Жыццё віруе на Лясной (Фота, Відэа)

Социальная сфера 27 августа 19 1652
Жыццё віруе на Лясной (Фота, Відэа)
изображение_viber_2019-08-25_21-39-11

У мінулую нядзелю гуло наваколле ў аграгарадку Пагародна. Тут зладзілі свята вуліцы Лясная.

Сямнаццаць яе двароў маюць дбайных гаспадароў. Заўсёды чысценькія, утульныя. Ды калі людзі даведаліся пра свята, палічылі: раз госці прыйдуць — трэба яшчэ больш прыкласці руку. І ўзяліся — адны за косы, другія за венікі. Гаспадынькі прыглядзеліся: чагосьці не хапае! І прынеслі лепшыя дываны, ручнікі, ходнікі… На платы павывешвалі — любата! А ў Таццяны Кіроль столькі рэчаў, звязаных кручком і пруткамі, набралася, што хапіла на цэлую выставу.

изображение_viber_2019-08-25_21-42-46 изображение_viber_2019-08-25_21-44-11 изображение_viber_2019-08-25_21-43-13

Радасць фэсту з бацькамі раздзялілі дзеці, якія пакінулі роднае гняздо. Таленавітая Надзея Маркевіч, вядучая праграмы “Надзея на сяло” канала “Беларусь 4” прыехала не адна, а са “сваім” Васілём. І ад душы павесяліла сваіх землякоў. А яны ўсе як на падбор. Адмысловы рыбак — Міхаіл Дзям’янчанка. Любая справа спорыцца ў Івана Адамоніса, Юрыя Вашкевіча, Аляксандра Радзевіча. Яны не толькі цвік у сцяну забіць умеюць! Гаспадарка іх — слаўная, хаты ўласнымі сіламі ўзвялі. Хто б ні ішоў ля двара Вольгі Астравух, заўжды прыпыніцца. І шматлікімі краскамі палюбуецца, і параду, як такую прыгажось вырасціць атрымае. Няблага здарожанаму адпачыць у засені дрэваў у бяседцы Івана і Галіны Філонаў. А якія тарты і мясныя стравы выпякаюць Іна Радзевіч і Тарэса Карвель!..

изображение_viber_2019-08-25_21-45-41 изображение_viber_2019-08-25_21-43-38 изображение_viber_2019-08-25_21-40-17

Шанавалі не толькі гэтых здольных землякоў. Не забыліся пра самага сталага і малодшага жыхароў Лясной. Семдзесят дзявяты год пайшоў Марыі Вікенцьеўне Чайцы, а Ульяне Серафімцы толькі тры годзікі. Словы падзякі за добра выгадаваных дзяцей атрымала шматдзетная мама Ірына Жукоўская. Вартая ўвагі і маладая сям’я Валерыя і Таццяны Серафімкаў. Галава сям’і дарабіў даўнюю справу бацькі — дабудаваў дом.

Хораша адпачывалі дружныя суседзі. Разам спалілі пудзіла злога суседа, каб ніколі не пасяліўся на іх Лясной і не сапсаваў лад і згоду, якія з даўніх часоў жывуць тут.

изображение_viber_2019-08-25_21-42-07 изображение_viber_2019-08-25_21-40-59 изображение_viber_2019-08-25_21-44-36

У знак падзякі за цудоўны фэст Юрый Вашкевіч падараваў у музей мясцовага цэнтра культуры і народнай творчасці драўляныя дзежы, у якіх колісь яго бабуля рашчыняла цеста.

Screenshot_2

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Пагародзенскага ЦКіНТ.