Вёска, апаленая вайной

Вёска, апаленая вайной
dav dav


Невялічкая вёска Пасека-Дварчаны размяшчаецца ў Забалацкім сельсавеце. Сваю гісторыю яна вядзе з 1897 года. Цяпер яна налічвае 21 жыхара. А ў 1940 годзе, як сведчыць кніга “Памяць”, тут пражывала 154 чалавекі. Былі ў лёсе вёскі радасныя моманты. Звязаны яны з адкрыццём школ: у 30-х гадах мінулага стагоддзя — польскай, а ў 1940-м — беларускай. На жаль, не абышла бокам і азмрочыла жыццё вяскоўцаў фашысцкая навала. 26 кастрычніка 1943 года ўвайшоў у гісторыю вёскі, як самы жудасны дзень…

Трагедыя Пасекі-Дварчанаў


Фашысты акружылі вёску. Па ёй пайшла пагалоска, што спаляць Пасеку-Дварчаны разам з людзьмі. Падставай паслужыла ці забойства партызанамі нямецкага салдата, ці перастрэлка фашыстаў з салдатамі Арміі Краёвай пад Гудзінішкамі. Жыхароў нямецкія салдаты сагналі на ўскрай вёскі, загадалі капаць ямы. Чаканне смяротнага пакарання доўжылася суткі — павінен быў прыехаць афіцэр з Сабакінцаў (цяпер аг. Першамайск Шчучынскага раёна). На той раз абышлося — па загаду афіцэра ўсіх адпусцілі. Ды крывавая расправа ўсё ж адбылася. Вось што аб ёй успаміналі жыхары Пасекі-Дварчаны (з запісаў у гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына” Забалацкага НПК):

Франц Родзік: “Немцы праз солтыса Бугатка даведаліся, што многія члены нашай сям’і звязаны з партызанамі, рашылі зрабіць аблаву на хутар”.

“У той дзень мы знаходзіліся ў лесе недалёка ад хутара, сядзелі ў засадзе. Здалёк даносіліся выстралы, было трывожна, ніхто не ведаў, што здарылася. Бачым, бяжыць сястра з пляменніцай і свішча па-ўмоўленаму, я адклікнуўся. Пайшоў насустрач і пытаюся: “Аня, што здарылася, за табой няма фашыстаў?” “Няма, — адказала яна, — няма! Маму, мамачку…” — і я ўсё зразумеў”.

Ганна Родзік (Засценчык): “Сярод забітых і спаленых магла быць і я. Разам з іншымі была я палонніцай таго гумна. Калі ў двары раздаліся аўтаматныя чэргі — гэта забівалі мужчын, мама крыкнула, гледзячы на мяне і маю пляменніцу Владзю: “Ратуйцеся!” Мы з малышкай кінуліся ў загарадку з мякінай і акунуліся ў яе з галавой. Тут над нашым сховішчам прасвісцелі кулі. Праз некалькі хвілін усё сціхла. Наступіла мёртвая цішыня. У паветры пахла парахавым дымам. У галаве прамільгнула: “Трэба бегчы”. Выскачыла з гумна. Убачыла маму, якая абхапіла рукамі ўнука, побач — лужыну крыві. Яны былі мёртвымі. Мы кінуліся ў выратавальны лес. А маленькая пляменніца ўсё плакала і пыталася: “Чаму мы пакінулі бабулю?” Не разумела бедная, што бабулю яна больш ніколі не ўбачыць”.

Юзэф Клімашэўскі: “Я ў дзесяцігадовым узросце ў кастрычніку 1943 года застаўся без маці і бацькі, трох братоў і дзвюх сясцёр. Сам пры расстрэле быў паранены ў руку, раздрабіла вялікі палец. Маці, падаючы, прыкрыла мяне сваім целам. Не памятаю, як я ўвесь акрываўлены трапіў да сваёй цёткі ў вёску Дзеткі”.

26 кастрычніка дзяцей і жанчын забілі ў гумне, а мужчын — на падворку. У наступны дзень мужчынскія трупы зацягнулі ў гумно да іншых і падпалілі. Пазней астанкі спаленых пахавалі. Жанчын з дзецьмі — у адной магіле, а мужчын — у другой. Некалькім падлеткам удалося ўратавацца.

Колькі ў той страшны дзень расстралялі людзей, крыніцы падаюць розныя звесткі. Юны даследчык з Забалаці Вадзім Мар’янскі ўпэўнены, што іх было сямнаццаць. Аб гэтым яму расказала жыхарка Пасекі-Дварчанаў Генавефа Мацвееўна Андрушкевіч. Стала вядома, што побач з ахвярамі фашызму пахаваны Ежы Антонавіч Родзік, якога ў маі 1944 года ля Васілішак Шчучынскага раёна немцы расстралялі з аднавяскоўцам Іванам Осіпавічам Фірыновічам. Апошні быў падпольшчыкам, пахаваны ў Забалаці.

8 мая 1983-га, у саракагоддзе крывавай трагедыі, па ініцыятыве воранаўскіх камсамольцаў, на месцы жудасных падзей быў устаноўлены абеліск з чорнага мармуру з зоркай у вугле. На ім напісаны словы: “Партызанскай сям’і, загінуўшай ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, ад камсамольцаў і моладзі раёна”.

Трагедыю вёскі Пасека-Дварчаны і яе жыхароў не забываюць землякі. Штогод схіляюць галовы ў знак павагі і памяці ля магілы ахвяр фашызму. А слаўнае партызанскае мінулае сям’і Родзікаў даследуе не адно пакаленне вучняў Забалацкага НПК, каб пра іх ведалі нашчадкі.

1 4

Партызанская сям’я


У вёсцы Пасека-Дварчаны жыла вялікая і дружная сям’я Родзікаў, дзе выхоўваліся шасцёра дзяцей. Бацька Антон Францавіч быў выхадцам з вёскі Тур’я Шчучынскага раёна, купіў некалькі дзесяцін хваёвага лесу і старую хату ў мясцовага лесніка. Ён актыўна ўдзельнічаў у працэсе стварэння органаў савецкай ўлады на Забалаччыне. Восенню 1940 года замест былой гміны выбаршчыкі сфарміравалі Забалацкі сельскі Савет дэпутатаў. У гэтым жа годзе яго дачка Зоя стала старшынёй Забалацкага сельсавета, яна разам з братамі Францам і Антонам уступіла ў камсамол. Сям’я Родзікаў у ліку першых уступіла ў калгас “Інтэрнацыянал” з цэнтрам у  Забалаці былога Радунскага раёна.

З успамінаў Франца Родзіка: “Калгасу далі тры трактары ХЗС, НАЦІ, “Універсал”. Для работы на іх патрабаваліся спецыялісты”.

Першымі трактарыстамі сталі Марыя і Франц Родзікі, Зоя Кодзіс, Сяргей Конан, Таццяна Навакоўская, Іван Сідлярэвіч. Трое перадавікоў калгаса атрымалі ўзнагароду за высокія паказчыкі — пуцёўкі на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў г. Масква. Сярод іх — першая жанчына-трактарыстка Марыя Павядайка (у дзявоцтве Родзік).

image055

Мірны ўклад жыцця парушыла Вялікая Айчынная вайна. На трэці яе дзень, 24 чэрвеня 1941 года, мотарызаваныя нямецкія часці ўварваліся ў мястэчка Забалаць. Акупанты ўстанавілі “новы парадак”. Ім дапамагалі здраднікі Стацкевіч, Каплун і іншыя.

Неспакойныя дні пачаліся ў савецкай сям’і Родзікаў. Антон Францавіч адправіўся на Шчучыншчыну. Жыў у вёсцы Тэйкоўшчына, працаваў на млыне аж да вызвалення Радунскага раёна. Тры браты — Ежы, Антон і Франц — былі арыштаваны. Іх адвязлі ў камендатуру ў Забалаць. На працягу некалькіх дзён юнакоў дапытвалі, але затым адпусцілі. Немцы зацікавіліся іх сястрой Марыяй як савецкай актывісткай. Выклікалі яе на допыт у мястэчка Радунь. Вярнулася ледзь жывой. Пасля гэтага пайшла ў партызанскі атрад.

Падчас вайны Зоя Родзік знаходзілася на тэрыторыі былога Васілішкаўскага раёна, была сувязной спецгрупы “Дружба”, што дзейнічала ў Дзятлаўскім і Шчучынскім раёнах. Даводзілася дзяўчыне ўдзельнічаць і ў баявых аперацыях. Часта дастаўляла ў спецгрупу зброю. Аб чым і сведчыць запіс з успамінаў Зоі Антонаўны: “Мы з маладым партызанам на падводзе ў спецгрупу вязлі зброю. Баявыя прыпасы былі закрыты на возе саломай, наверсе ляжаў плуг. На чыгуначным пераездзе ля станцыі Ражанка нас затрымалі немцы. Але, на шчасце, не сталі правяраць падводу”. За выкананне гэтага задання партызан узнагародзілі медалямі “За адвагу”.

 Ежы Родзік знаходзіўся на Шчучыншчыне, быў здольным сувязным. Яго цанілі партызаны з брыгады Ленінскага камсамолу. Антон Родзік стварыў падпольную групу, членам якой быў яго брат Франц. Яны збіралі для партызан зброю, прадукты харчавання, медыкаменты, паведамлялі неабходную інфармацыю, дапамагалі пры перапраўцы да партызан фельчара, указвалі дарогу яўрэям, што беглі з гета, якое знаходзілася ля вёскі Васілішкі.

У 1943 годзе з разрозненых груп быў створаны партызанскі атрад імя Катоўскага. Сувязнымі яго стала сям’я Родзікаў. Маці Станіслава Аляксандраўна і малодшыя дзеці пяклі хлеб, сушылі абутак і адзенне партызан, якія ноччу вярталіся з баявога задання. Вядома, што Франц Родзік з 1943 года знаходзіўся ў атрадзе імя Катоўскага брыгады Ленінскага камсамолу, а з 1944-га — у атрадзе імя Ванды Васілеўскай. Разам з ім у партызанскім руху ўдзельнічала сястра Ганна. У гэтым годзе байцам атрада, у якім яны ваявалі, давялося вытрымаць жорсткі бой з немцамі ля вёскі Новы Двор Шчучынскага раёна. У чэрвені партызаны ўзарвалі цягнік з нямецкай тэхнікай паміж станцыямі Скрыбаўцы і Жалудок. У ліку падрыўнікоў быў радавы партызан Франц Родзік, якога ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Пазней — ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Падчас партызанскай дзейнасці медаль “За адвагу” атрымала і яго сястра Марыя.

1C9A3285

Р.S.У Воранаве жывуць два нашчадкі гераічнай сям’і, унукі славутых Родзікаў — Віктар Францавіч і Уладзімір Францавіч Родзікі.

Марына КАНДРАТОВІЧ, Фаіна ВОЙШНІС,

загадчыца гісторыка-этнаграфічнага музея “Спадчына”,

Вадзім МАР’ЯНСКІ,

вучань Забалацкага НПК.