Турыстычнымі сцежкамі воранаўскага краю
Маршрут “Сцежкамі кахання Адама Міцкевіча” ляжыць па аграгарадках Больцінікі і Беняконі. Маёнтак Путкамераў, парк ХІХ стагоддзя, так званы “Марылін Гаёк” у Больцініках да сённяшніх дзён захавалі гісторыю кахання, рамантычных спатканняў і горыч расстання знакамітага паэта Адама Міцкевіча і яго музы — Марылі Верашчакі, графіні Путкамер. Дарэчы, у 2012 годзе былое ўладанне Путкамераў трапіла “пад прыцэл” кінематографа. Тут здымалася шматсерыйная кінастужка “Вангелія” рэжысёра Сяргея Барчукова. Больцініцкі маёнтак па стылістыцы і знешняму выгляду вельмі падобны на дом для сляпых у Балгарыі, дзе колісь вучылася знакамітая прадказальніца Ванга.
Невыпадкова ў маршрут трапіў і касцёл Святога Іаана Хрысціцеля ў Беняконях. Ля святыні пахавана графіня Путкамер.
На турыстычным маршруце “Зямля, што нас узгадавала” гасцінна сустракае нацкая зямля, якая дала свету сапраўднае суквецце гістарычных асобаў!
Тут нарадзіліся вядомы навуковец, гісторык, пачынальнік навуковай археалогіі ў Заходняй Беларусі Вандалін Шукевіч, інжынер, археолаг, фалькларыст, краязнаўца, літаратар, паэт, гісторык, знаўца 9 еўрапейскіх моў Тэадор Остык-Нарбут, а таксама яго сын — кіраўнік паўстанцкага атрада Лідскага павета (1863г.) Людвік Нарбут.
Да сённяшняга дня захаваліся нямыя сведкі таго, што гэтыя людзі жылі на нацкай зямлі, — радавая пахавальня Шукевічаў, памятны камень у гонар паўстанцаў 1863-1864гг., магіла Т. Нарбута ля касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі.
“Дарогаю продкаў” прапаноўвае крочыць Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці. Той, хто праяўляе інтарэс да народных промыслаў, атрымае шыкоўную магчымасць пабываць на майстар-класе “Навучыла мяне маці на кроснах ткаці” народнага майстра С.В. Міхны, пазнаёміцца з вырабамі пагародзенскіх умеліц у музейным пакоі Цэнтра. У аг. Пагародна прыемна будзе прайсціся па парку ХVІІІ стагоддзя, дзе раней знаходзіўся маёнтак генерала, удзельніка руска-японскай і Першай сусветнай войнаў Кіпрыяна Кандратовіча і дзе спачывае прах яго дачкі Веры Рэйней. Ступіўшы на пагародзенскую зямлю, абавязкова трэба выкарыстаць шанец пабываць у касцёле Святога Георгія ў в. Асава, каб паслухаць гучанне старажытнага аргана.
У Воранаўскім раёне развіваецца і аграэкатурызм. Пяць аграсядзібаў: “Салаўіная песня”, “На Жыжме”, “Ё-маё”, “Nona”, “Барыш” — чакаюць тых, хто любіць зліцца з прыродай.
Варта прайсціся “Па старонках гісторыі Радуні”. Каларытнай постаццю гэтага населенага пункта з’яўляецца духоўны лідар яўрэйскага народа Ісраэль Меір Акоэн (1838-1933), больш вядомы як Хафец Хаім. Ён стварыў у 1869 годзе Радунскую іешыву (цяпер тут знаходзіцца Цэнтр нацыянальных культур). Яна мела славу лепшай ва Усходняй Еўропе. Можна наведаць сам цэнтр, яўрэйскія могілкі, дзе пахаваны мудрэц, а таксама касцёл Маці Божай Ружанцовай, магілу ахвяр фашызму, а ў в. Гарадзішча, непадалёку ад Радуні, — гарадзішча перыяду Сярэднявечча.
Два гады назад на тэрыторыі мясцовай сярэдняй школы з’явіўся другі ў Беларусі арыгінальны музей ледніковых валуноў пад адкрытым небам. Ён стаў своеасаблівым ландшафтным музеем Воранаўскага раёна.
Турыстычны маршрут “Вечной памяти верны” (аг. Тракелі-в. Барташуны-г.п. Воранава) раскажа пра знакавыя месцы раёна, дзе пакінулі глыбокі след падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Нашчадкі не забылі баявы подзвіг Героя Савецкага Саюза А.І. Канарчыка, кавалера 4-х ордэнаў Славы, Ганаровага грамадзяніна Воранаўскага раёна Ц.Я. Літоўчыка і іншых герояў той вайны.
Абавязкова зайдзіце ў касцёл Наведвання Маці Божай. Тут знаходзіцца вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі цудатворны абраз Маці Божай з дзіцяткам Ісусам на руках. Абраз уцалеў падчас пажараў, якія двойчы ўшчэнт знішчалі касцёл. Кожны год у пачатку ліпеня дзясяткі тысяч паломнікаў з усёй Беларусі ідуць сюды, каб прасіць у Дзевы Марыі дапамогі і выздараўлення.