліцу. Паколькі літоўскі населены пункт вяскоўцы называлі Марцінканцы, то і яна стала Марцінканскай. Цікава тое, што Кляны — частка вуліцы, дзе была кляновая алея. Узрост дрэў налічвае звыш двухсот гадоў.
Двухсотгадовыя клёны.
Калі афіцыйна замацавалася назва 17 Верасня, дакладных звестак няма. На думку Г.Ч. Язукевіч, у пачатку 1970-х гадоў, калі нумараваліся дамы, было вырашана такім чынам ушанаваць знакавую падзею ў жыцці беларусаў.
Дом, дзе жыў Пётр Урублеўскі.
Незаўважна за гутаркай апынуліся напрыканцы вуліцы. Ад былой сядзібы Шукевічаў не засталося і следу. А змешчаная таблічка “Гісторыка-культурная каштоўнасць. Стаянка перыяду бронзавага веку 1-й паловы 1-га тысячагоддзя да нашай эры” напамінае аб археалагічных вынаходках Вандаліна Шукевіча.
Працаўнікі, таленты, шчырыя людзі
На 17 Верасня жывуць і карэнныя жыхары Начы, і тыя, хто прыехаў у вёску ў 1960-х гадах. Мясцовыя жанчыны славіліся сваімі галасамі. Настолькі іх у свой час выкшталціў настаўнік музыкі, арганіст, паставіў двухгалоссе, што можна было смела выступаць на сцэне любога ўзроўню. Да Другой сусветнай вайны тут жыў і тварыў вядомы мастак Пётр Урублеўскі. У былым маёнтку Вандаліна Шукевіча нарадзіўся яшчэ адзін гонар Начы — лётчык-знішчальнік, падпалкоўнік запаса Вальдамір Зянонавіч Нядзвецкі. А якія здольныя і працавітыя людзі жывуць тут! У 1970-я гады ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга былі ўзнагароджаны Вацлаў Іванавіч Сяпцілка і Антаніна Францаўна Рыдванская.
Падчас экскурсу заўважылі, што ля сваёй хаты завіхаецца Ірына Юльянаўна Сабалеўская. У яе пацікавіліся, ці ведае яна, чаму вуліца носіць назву 17 Верасня?
— А як жа! Было б сорамна не ведаць гэтага, — адгукнулася жанчына. — Яе назвалі ў гонар аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі.
Ірына Сабалеўская і Ганна Язукевіч.
З Ірынай Юльянаўнай разгаварыліся. Трыццаць восем год жанчына аддала школе. Пасля заканчэння 10 класа паступіла на гадзічныя курсы ў Гродна, дзе рыхтавалі настаўнікаў пачатковых класаў. Але па спецыяльнасці ёй не давялося працаваць. На той час настаўнікаў не хапала, а пачатковыя класы вялі тыя, хто скончыў сярэднюю школу. Педагога, якая атрымала адукацыю, накіравалі ў Клайшанскую школу выкладаць біялогію, затым у Пашкавічах пяць год была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы. Ды лёс яе вярнуў на малую радзіму — у Начу.
Рухавая, поўная энергіі і любові да наваколля жанчына не любіць сядзець на месцы. Як утрымацца і не з’ездзіць на веласіпедзе па ягады і грыбы — лес жа побач, дзівіцца субяседніца.
Нязвыклы ўраджай атрымала Мар’я Антонаўна Сяпцілка, адна са старэйшых жыхарак вуліцы. Адны гарбузы чаго толькі варты! Усё таму, што з малых гадоў працавала на зямлі. Як утварыўся калгас у 1950 годзе, ёй было шаснаццаць. Ды на ўзрост ніхто не зважаў — прынялі на працу паляводам. На калгасным агародзе і памідоры з агуркамі вырошчвала, і тытунь садзіла, збірала, сушыла, і лён рвала, і буракі палола…
Мар’я Сяпцілка.
Успамінам, які застаўся на ўсё жыццё, не магла не падзяліцца Мар’я Антонаўна:
— Раней з бацькамі жыла на калёнях (хутары — прыкм. аўт.). Да вайны ў 1941 годзе недалёка ад бацькоўскага дома закладвалі аэрадром, звозілі туды камяні. Немцы бамбілі яго на маіх вачах. Я пакінула маму ў касцёле ў Начы і пайшла адна дадому. Раптам у небе штосьці страшнае загудзела. Бачу, спусціліся нізка самалёты, паляцелі бомбы. Добра ішоў мужчына, паклікаў мяне і сказаў падаць у жыта. А калі бамбілі Начу, у нашай хаце ў падвале хаваліся людзі.
Жанчына перажыла ваеннае ліхалецце, пасляваенную нястачу. Жыццё не песціла яе, аднак яна не згубіла ўласцівыя нашым людзям гасціннасць, добразычлівасць і душэўнае цяпло.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.