Купала на мангольскай мове, Багдановіч на карэйскай і магчымы аўтар Жыровіцкага Евангелля: міжнародны складнік Дня пісьменства

Принёманский регион 30 августа 19 775
Купала на мангольскай мове, Багдановіч на карэйскай і магчымы аўтар Жыровіцкага Евангелля: міжнародны складнік Дня пісьменства
6dd24c05277e2836b4847900da0f1297

Па традыцыі ў свяце Дня беларускага пісьменства ўдзел прымаюць не толькі нашы літаратары, але і творцы з-за мяжы.
Адна з галоўных падзей, якая іх аб’ядноўвае – міжнародны круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Пройдзе ён 31 жніўня ў Жыровічах. Удзельнікі – з дзесяці краін свету, у тым ліку госці з Азербайджана, Сербіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Украіны, Кітая і іншых дзяржаў. Многія – добра вядомыя асобы. Да прыкладу, у Слонім завітае народны пісьменнік Азербайджана Чынгіз Абдулаеў. Многія, пэўна, ведаюць імя творцы і нястомнага падарожніка-даследчыка з Польшчы Яцэка Палкевіча. Гэта ён ажыццявіў падарожжа праз Атлантычны акіян у выратавальнай шлюпцы, быў кіраўніком экспедыцыі на верблюдах праз Сахару, заснаваў першую ў Еўропе Школу выжывання. І пра ўсё гэта распавядаў чытачам.

 

– Удзел у круглым стале прымаюць не толькі добра вядомыя літаратары. Імкнемся, каб сярод гасцей у першую чаргу былі асобы. Па-другое, тыя, хто неабыякавы да Беларусі і зацікаўлены ў пашырэнні міжнародных літаратурных стасункаў. Гэта важна для прапаганды беларускай літаратуры ў свеце, – адзначыў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак.

 

У гэтым сэнсе такія сустрэчы даюць свой плён. Да прыкладу, санеты Янкі Купалы не так даўно былі перакладзены і пабачылі свет на мангольскай мове. На татарскай выйшла анталогія беларускай паэзіі, куды ўвайшлі творы розных часоў – ад Скарыны да нашых сучаснікаў. У Сербіі плануецца выданне кнігі беларускай паэзіі. У Карэі, мяркуецца, пабачыць свет зборнік твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Дарэчы, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі.

 

У гэты ж дзень у СШ №5 райцэнтра навукоўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Слонімшчыны, збярэ навукова-практычная канферэнцыі “Слонімскія чытанні”. У праграме – больш за 25 дакладаў па мовазнаўстве, літаратуры, археалогіі, якія пральюць свет на невядомыя дагэтуль старонкі слонімскай гісторыі. Удзел прымаюць навукоўцы, краязнаўцы, а таксама мясцовыя настаўнікі і вучні.

34b230ec0113f556df99f95eece15c0f.jpg


– Будзе шмат цікавых дакладаў. Да прыкладу, Слонім – выбітны з моўнага пункту гледжання, і асобнае даследаванне якраз тычыцца асаблівасцей мясцовай гаворкі. Будуць прадстаўлены вынікі даследаванняў па назвах раёна, спецыфіцы мясцовых прозвішчаў, – анансаваў дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Ігар Капылоў. 

 

Таксама можна будзе даведацца шмат цікавага пра напісаныя татарскай вяззю, але беларускай лексікай кітабы, якія былі створаны на Слонімшчыне. Паспрабуюць даследчыкі адказаць на пытанне, хто ж з’яўляецца аўтарам Жыровіцкага Евангелля.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік дакладаў.