На Воранаўшчыне кола сяброўства стварылі шматлікія саматканыя ручнікі

Социальная сфера 29 июля 19 2411
На Воранаўшчыне кола сяброўства стварылі шматлікія саматканыя ручнікі
1У аграгарадку Місявічы кола сяброўства стварылі шматлікія саматканыя ручнікі. У нядзелю тут адбылося традыцыйнае брэндавае мерапрыемства.

Уладароў тайн Сусвету трэба шукаць не ў сакрэтных звышсучасных лабараторыях, а ў маленькіх і аддаленых ад шумных магістралей нашых вёсках, лічаць арганізатары свята. Менавіта тут у некаторых хатах, расчыніўшы куфар, можна знайсці “сведкаў” даўніны. Літары і формулы, генетыка зямлі і роду — на ільняных палотнах, у арнаментах ручнікоў. 

2

Самыя першыя веды пра дыялог чалавека з прыродай нашы продкі пачалі пакідаць на тканінах не менш за пяць-сем тысячагоддзяў таму. Знакі родавай памяці беларускія прашчуры перадавалі нашчадкам мовай геаметрычных фігур. Квадрат ці ромб — знак зямлі, хлебнага поля. Звычайны крыж — знак агню. Лінія-хваля — вада.

3

4

— Ручнік і вышыванка суправаджалі любую падзею ў жыцці чалавека: ад нараджэння да смерці, — распавяла падчас прэзентацыі ручнікоў з Больцішак, Доцішак, Гірак, Місявіч і іншых населеных пунктаў вядучая мерапрыемства. — Нараджалася немаўлятка, і маці вышывала на сваім фартушку сонейка ці палосачку — па колькасці такіх фігурак людзі без усялякіх тлумачэнняў бачылі і разумелі, наколькі шматдзетная гэтая жанчына. Наступаў шлюб — на парозе дома маладых сустракалі з хлебам на ручніку, які быў вышыты абавязкова чырвоным колерам — сімвалам жыцця. Пасля вяселля свякроў адзявала нявестцы фартушок, а на ім — узоры менавіта іх сям’і. Так абазначалася, што дзяўчына пераходзіць ва ўладаранне іншых традыцый, другога роду. І на смерць, калі чалавек у вёсцы паміраў, на крайнюю шыбу вывешвалі беласнежны ручнік. Так суседзі здагадваліся: у гэты дом прыйшла бяда і трэба ісці дапамагаць адправіць чалавека ў апошні шлях. Труну ў яму таксама апускалі на доўгім ручніку. Ён быў чыста белы, але краі, за якія трымаліся мужчыны, былі з чырвонымі ўзорамі — нібыта абаранялі жывых ад улады смерці.

5

Усё гэта павінны хаця б ведаць наступныя пакаленні. І моладзь па-свойму зараз трактуе моду на вышыванкі. Авангардныя касцюмы з выкарыстаннем ручнікоў зацікавілі не адну місявіцкую модніцу. А бабулі пахвалілі гучнымі апладысментамі такі арыгінальны падыход унучак.

Свята прадоўжылася канцэртнай праграмай працаўнікоў сферы культуры, аматараў музычнай творчасці Воранаўшчыны і суседзяў з Іўя. І вяскоўцы не прамінулі выкарыстаць выхадны дзень і цудоўную кампанію, каб патанцаваць. Дзятва ж, як заўжды, гарэзавала на батутах і ласавалася салодкім попкорнам.

Галіна Шлемпа.

Фота аўтара.

IMG_5161 IMG_5162 IMG_5168 IMG_5183 IMG_5196 IMG_5216 IMG_5231 IMG_5232 IMG_5238 IMG_5240 IMG_5241 IMG_5270 IMG_5275 IMG_5276 IMG_5284 IMG_5290 IMG_5295 IMG_5317 IMG_5319 IMG_5320 IMG_5323 IMG_5326 IMG_5334 IMG_5343 IMG_5349 IMG_5358