Сцяжынкі дзяцінства

Сцяжынкі дзяцінства
503916_760x500

Фота носіць ілюстрацыйны характар.


Асэнсаванне значнасці роднага кутка прыходзіць да чалавека з гадамі. Толькі тады, калі пакінеш бацькоўскі дом, вяртаешся наездамі альбо зусім няма да каго і чаго ехаць, душу запаланяе шчымлівы боль, які не адпускае доўга-доўга. Толькі тады ты разумееш, наколькі ўсё было важным і патрэбным, трывалым і прывабным. І ты ўспамінаеш…

Мая родная вёсачка Візгірды, што ў нашым раёне, назаўсёды застанецца самай роднай, прыгожай і жаданай. Невялікая па памерах, але такая дарагая і любімая. Адкуль паходзіць назва, звестак няма, аднак першыя ўспаміны адносяцца да XVI стагоддзя.

Маё дзяцінства і юнацтва былі шчаслівай парой. Я расла ў сям’і, дзе панавалі каханне і згода, парадак і спакой. Сям’я наша была працавітай, дом быў утульным, падворак каля хаты заўсёды чыстым, з прыгожым кветнікам. Другі падворак праз вуліцу — для кароў, цяляткаў, гусей, індыкоў, трусоў, парсюкоў, цэлых чародак качак. Усім гэтым вельмі любіла займацца матуля, а мы, дзеці, заўжды дапамагалі ёй, абавязкі ў нас былі падзелены. Мама  з татам “вялікай” адукацыі не мелі, таму тата даў сабе абяцанне: “Мае дзеці абавязкова павінны атрымаць яе і выбраць прафесію па душы”. Яго мары здзейсніліся.

Сям’я наша была веруючай.  Ніколі не сядалі за стол, каб не перахрысціцца. Касцёла ў вёсцы не было, ішлі да станцыі “Беняконі” чатыры кіламетры пешшу, а там — на поезд у Вільню, у касцёл, дзе знаходзіўся абраз Вострабрамскай Божай Маці. Пазней бацькі купілі машыну, і кожную нядзелю зранку ў любое надвор’е, у любую пару года сям’я адпраўлялася ў падарожжа. Для нас, дзяцей, яно было асабліва цікавым, таму што пасля наведвання касцёла тата выконваў нашы пажаданні: купляў кожнаму пачастункі.

З узростам разумееш, што самыя яскравыя малюнкі, якія застаюцца ў памяці, — гэта дзяцінства, бесклапотнае і радаснае. І няма найшчаслівейшых хвілін, як паехаць да сваіх землякоў, дзе кожная пядзя зямлі сходжана тваімі нагамі, дзе з маленства знаёмае кожнае дрэўца, кожны сіні васілёк і белы рамонак пры дарозе. Не забыць вузкай рачулкі з чысцюткай вадою, з невялікім драўляным мастком, з якога можна было ціхім летнім ранкам лавіць рыбу. Не забыць луг, які рассцілаўся адразу за хлявамі, шырокі і прасторны, з мноствам разнастайных палявых кветак. Памятаецца, як мы, дзяўчынкі, менавіта тут збіралі букецікі на каталіцкія святы, плялі вянкі. Назаўжды засталіся ў памяці лясныя вандроўкі. Яшчэ звечара мы дамаўляліся паміж сабой, куды пойдзем, а на світанні па роснай траве шыбавалі са збанкамі і кошыкамі ў ягады і грыбы. Колькі было жадання і спрыту напоўніць свой посуд хутчэй за іншых дзяцей! Лес ніколі не падводзіў нас, таму што быў сваім, родным. Назад вярталіся а полудні, з бруднымі тварамі і рукамі, але такія шчаслівыя і вясёлыя.

DSC00707 (1)

Тры класы пачатковай школы былі ў вёсцы, а ў чацвёрты клас мы хадзілі за чатыры кіламетры  — у Беняконскую школу. Пераважна ездзілі маршрутным аўтобусам, але калі зімой замятала дарогі, яго не было. Прыходзілася ісці пешшу. Колькі было радасці! Па-першае, ужо спазняліся на першы ўрок (вядома, дзеці), па-другое — дарога ішла праз лес, і як жа не стрэсці на сябе снег з тоўстых лап ялін!

Каля хаты быў вялікі сад. Бацькі пасадзілі яго разам. Калі ён зацвітаў, прывабліваў сваім духмяным водарам. Кожны год сад даваў нядрэнны ўраджай груш, сліў, яблыкаў, вішань. Добра пладзілі кусты парэчак, агрэсту, вінаграду.

Жыццё вёскі было няспешным, не парушалася ніякімі спрэчкамі. Людзі жылі вельмі дружна, спявалі, жартавалі, дапамагалі адзін аднаму, бераглі і падтрымлівалі  традыцыі і абрады. Калі якую сям’ю напаткала гора, гэта было гора для ўсёй вёскі. Моладзь жыла законамі і парадамі  сваіх бацькоў. Большая частка юнакоў і дзяўчат працавала ў Вільні. Вяртаючыся дамоў у выхадныя, везлі пачастункі, ехалі дапамагчы. Менавіта ў суботу вёска гудзела: прыбіралі ў хаце, чысцілі двары, падмяталі вуліцу — і бліжэй да вечара наваколле мянялася. А ў нядзелю збіраліся на пляцоўку пагуляць у “лапту”. А як дружна, па-вясковаму шчыра і з размахам адзначаліся розныя святы: Каляды, Вялікдзень, Сёмуха, Юр’я, Купалле, Спас, дажынкі!..

Прайшло амаль сорак гадоў, як я паехала з дому шукаць свой шлях, а маё сэрца і душа па-ранейшаму імкнуцца ў родную вёску. Тут многае застаецца нязменным, яна жыве. За апошняе дзесяцігоддзе пабудавалі тры новыя дамы. Сюды прыязджаю з дзецьмі і ўнукамі, хачу, каб яны маглі дакрануцца да мінулага. Дома беражліва захоўваем фотаздымкі родных і блізкіх, складзены сямейны радавод да шостага калена. Унукам перададзены матуліны ручнікі, абрусы, сурвэткі, “ходнікі”, а таксама вышытыя яе рукамі карціны. Па дарозе дадому абавязкова заязджаем на могілкі, дзе пахаваны бацькі, прыбіраем, садзім кветкі, молімся.

Кожнаму чалавеку неабходна помніць пра свой род, у самыя складаныя хвіліны жыцця вяртацца на радзіму, у родны, любы куточак, які заўсёды сагрэе тваё сэрца.

Ірэна Казлоўская,

аг. Доцішкі.