В это воскресенье белорусское радио проведет республиканский телерадиомарафон

Общество 13 ноября 20 2123
В это воскресенье белорусское радио проведет республиканский телерадиомарафон
В это воскресенье белорусское радио проведет республиканский телерадиомарафон

Нядзельная акцыя прымеркавана да знакавай гістарычнай даты — 95-годдзя айчыннага радыёвяшчання. Менавіта 15 лістапада 1925 года, калі ў эфіры прагучалі словы «Гаворыць Мінск!», і пачалася гісторыя нацыянальнага радыёвяшчання. Сёння Беларускае радыё — гэта 12 (!) радыёстанцый: чатыры рэспубліканскія (Першы нацыянальны канал, «Культура», «Сталіца» і «Радыус FM»), адна міжнародная («Радыё «Беларусь») і сем рэгіянальных («Радыё Брэст», «Горад FM», «Радыё Віцебск», «Радыё Гомель», «Гомель+», «Радыё Гродна» і «Радыё Магілёў»). У дзень свайго юбілею Беларускае радыё сумесна з тэлеканалам «Беларусь 3» правядзе рэспубліканскі тэлерадыёмарафон «Дзень радыё». Дарэчы, кожная з радыёстанцый падрыхтавала сваё арыгінальнае напаўненне эфіру, паведамляе СБ.

Кропка адліку

На хвалях Першага нацыянальнага канала на працягу дня будзе гучаць спецыяльны праект «Радыёкропка». Слухачы змогуць не проста пачуць рарытэтныя запісы з фондаў, але і даведацца пра асноўныя гістарычныя этапы станаўлення і развіцця беларускага радыёвяшчання.

«Сямейная праграма», у сваю чаргу, запросіць у госці адразу некалькі сем’яў радыйшчыкаў, члены якіх сёння працуюць на Беларускім радыё. Цікава, што ў асноўным яны змешаныя: адзін яе прадстаўнік з’яўляецца, напрыклад, творчым работнікам, другі — тэхнічным спецыялістам.

А вось у дакументальна-публіцыстычнай перадачы «Эпізоды Вялікай вайны» пойдзе гаворка пра ваенную гісторыю радыё. У эфіры прагучаць радыёматэрыялы перыяду ваеннага ліхалецця. Яны распавядуць пра подзвігі абаронцаў нашай Айчыны.

У інтэрактыўным праекце «Настрой!» прыхільнікаў ансамбля народнай музыкі «Бяседа» чакае сюрпрыз — радыёканцэрт з удзелам любімых артыстаў. Спевакі выканаюць як новыя кампазіцыі, так і мінулых гадоў. Напрыканцы радыёмарафону прагучыць праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!».

Культурны ўік-энд

На канале «Культура» юбілейны марафон пачнецца з 8:00 і працягнецца да 21:00. У слухачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй «Культуры», паўдзельнічаць у абмеркаванні перспектыў яе развіцця, паслухаць святочныя канцэрты і атрымаць выдатныя падарункі.

Адкрые эфір трансляцыя першай творчай сустрэчы, якая адбылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы і была прысвечана станаўленню Беларускага радыё. Таксама на працягу дня на хвалях «Культуры» запланаваны трансляцыі канцэртаў творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі, якія практычна адначасова выйдуць у эфірах «Культуры» і тэлеканала «Беларусь 3». Творы айчынных кампазітараў прагучаць у выкананні сімфанічнага аркестра медыяхолдынга, а традыцыі знакамітага харавога дырыжора Віктара Роўды працягне Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі. Святочнага настрою слухачам таксама дадасць выступленне ансамбля народнай музыкі «Бяседа», якое будзе трансліравацца сумесна з Першым нацыянальным каналам.

Гісторыі з жыцця

Радыёстанцыя «Радыус FM» да 95-годдзя Беларускага радыё прэзентуе бясплатны мабільны дадатак для платформы Android, які дасць магчымасць не толькі зручна слухаць радыё, але і ўдзельнічаць ва ўсіх віктарынах. Дарэчы, ён ужо зараз даступны ў Play Market.

А вось падрыхтоўку да юбілейнага радыёмарафону «Радыус FM» пачне ўжо сёння ў ранішнім шоу «Тэорыя вялікай раніцы». З 7:00 да 10:00 у тэматычнай віктарыне, прысвечанай гісторыі радыё, сярод слухачоў будзе разыграна Bluetooth-калонка. Абавязкова далучайцеся!

Парадуе сваіх прыхільнікаў і радыёстанцыя «Сталіца», дзе падчас марафону прагучаць «Дзесяць гісторый» з жыцця Беларускага радыё. Музычны плэй-ліст традыцыйна дапоўніць інфармацыйна-забаўляльнае шоу «Добрай раніцы, Сталіца!». А свежую дзясятку лепшых хітоў падорыць праграма «Сталіца топ-10».

Міжнароднае радыё «Беларусь» падчас святочнага радыёмарафону прадставіць у эфіры тэматычныя інтэрв’ю з пасламі замежных дзяржаў, акрэдытаванымі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама дайджэсты лепшых матэрыялаў года па грамадска-палітычнай і культурна-пазнавальнай тэматыцы. Акрамя гэтага, на працягу ўсяго дня ў эфіры будуць гучаць віншаванні Беларускаму радыё ад замежных слухачоў на ўсіх дзевяці мовах вяшчання радыёстанцыі.

СБ