На «Дажынкі», з любоўю, ад варанаўчан

Дажынкі-2021 10 сентября 21 1449
На «Дажынкі», з любоўю, ад варанаўчан
1C9A1769
На абласны фестываль-ярмарку “Дажынкі”, які сёлета прымае Скідзель, майстры Прынямоння рыхтуюць ручнікі. Кожны раён імкнецца адлюстраваць на іх адметнасці і славутасці свайго краю. У хуткім часе ручнікі, у тым ліку і воранаўскі, “сальюцца” ў адзін вялізны, які плануецца ўрачыста несці падчас святочнага шэсця.

Журналістам раёнкі першым удалося ўбачыць ручнік ад Воранаўскага раёна. Паўтара месяца яго рупліва вышывала крыжыкам майстар народных промыслаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Галіна Мялько. Дзякуючы яе здольнасці і творчай фантазіі на палатне з’явіліся знаёмыя землякам выявы. Пасярэдзіне ўмеліца размясціла галоўны сімвал нашага краю — герб Воранава. Акрамя яго, на бялюткім полі памерам 95 см х 45 см выяўлены прыцягальны для паломнікаў з усяго свету касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Тракелях, знакаміты маёнтак Путкамераў у Больцініках, а таксама праваслаўныя храмы Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Воранаве і Святой прападобнай Ефрасінні Полацкай у Радуні. Па баках ручніка — беларускі арнамент, які сімвалізуе ўрадлівасць нашай зямлі, абарону маці нябеснай і вечнасць.

Вынікамі сваёй працы Галіна Віктараўна задаволена. Аднак на гэтым падрыхтоўка да свята не спыніцца — работнікі культуры рыхтуюць яшчэ мноства цікавых сюрпрызаў. 

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.