Мець крылы і трымацца сваіх каранёў

Образование 30 мая 20 2036
Мець крылы і трымацца сваіх каранёў
Вучыць трэба жыццю, а не толькі арфаграфіі і пунктуацыі, лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Алёна Аляксандраўна Чарнавус. Аб настаўніцкім крэда, узаемаадносінах з калегамі і навучэнцамі, удзеле ў конкурсе “Настаўнік года” пагутарылі з пераможцай абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства, якая будзе адстойваць гонар педагагічнай сям’і Гродзеншчыны на рэспубліканскім узроўні і даказваць, што прафесія настаўніка для яе — гонар і шчасце.

А пачалася размова традыцыйна, з пытання, дзе вучылася, як выбірала прафесію?

— У 2002 годзе я скончыла Радунскую сярэднюю школу № 2. Так, гэта тая ж школа, у якой я працую сёння. У той час у нашым пасёлку функцыянавалі дзве школы: № 1 і № 2, а мясцовыя жыхары называлі іх “старая” і “новая”. У 1991 годзе мяне баць­кі павялі ў “новую”. На парозе будынка школы нясмелых першакласнікаў сустра­кала першая настаўніца — Галіна Францаўна Здановіч, якая на працягу чатырох гадоў навучання стала для нас другой мамай — мяккай, пяшчотнай. Але самае галоўнае, што ўмела Галіна Францаўна, — бачыць патэнцыял кожнага вучня, выхоўваць нас дружнай сям’ёй. У класе ўсе былі роўныя, не было любімчыкаў. Нават сёння, калі сустракаемся з аднакласнікамі, называем першую настаўніцу “наша Галіна Францаўна”.

У школе я аддавала перавагу гуманітарным дысцыплінам. Любіла ўрокі нямецкай мовы, а выкладала іх Яўгенія Антонаўна Дакашэнка, якая з’яўлялася маім класным кіраўніком. Хвалявалася за кожнага з нас, давала парады ў выбары прафесіі. Добра памятаю яе словы, калі я сумнявалася ў выбары прафесіі настаўніка: “Не бойся, у цябе атрымаецца, ты будзеш добрым настаўнікам!”

— Як фарміраваўся выбар прафесіі настаўніка і менавіта выкладання беларускай мовы і літаратуры?

— Яшчэ з пачатковых класаў марыла стаць настаўніцай. Не ведаю чаму, але заў­сёды лічыла сваю мару нездзяйсняльнай. Думала, што настаўнікам можа стаць толькі той, чые бацькі з’яўляюцца настаўнікамі. Але мара аб настаўніцтве цеплілася ў маім сэрцы. Мая хросная маці, Марыя Іосіфаўна Блашко, — настаўніца беларускай мовы, суседка — маміна сяброўка Валянціна Іосіфаўна Лемантовіч — таксама выкладала родную мову і літаратуру.

Напрыканцы навучальнага года ў чацвёртым класе на ўрок беларускай мовы да нас прыйшла прыгожая настаўніца, з блакітнымі вачыма, прыемнай усмешкай. Гаварыла мілагучна, напеўна, спакойна і, самае галоўнае, па-беларуску. Менавіта так 25 гадоў назад адбылося наша знаёмства з Ірынай Віктараўнай Удаевай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Знаёмства гэтае для мяне стала лёсавызначальным. Вучыла нас Ірына Віктараўна не толькі правілам арфаграфіі і пунктуацыі, яна вучыла нас жыццю, дзялілася ўласным вопытам, давала парады. Праз урокі маёй настаўніцы я адкрыла свет роднай мовы, дзякуючы ёй распазнала сваё прызванне. І ўжо сёння мы з Ірынай Віктараўнай калегі. Ірына Віктараўна — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў нашай школе.

У 2007 годзе я скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Акрыленая настаўніца-настаўніца з вялікім жаданнем спяшалася працаваць у школе. Здавалася, што ўсё ведаю, усё ўмею і не хапае толькі вучняў! Першае месца працы — Радунская школа-інтэрнат, дзе мне прапанавалі месца выхавальніка. Уявіце, маладая, як я ўжо сказала, настаўніца-настаўніца… і тут — школа-інтэрнат. Я і ўяўлення не мела, што ўваходзіць у абавязкі выхавальніка, але зразумела хутка, што з працай настаўніка тут амаль нічога агульнага, хіба што правядзенне самападрыхтовак і класных гадзін. Але, як кажуць у народзе: “Працу палюбіш — чалавекам будзеш”. А палюбіць дзяцей-сірот не зможа толькі каменнае сэрца. Усіх дзетак, а было ў маім класе 12, хацелася прытуліць, пашкадаваць, пачаставаць. Праз паўгода мяне перавялі на пасаду педагога-арганізатара ў гэтай жа школе. Зноў новае, невядомае, здавалася, нічога агульнага з тым, кім хацелася стаць. “Горка часам праца, ды хлеб ад яе салодкі”. А ў душы не згасала надзея, што я буду настаўніцай роднай мовы і літаратуры. Нават часопіс “Беларуская мова і літаратура” выпісвала, каб быць у курсе.

1 верасня 2010 года я праводзіла першы ўрок “Зямля пад белымі крыламі” для вучняў Больцішскай базавай школы, у якой мне прапанавалі выкладаць мову і літаратуру і быць класным кіраўніком 6 класа. З радасцю і асаблівым пачуццём адказнасці я пераадольвала 14 кіламетраў. Вельмі ў­дзячна дырэктару школы Наталлі Мікалаеўне Пачобут, якая заўсёды падбадзёрвала: “Ты будзеш добрым настаўнікам!”

У верасні 2011 года я нарадзіла дачку Марыю, а праз два з паловай года, у сту­дзені 2014 года, дырэктар Радунскай гімназіі (менавіта так тады называлася наша ўстанова адукацыі) Святлана Браніславаўна Пачобут прапанавала выйсці на 0,5 стаўкі выкла­даць беларускую мову і літаратуру. Прызнаюся шчыра: было вельмі страшна. Па-першае, таму што там працуюць мае настаўнікі. Як яны мяне ацэняць? Па-другое, таму што гэта была не проста школа, гэта — гімназія! А ў мяне — ні катэгорыі, ні вопыту! Так я стала настаўніцай у роднай школе.

— Вы вучыце сваіх вучняў, а чаму яны вучаць вас? Як складваюцца адносіны з вашымі навучэнцамі, асабліва ў класе, дзе вы класны кіраўнік?

— 1 верасня 2014 года мне даверылі вучняў 5 класа. Сёння мы ўжо ў 10 класе. А вучні гэтыя сталі мне самымі роднымі. Я заўсёды гавару, што ў мяне 18 дзяцей: мая дачка і 17 вучняў. Мне цікава з маімі дзецьмі. Мы шмат падарожнічаем з 5 класа: мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Гродна — музей М.Багдановіча, Навагрудак — музей А.Міцкевіча, Ліда — Цэнтр рамёстваў і інш. Велапаходы і зарніцы на летніх канікулах пасля заканчэння 5, 6, 7 класа. А пасля заканчэння 8 класа мы здзейснілі экскурсію з начлегам на возера Свіцязь. Дзецям вельмі спадабалася, і мы паўтарылі тое ж на летніх канікулах пасля 9 класа.

Цікаўлюся літаратурай, музыкай і фільмамі, якім яны аддаюць перавагу. Хачу зразумець, чаму ім гэта цікава. Часта абменьваемся кнігамі. Мае дзесяцікласнікі прыносяць рускамоўныя, пераважна псіхалагічныя, кнігі, думаю, гэта звязана з іх узростам: М.Лабкоўскі “Хачу і буду”, Алан і Барбара Піз “Адказ”. Я ніколечкі іх не крытыкую, наадварот, чытаю, пасля разам абмяркоўваем, бывае, нават спрачаемся. Я прапаную дзецям юнацкую мастацкую літаратуру па-беларуску: гэта і прыгодніцкая проза “Ведзьміна тоня”, і праблемы юнацкага сталення — “Урокі кахання” В.Гапеева, і “Адна капейка” У.Сцяпана, каб засяро­дзіць увагу на імгненных дробязях жыцця, на пачуццях, марах.

Сёння я разумею, што вучыць дзяцей неабходна не толькі слову і арфаграфіі, вучыць трэба жыццю. Я павінна пераканац­ь, што наша, беларускае, — гэта таксама сучасна і прэстыжна. Прадстаўляю беларускае слова ў новым фармаце пры дапамозе медыяадукацыі. Вучу аналізаваць, правяраць надзейнасць інфармацыі, пададзенай у анлайн-прасторы, арыентавацца ў гэтым няпростым свеце.

Адносіны са сваімі вучнямі будую на даверы. Лічу, што настаўнік для вучня найперш павінен стаць сябрам, а потым ужо настаўнікам. Дзеці хутка “раскусяць”, калі ты з імі няшчыры, яны ў гэтым плане вельмі назіральныя. Так і вучымся: я — у іх, а яны — у мяне.

— З чаго, на вашу думку, складаецца аўтарытэт настаўніка?

— Аўтарытэт кожнага чалавека складаецца з любові да працы. Калі непрыемна тое, што ты робіш, то і вынік будзе адпаведны. А што тычыцца настаўніка, то ён павінен любіць дзяцей, а потым ужо сваю прафесію. Немалаважным з’яўляецца павага і давер да дзіцяці. Настаўнік павінен у кожным перш за ўсё бачыць чалавека, няхай сабе і маленькага. Культура паводзін настаўніка таксама ўплывае на яго аўтарытэт. Я маю на ўвазе ўменне валодаць мовай. Напрыклад, не ўсе дзеці прыма­юць мянушкі ці жарты ў свой адрас. Сваім знешнім выглядам настаўнік выхоўвае вучняў быць акуратнымі, сачыць за сабой. Веданне свайго прадмета, уменне зацікавіць і падаць веды не так, як усе, — вось што зачэпіць сучаснага школьніка і паўплывае на аўтарытэт настаўніка.

— Якія вашы прынцыпы педагагічнай работы?

 — Быць настаўнікам — гэта крута! Яшчэ ні разу я не пашкадавала, што выбрала гэтую прафесію. Урачам давяраюць здароўе, а нам, настаўнікам, давяраюць маленькага чалавека, і менавіта ад нас залежыць, якім ён выйдзе ў дарослае жыццё.

Думаць — гэта не баліць. Настаўнік павінен быць патрабавальным і настойлівым. Гэта не толькі дысцыплінуе, але і выхоўвае вучняў. Адукацыя праз усё жыццё. Ты маеш права вучыць толькі тады, калі сам заўсёды вучышся. Вучні не паляцяць, калі настаўнік не ўмее лятаць. Настаўнік павінен быць у трэндзе, каб вучням было цікава.

— Як вы ўдасканальваеце сваё прафесійнае майстэрства, як самі вучыцеся?

— Я заўсёды стараюся быць на крок наперад. Павышаю сваю кваліфікацыю дыстанцыйна: у 2019 годзе скончыла 6-месячны дыстанцыйны курс стратэгіі “Актыўнай ацэнкі”. З’яўляюся мадэратарам школьнага тэлебачання, таму не цікавіцца медыяадукацыяй не маю права. У 2019 го­дзе дыстанцыйна скончыла курс па медыяадукацыі ў школе. У кастрычніку таго ж года прайшла навучанне на рэспубліканскіх семінарах Нацыянальнага інстытута адукацыі “Рэалізацыя кантрольна-ацэначнай дзейнасці ў рэжыме анлайн”, “Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы на ўроках беларускай мовы і літаратуры”. Два разы запар прымала ўдзел у канферэнцыі настаўнікаў-практыкаў Edcamp. У 2019 годзе выступала з постарнай сесіяй па тэме “Вучнёўскі хакатон”. Разам з вучнямі прайшлі навучанне ў школе MediaQ, арганізаванай прэс-клубам Рэспублікі Беларусь.

— Літаратура, на маю думку, гэта і размова на адвечныя тэмы дабра, справядлівасці, жыццёвага шляху. Якія творы са школьнай праграмы для вас самыя любімыя? Чаму? І што чытаеце не па праграме?

— Са школьнай праграмы найбольш падабаюцца творы, якія ўзнімаюць праблемы сучаснасці: узаемаадносіны бацькоў і дзяцей — А.Дудараў “Вечар”; пачуццё нацыянальнай годнасці — Янка Купала “Паўлінка”, В.Быкаў “Знак бяды”. Люблю паэзію Р.Барадуліна за арыгінальнасць. Калі была студэнткай 3 курса, атрымала ад Рыгора Іванавіча зборнік духоўнай паэзіі “Ксты”. На абласным конкурсе даследчых работ “Крышталёвая альфа” за даследаванне гэтага зборніка разам з вучаніцай былі адзначаны дыпломам.

Не па праграме чытаю для сваёй дачкі, якая вучыцца ў 2 класе, У.Ліпскага “Азбуку жыцця”, дзе цікава і займальна вандруем у гісторыю Беларусі. Апошняе, што чытала з драматычных твораў, — трагедыя У.Сауліча “Сабака з залатым зубам”. А­ўтар вельмі ўдала выкрывае амаральнасць “сучасных” беларусаў, якія пpэcтыжнacць y cвeцe вымяpaюць нaбытымi дaбpoтaмi: кoлькacцю caбaк i ix пapoдзicтacцю, у той жа час не заў­важаюць, як самі пачынаюць дзічэць. Кранула аповесць А.Брава “Дараванне”. Твор аб захаванні гістарычнай памяці, аб прабачэнні ў сітуацыі, калі, здаецца, дараваць немагчыма.

— Як рыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”? Аб чым разважалі ў выступленні на тэму “Ёсць дзве каштоўнасці, якія мы можам перадаць нашым дзецям. Адна з іх — карані, другая — крылы”?

— Адзін дасужы, ды нядужы. Мне вельмі пашанцавала, таму што лёсам наканавана працаваць з прафесіяналамі сваёй справы, у якіх вучуся штодзень, — гэта адміністрацыя і педагогі Радунскай школы. Вельмі ўдзячна камандзе аднадумцаў на чале з дырэктарам школы С.Б.Пачобут, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце А.В.Вайткун і І.В.Удаевай, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Ж.І.Чарнавіцкай, інжынеру-
праграмісту Т.С.Васіляўскайтэ. Асобныя словы падзякі — вопытнаму настаўніку-метадысту С.Ю.Кампанеец, якая дапамагла захварэць прафесіяй, паверыць у свае сілы, быць смелай і не баяцца ісці наперад, таму што, як заўсёды паўтарае Святлана Юльянаўна: “Што заўсёды ў руху, тое вечнае”.

Самым складаным было адчуваць на сабе адказнасць перад школай і раёнам. Вопыт удзелу ў гэтым конкурсе даў мне магчымасць паверыць у сябе. А зрабіць усё гэта мне дапамаглі мае калегі, а таксама мая сям’я. Менавіта муж і дачка былі першымі слухачамі майго майстар-класа, публічнага выступлення. Удзячна ўсім за давер і дапамогу!

Падрыхтоўка пачалася амаль з першага дня, калі даведалася, што прымаю ўдзел у конкурсе. Праца была нялёгкая! Шмат намаганняў запатрабавала падрыхтоўка ўрока амаль за ноч, а адразу на наступны дзень — майстар-клас. У публічным выступленні па тэме “Ёсць дзве каштоўнасці, якія мы можам перадаць нашым дзецям. Адна з іх — карані, другая — крылы” разважала аб сваіх вучнях пры дапамозе запісаў з асабістага дзённіка.

Разважала пра надыход вясны і вяртанне буслоў. Цікава, бусел — ён чый? Дзе яго Радзіма? Калі там цёплы рай, то чаго вяртаецца назад? Калі тут усё сваё, то навошта пакідае нас на паўгода? Бусел — птушка своеасаблівая, не дае зводу свайму роду. Гэта і ёсць яго нацыянальная ідэя. А вы бачылі, як буслы вучаць сваіх птушанят ля­таць: паціхеньку падштурхоўваюць да краю гнязда, каб птушаня паверыла ў сябе, у свае крылы, адчула свабоду і паляцела.

Вось так і я: бяру ў сваю далонь маленькую руку дзіцяці і вучу слову. Кожны ўрок мы вандруем па сёлах, мястэчках Беларусі, знаёмімся з людзьмі і іх вечнай, неўміручай працай, кожны ўрок шукаем сваю нацыянальную ідэю і адкрываем для сябе ісціну: мы — не “тутэйшыя”, мы — не “людзі на балоце”, мы — народ беларускі, а значыць, у гісторыі свайго народа кожны з нас шукае і можа знаходзіць патрэбнае на сённяшні дзень. Без Радзімы, без сваіх каранёў жыццё страціць сэнс, ты бясследна растворышся ў свеце белым, як той ранішні туман над лугам. Таму і паўтараем кожны ўрок, як малітву: “Сонца на ўсіх адно, зямля — адна, трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужога”.

А самую галоўную старонку свайго дзённіка я яшчэ напішу. І будзе прысвечана яна маім вучням, якія паляцяць у дарослае жыццё. І будзе там такі запіс : “Шмат дасягнулі, бо мелі крылы і трымаліся сваіх каранёў”.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.


https://nastgaz.by/