Свята музыкі – свята душы. Чэслаў Немэн збірае сяброў

Принёманский регион 16 сентября 19 1102
Свята музыкі – свята душы. Чэслаў Немэн збірае сяброў
Свята музыкі – свята душы. Чэслаў Немэн збірае сяброў

Штогод на малую радзіму спевака і кампазітара Чэслава Немэна з’язджаюцца прыхільнікі яго творчасці, каб разам у сценах простай сялянскай хаты паслухаць унікальны голас таго, хто тут рос, фарміраваўся як асоба і сваёй наватарскай музыкай праславіў васілішкаўскую зямлю,  пранікнуцца аўрай гэтых дзівосных мясцін, удыхнуць паветра, настоенае на водары яблыневых садоў. Загадчык клуба-музея Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта, як заўжды, шчыра і радасна сустракае гасцей, распавядае сямейную сагу працавітай сям’і Выджыцкіх, дзе вырас таленавіты музыка, прыводзіць цікавыя факты з біяграфіі сусветна вядомага кампазітара. Дый сам стагадовы дом выклікае непадробную цікавасць: яго будаваў дзед Чэслава ў 1918 годзе. У адной палове – сапраўдны этнаграфічны музей сялянскага побыту, у другой – усё так, як у маленстве ды юнацтве Чэсіка, калі быў ён дасціпным і цікаўным хлапчуком, які спяваў у касцельным хоры, цудоўна маляваў, фатаграфаваў і, канешне, здзіўляў сваімі музычнымі здольнасцямі.

nemen1_big.jpg

Сярод прысутных – група турыстаў з Гданьска, якія, наведваючы Беларусь, з задавальненнем завіталі на свята ў Старыя Васілішкі.

– Вы такія малайцы, што захавалі ўсё гэта, - гавораць Бярнадзя і Тадэвуш Квітэк. – Здаецца, добра ведаем творчы шлях Чэслава Немэна, але тут адкрываем і спасцігаем штосьці новае для сябе.
 
nemen2_big.jpgnemen3_big.jpg

Галерыст Ірына разам з мужам скульптарам-манументалістам Аляксандрам Сільвановічам прыехалі з Гродна, бо таксама цэняць атмасфернасць гэтага фэсту, магчымасць сустрэцца з цікавымі людзьмі і наведаць тутэйшую радню. Не мог не завітаць у гэты дзень на сваю малую радзіму і Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Віктар Мухляда, адклаўшы ўсе справы ў сталіцы. Прыехалі госці з Мінска, Баранавічаў, Ліды, Ваўкавыска, Шчучына, навакольных вёсак і аграгарадкоў, само сабой, далучыўся і мясцовы люд. 

Пасля інтэрактыўнай экскурсіі і прагулак па садзе, дзе госці частаваліся яблыкамі, фатаграфаваліся на любімым камяні Чэслава Немэна, знаёміліся з патэнцыялам новага турыстычнага кластара, што прэзентавалі гаспадары аграсядзіб, удзельнікі свята накіраваліся ў адзін з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі -- касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пасля святочнай імшы тут ладзіўся канцэрт класічнай музыкі. Яго падрыхтавалі ўдзельнікі струннага квартэта Гродзенскага музычнага каледжа.

nemen4_big.jpg

У другой палове дня свята “перанеслася” у аграгарадок Васілішкі. З-за ветранага надвор’я большасць каларытных падворкаў, што прадстаўлялі арганізацыі і прадпрыемствы Васілішкаўскага сельсавета, размясцілася ў Доме культуры і адпачынку. Вось тут майстры і гаспадынькі васілішкаўскай старонкі не пераставалі здзіўляць сваімі вырабамі і кулінарнымі шэдэўрамі, уменнем з густам і фантазіяй аформіць экспазіцыі, падзяліцца досведам і … рэцэптамі. Усіх гасцей шчодра частавалі яблычнымі і бісквітнымі прысмакамі, разнастайным печывам і яблычным сокам. На вышыні былі супрацоўнікі бібліятэк, педагогі, работнікі мясцовай бальніцы і лясгаса, ААТ “Васілішкі”… Зрэшты, нават кампетэнтнаму журы аказалася не па сіле вызначыць самых-самых, а таму арганізатары ўсіх 11 падворкаў атрымалі падзякі.

nemen5_big.jpgnemen6_big.jpgnemen7_big.jpgnemen8_big.jpg

Тым часам канцэртная зала сабрала гледачоў. Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта выказала гонар за нашага таленавітага земляка, які стаў чалавекам-легендай, шчыра павіншавала ўсіх са святам музыкі Чэслава Немэна і пажадала, каб гэта благаславёная зямля і далей расквечвалася маладымі талентамі.

nemen18_big.jpg

Сярод ганаровых гасцей -- старшыня папячыцельскага савета клуба-музея, аўтар сцэнарыя фільма “Чэслаў Немэн. Дзіўны гэты свет” Вера Юр’еўна Савіна. Яна запрасіла на сцэну сваіх сяброў-аднадумцаў – прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі, кожны з якіх зрабіў свой унёсак у тое, каб музей у Старых Васілішках быў напоўнены цікавымі, а часам і ўнікальнымі экспанатамі. Сярод гэтых слаўных людзей -- дырэктар мотаклуба НОG МІNSК СНАРТЕR Аляксей Адаранка, пісьменнік і журналіст Дзмітрый Падбярэзкі, старшыня нацыянальнага камітэта Міжнароднага савета музеяў ІСОМ Таццяна Бембель, скульптар і фотамастак Яўген Колчаў… Увогуле свята музыкі Чэслава Немэна сабрала цэлае сузор’е яркіх асоб.
img_4813_novyy_razmer.jpg

 

Былі ў пашане і мясцовыя жыхары. Вядучыя запрасілі на сцэну равеснікаў Гродзенскай вобласці – 75-гадовых юбіляраў. Старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Іванаўна Зубрыцкая пад дружныя апладысменты публікі павіншавала іх са слаўнай датай, а старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Ніна Пятроўна Ліпская ўручыла падарункі.

nemen12_big.jpg

Кульмінацыяй свята стаў конкурс вакалістаў, прысвечаны малой радзіме. Дар’я Васілеўская, Алена Ляпеша і Валянціна Страчынская з аграгарадка Васілішкі, Аляксандр Жыгуноў з Нясвіжа, Сяргей Лагунскі і народны вакальна-інструментальны ансамбль “Вольны стыль” з Ваўкавыска на суд журы і слухачоў прапанавалі па адной кампазіцыі з рэпертуару Чэслава Немэна і беларускую песню, што адпавядала тэматыцы конкурсу. Праграма атрымалася цікавай і насычанай, а ўсе канкурсанты былі на вышыні. Аднак лаўры пераможцы дасталіся спеваку з непаўторным вакалам Аляксандру Жыгунову.

Канцэрт працягваў мінскі гурт “Хуткая дапамога”. Яго выступленне на нейкі момант перарвалі юныя спартсмены. У рамках свята, прысвечанага Чэславу Немэну, ладзіўся фестываль дваровага футболу, у якім удзельнічалі пяць камандаў. Трэнер футбольнай школы “Авіятар” Антон Паўлавіч Акрамешка ўручыў удзельнікам узнагароды, а лепшай па выніках гульняў нечакана для ўсіх аказалася каманда … матуль футбалістаў.

Свята атрымалася на славу. Працаваў гандаль, дзейнічалі атракцыёны для дзяцей, ладзілася выстава творчых работ “Яго жыццё – музыка”.

nemen13_big.jpgnemen14_big.jpg

 -- Мы маем намер пашыраць межы гэтага мерапрыемства, -- падзялілася планамі А.В. Пасюта. – Магчыма, ужо на наступны год гэта будзе міжнародны фестываль, куды з’едуцца аматары музыкі Чэслава Немэна не толькі з Беларусі, але і Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы і іншых краін.
Сапраўды, імя нашага земляка прыцягвае людзей добрай волі з усіх куточкаў планеты. У гэтым можна пераканацца, перагарнуўшы старонкі музейнай Кнігі водгукаў, дзе свае запісы пакінулі турысты з Кітая, Камеруна, ЗША, Англіі і многіх іншых краін свету. Сёлета, да прыкладу, у клубе-музеі Чэслава Немэна пабывалі ўжо каля сямі тысяч гасцей.

 

nemen15_big.jpgnemen16_big.jpgnemen19_big.jpg