"Дарэчы, кодэксы прачытаць патрэбна было ўважліва: жыць трэба па законах той краіны, у якой жывеш". Думкі ўслых

Общество 05 июля 21 928
"Дарэчы, кодэксы прачытаць патрэбна было ўважліва: жыць трэба па законах той краіны, у якой жывеш". Думкі ўслых
Я чалавек рахманы, але калі што, кажу праўду-матку ў вочы.

Вось і нядаўна “зачапіла”. Неяк неспадзеўкі давялося прачытаць на адным з сайтаў гутарку з вывезенымі з Беларусі полькамі. Захацелася выказацца, бо, як аказалася, адна  кабета з Ваўкавыска, другая – з Ліды, нейкая Ірэна Бярнадская. Пражыўшы ў Лідзе ўсё сваё жыццё, пра такога лідара, што “вёў” лідскіх палякаў у дзень заўтрашні, я не чуў. Пра тых, што збіраюцца ў Доме польскім па вуліцы Кірава, ведаю і падтрымліваю іх дзейнасць. Быў сведкам таго, як яны ладна выступалі на фестывалі нацыянальнасцей, што праходзіць штогод ля Палаца культуры і дзе свае таленты разам з беларусамі паказваюць палякі, украінцы, рускія, татары, яўрэі і іншыя. Прызнаюся, у пазамінулым годзе адзін з калектываў Дома польскага (а іх там некалькі) сваімі спевамі і музыкай мяне так завёў, што я, адвесіўшы паклон маладзіцы, што стаяла побач, кінуўся з ёю ў скокі. Ведаю таксама, што  сын маіх знаёмых  у Доме польскім вывучаў польскую мову. Але ж, здаецца, Ірэна Бярнадская да ўсяго гэтага ніякага дачынення не мела.

Зацікавіла мяне гэта асоба. Параспытваў пра яе аднаго, другога. Аказалася, сапраўды ўзначальвала яна ў Лідзе суполку ад незарэгістраванага Саюза палякаў. У свой час гэта арганізацыя не захацела быць з грамадскай арганізацыяй “Саюз палякаў на Беларусі”,  хаця там дэкламавалі і пацвярджаюць, што сваю задачу бачаць у захаванні сваёй нацыянальнай спадчыны: гісторыі, мовы, культуры. Якая з гэтага выснова? Значыць, задачы ў тых, што аддзяліліся, іншыя, лідарамі іншага руху захацелі быць. Ну, і  да чаго ў рэшце рэшт яны дайшлі са сваёй дзейнасцю? Старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, прадстаўнік арганізацыі Андрэй Пачобут, Марына Цішкоўская, Ганна Панішава і лідчанка Ірэна Бярнадская былі затрыманыя за шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці ўдзельнікаў антысавецкіх бандфарміраванняў, што дзейнічалі  ў час і пасля Вялікай Айчыннай вайны, здзяйснялі грабяжы, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчалі маёмасць. У сакавіку генеральная пракуратура ўзбудзіла ў адносінах іх крымінальную справу за распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Артыкул сур’ёзны, згодна з нашым заканадаўствам, пакаранне па ім свеціць няслабае... Ды тут траім з вышэйпералічаных пашчасціла. Праваахоўнікі падтрымалі прапанову: раз так дбаюць аб інтарэсах Польшчы, то пшэпрошам у яе  абдымкі. Гэта цяпер, згодна з інтэрв’ю, якое даюць, Ірэна Бярнадская і яе каляжанка Марыя падаюць сябе такімі гераінямі-гаротніцамі. (А мы ж родную хатку ў Лідзе і Ваўкавыску праехалі...)  Сапраўды ж, напэўна, ад радасці падскаквалі ў тым бусе, што браў накірунак да польскай мяжы: не хочацца ж адказваць перад законам за свае дзеянні. Ну, а зараз, вядома, для паказухі фанабэрацца! Маўляў, мы, калі б трэба было, і пакутавалі б... Хаця што гэта за “пакуты”, калі цяпер успамінаюць, як самі кажуць, турэмныя байкі і смяюцца? Маўляў, спаць даводзілася на другім ярусе, быццам маладым, крыжаванкі складалі, каб потым разгадваць, малюнкі малявалі, чыталі: на Валадарцы добрая бібліятэка, у адрозненне ад Жодзіна, дзе адны кодэксы... Дарэчы, кодэксы прачытаць патрэбна было ўважліва. Можа, убілі б сабе ў галовы, што жыць трэба па законах той краіны, у якой жывеш.

Каляжанкі кажуць, што ў Польшчы палякі ім дзякавалі, хоць нічога гераічнага яны не зрабілі. А сапраўды, за што гэта ім там дзякавалі? За варожасць, якую хацелі прарасціць у Беларусі? Прайдзіцеся па лідскіх Слабадзе, Расляках, Цэнтры, скажыце мясцовым палякам: “Давайце смуту сеяць” – адмахнуцца, як ад назойлівай мухі, і пагоняць прэч. Бо такая смута даспадобы не ім, а тым, хто там, у суседняй краіне, для Беларусі  жадае горшай долі.

Што ж цяпер робяць каляжанкі з Ліды і Ваўкавыска?  “Схадзілі ў цырульню і зрабілі прычоскі. Паелі. Мы і цяпер нічога такога не робім, хоць і хацелася б рабіць, нешта планаваць”, – прызнаецца Ірэна. “Мы толькі адпачываем, паляпшаем стан здароўя і прыходзім у сябе… Ірэнка не дае мне сядзець і прымушае ездзіць з ёй на ровары і не думаць пра нешта негатыўнае, – кажа Марыя. – Хочацца працаваць, функцыянаваць як нармальны чалавек і быць карысным для людзей і Польшчы”. Разумеюць кабеты: каму лайдачкі патрэбныя? Трэба ж адпрацоўваць дадзеную ласку. Іначай не будзе за што прычоску рабіць, смачна есці і нават можна равэжа пазбавіцца. Вось і нясуць несусветнае, як глядзелі, так і глядзяць праз скажальную прызму на краіну, у якой нарадзіліся, ствараюць перад кім трэба малюнак быццам бы ўшчамлення правоў палякаў у Беларусі.

Больш таго (што мяне абурыла ў інтэрв’ю), Ірэна не раз згадвае Бога і касцёл. Ну, з гэтым яўны перабор! Ці ёй не ведаць запаведзь: “Не вымаўляй імя Госпада Бога твайго дарма”. Гэта першае. Другое: калі жанчына ўжо лічыць сябе такім веруючым чалавекам, няўжо не памятае, што не раз казаў Ісус пра крывадушнасць і якое зло нясуць крывадушнікі? Ну, а калі памятае, чаму не задумаецца над сваімі паводзінамі? Па яе ж уласных словах, “раней ці пазней Пан Бог усё паставіць на свае месцы”.
lidanews.by, Яўген Шчасны

Фото:из открытых источников