З неба сонейка скацілася — на талерцы прыпынілася
У мінулую нядзелю смачна і весела адсвяткавалі жыхары Пераганцаў брэндавае “Свята бліноў”.
Дзейства адбылося напярэдадні Вялікага посту. Напэўна, таму жадаючых адпачыць, патанцаваць, а мо, і песню заспяваць было нямала. Іх сардэчна віталі галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Алена Барбаровіч і ксёндз Дзяніс Крываносаў. Яны пажадалі ўсім жыхарам Пераганцаў дабрабыту, любові і ўзаемапавагі ў сем’ях, каб аграгарадок маладзеў і прыгажэў дзень ада дня.
Нашы продкі казалі: “На запусты не хоча панства капусты”. І сапраўды, смачней частавацца гарачымі духмянымі блінамі з мясам, варэннем, са згушчонкай… Прыгатаваных з душою і па рэцэптах, якія вядомы толькі ў аграгарадках Жырмуны, Больцінікі, Паляцкішкі, Беняконі, Канвелішкі і Тракелі. Падсілкаваўшыся, мясцовыя жанчыны вырашылі паказаць, што і яны кулінары хоць куды! З запалам уключыліся ў гульні, дзе падзяліліся сваімі сакрэтамі замешвання цеста на бліны. Напрыканцы мерапрыемства некаторыя на памяць набылі сувеніры, вырабленыя ўмеліцамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
— Вельмі цудоўна, што выдалася магчымасць адпачыць, на нейкі момант забыцца пра штодзённыя клопаты, — падзялілася жыхарка Пераганцаў Лілія Андрыш. — Я жыву на вуліцы Спартыўнай, усе яе жыхары вельмі дружныя. На свята прыйшлі разам з суседзямі. Уразіла, што было шмат дзяцей. З задавальненнем усе спрабавалі бліны. Раніцай унучцы прыгатавала іх з тварагом. А на свяце ад рознага ў іх начыння вочы разбягаліся.
Скажу шчыра, усё было цікава. Нямала падарункаў за ўдзел у гульнях атрымалі мае землякі. Гэта кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі “ГМК-Агра” пастаралася. А якая музыка гучала! Асабліва кранулі за душу лірычныя песні ў выкананні паляцкішскіх і жырмунскіх спевакоў.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота з архіва Воранаўскага РЦКіНТ.