Продкі — нашы карані (Відэа)
У пачатку апошняга месяца восені ў Беларусі праходзяць Дзяды — рытуальнае, сакральнае свята. Свята нашай памяці. Праваслаўныя адзначаюць Змітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. А ў католікаў 2 лістапада — Задушны дзень. Але Дзядоў у беларусаў шмат. У некаторых мясцовасцях адзначаюць Дзяды некалькі разоў на год — вясной і ўвосень. Іх называюць Троіцкія, Пятроўскія, Багатыя, Вялікія, Шчодрыя, Змітраўскія. Самымі галоўнымі лічацца восеньскія Дзяды — Асяніны.
Здаўна існуе павер’е, што ў першыя лістападаўскія дні на Зямлю вяртаюцца душы нашых продкаў. Яны чакаюць, што мы іх паклічам, вераць, што мы іх памятаем. І таму, магчыма, продкі заўсёды спрыяюць нам.
Сваім папярэднікам мы абавязаны жыццём, здароўем, уласнымі набыткамі. Трэба дзякаваць ім і прасіць прабачэння за тое, што ў будзённых клопатах часта забывалі пра іх. Гэтак жа прабачаліся нашы продкі і павінны рабіць тыя, хто прыйдзе пасля нас. Мы не маем права парушаць ланцужок гэтай адвечнай памяці і адвечнай традыцыі — у такім праяўленні памяці тоіцца высокая маральнасць нашых душ.
Чаму менавіта ў пачатку лістапада спраўляюць Асяніны? Верагодней за ўсё, што ў гэты час зямля, аддаўшы ўлетку ўсю сваю жыццядайную моц, “памірае”. Як “паміраюць” дрэвы, скідваючы сваю лістоту. Змаўкаюць галасы птушак. Як знікае дзень, пераходзячы ў доўгую начную цемру. У селяніна завяршаецца штогадовае земляробчае кола, і ён ужо не абцяжараны клопатамі пра сяўбу і ўраджай. Гаспадар верыць, што ў працы на ніве яму шчодра спрыялі продкі. А яшчэ надзялялі яго здароўем, апякалі род, ахоўвалі сям’ю. І вось прыйшоў час дзякаваць за ўсё гэта.
[embed]https://youtu.be/HUkCbmNgs40[/embed]
Дзяды — сямейнае свята. У гэтыя дні прынята хадзіць на могілкі, наводзіць парадак. Перад Дзядамі і ў час іх правядзення запальваюць свечкі і лампады, моляцца. У памінальны дзень гатуюць урачыстую вячэру, накрываюць сталы і ўзгадваюць усіх, хто пакінуў гэты свет і каму мы абавязаны сваім жыццём. “Святыя дзяды, просім вас, хадзіце да нас! — гэтак клікалі душы продкаў у дзядоўскі вечар у хату на ўрачыстую вячэру. — Святыя дзяды, просім за пачэсны стол!..” Пасля вячэры свечку, якая гарэла ўвесь гэты час, тушылі хлебнай скарынкай або бліном. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх — добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям’і нехта памрэ. У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў на стале да раніцы, бо лічылася, што душы продкаў будуць гасцяваць у доме ўсю ноч.
Шмат розных зваротаў гучыць у памінальны вечар. Багата сямейных звычаяў і традыцый, як адзначаць Асяніны. Дзяды даюць нам вострае і такое неабходнае адчуванне роду і Радзімы.