Выпраўляла маці сына ў салдаты… Народным песням і традыцыям далі слова падчас пятага дня Тыдня культуры ў Пагародне (Фота, Відэа)

Год малой родины 21 августа 19 2108
Выпраўляла маці сына ў салдаты… Народным песням і традыцыям далі слова падчас пятага дня Тыдня культуры ў Пагародне (Фота, Відэа)
1C9A2107

Безліч песень і абрадаў ад бабуляў і дзядуляў занатавалі работнікі мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Каб не зніклі, захаваліся нашчадкам. Ужо многа год яны стукаюцца ў дамы вяскоўцаў з багатай вялікоднай праграмай. Ды валодаюць яны большым фальклорным багаццем. У гэтым пераканаліся журналісты раёнкі, якія апынуліся на “провадах у войска”. Вельмі таленавіта паказалі абрад работнікі культуры і іх сябры — Міхаіл Жук, Генаефа Пашкелевіч, Яраслаў Лазоўскі, Марта Ладыш. На жаль, гледачоў было зусім небагата. А хацелася б, каб абрад убачыла шырокае кола землякоў. Мо, было б дарэчы перад асеннім прызывам будучым салдатам паказаць, як колісь збіраліся ў войска іх аднагодкі...

1C9A2111 1C9A2119 1C9A2121

У вясковай хаце завіхаецца матуля Ганначка. Сёння ёй выпала развітацца з сынам — адправіць яго ў войска. Час ад часу слёзы выступаюць на яе вачах: перажывае, як пойдзе служба ў яе Юрачкі. Суседкі, якія прыйшлі правесці юнака ў армію, супакойваюць жанчыну, цікавяцца, ці ўсё, як належыць па даўняму звычаю, выконвае.

Аб усім паклапацілася маці: і сына з сябрамі ў касцёл адправіла, каб з Богам пайшоў у войска, і запрасіла бабулю-павітуху, якая хлопца першай на руках трымала, спавівала. Калі ж Юрачка вярнуўся дадому з касцёла, Ганначка пачаставала яго хлебам, што спякла ў дарогу, — на доўгую памяць аб роднай хаце.

Доўга маркоціцца маці было не да твару — гасцей поўная хата. Рассадзіла ўсіх, як належыць: сына — на покуце, хрышчоных і бабку-павітуху на пачэсным месцы — з правага боку, а з левага, дзе сэрца б’ецца, — дзяўчыну, за ёй прыселі і ўсе астатнія. Бабка-павітуха прынесла святую ваду. Тройчы ёю абнесла юнака, каб ніякая бяда не чаплялася б да яго. А на дарогу — трэба і падарыць. Галоўнае, грошы, каб меў рубель на канверт і дасылаў родным лісты. Ад дзяўчыны — “платочак, каб часцей ім уціраўся і з ёю вітаўся”, ад Ганначкі — вышываны доўгімі вечарамі ручнічок разам з мацярынскай пяшчотай і любоўю.

[embed]https://youtu.be/_Oi-XX_x3rM[/embed]

А вось і час развітання. Хрышчоны і маці блаславілі Юрачку на бездакорную службу і, як заведзена здаўна, разам з гарманістам правялі праз усю вёску аж да крыжа.

1C9A2129 1C9A2146 1C9A2156 1C9A2166 1C9A2167 1C9A2169

Пакуль юнака прывячалі, колькі цудоўных песень праспявалі! Былі і такія, што вядомы толькі ў пагародзенскай ваколіцы. Песенную эстафету перахапілі ўдзельніцы фальклорнага гурта “Крынічка”. Хораша ліліся песні ў Станіславы Вікенцьеўны Міхно і Гэлены Янаўны Грыгелевіч, не горш у іх ішла і праца за ткацкім станком ды калаўротам. Не ўтрымалася і я з калегаю Вольгаю Мялько — апрабавалі гэтыя прылады працы. Скажу шчыра, патрэбен ні адзін дзень, каб засвоіць іх “сакрэты”. І па-майстэрску авалодаць любімай справай гэтых цудоўных жанчын.

1C9A2172

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.